Заканчэнне вучобы ў школе, інстытуты - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Заканчэнне вучобы ў школе, інстытуты
Заканчэнне вучобы ў школе, інстытуты
Адпраўляючыся на шпацыры па найбліжэйшых кварталах Мінска, дзеці адкрывалі для сябе новыя аб'екты, якія, нібы грыбы, вырасталі ў горадзе.      Аднойчы, пасля вяртання з музычнай школы Таня прамовіла:
     – На вуліцы Харкаўскай штосьці будуюць, але гэта не жылы дом, – паведаміла яна брату і бацькам.
     – Там будзе новы кінатэатр, я даведваўся, – адказаў Коля.
     А праз паўгода дзеці ўсёй чарадой несліся пешшу на адкрыццё "Сучасніка", каб ацаніць яго і паглядзець у вялікай зале новы цікавы фільм.
     – Мама! Ты бачыла, які прыгожы мікрараён вырас за Кальварыйскімі могілкамі? – неяк вярнуўшыся са шпацыру, сказаў Коля. – І вуліца шырокая, нават плошчу пасярэдзіне зрабілі.
     – Гэта Пушкінскі праспект, – адказала мама. – Там атрымала добрую кватэру мая знаёмая.
     – Лепшую за нашу?
     – Так, лепшую, – сказала мама.
     Вядома, было трохі зайздросна тым людзям, якія ўсяляліся ў новыя кватэры пазней за іх. У Мінску ў той час ужо не будавалі "хрушчовак", а кватэры ў новых дамах былі больш прасторнымі і зручнымі.
     У канцы 60-х гадоў горад разрастаўся ў розныя бакі. Людзі засяляліся ў новабудоўлі, будаваліся кінатэатры, тэатры, высаджваліся маладыя дрэвы на бульварах, у скверах і парках, каб у не такой ужо далёкай будучыні радаваць мінчан і гасцей сталіцы цяністымі алеямі.
     Гэта была вялікая праца архітэктараў і будаўнікоў. Яны вельмі любілі свой родны горад і з вялікім запалам працавалі – планавалі, будавалі, адраджаючы з попелу шматпакутны Мінск.
     – Мама! Сёння я ездзіў з сябрамі на Мінскае мора, – неяк увечары паведаміў Коля.
     Хлопец быў ужо цалкам самастойным, каб адкрыць для сябе і сваёй сям'і гэта выдатнае месца для адпачынку за горадам на прыродзе. У бацькоў, цэлымі днямі занятых справамі, яшчэ не было досыць часу для гэтага. Але бацька ведаў, што ў дзесяці кіламетрах ад горада ў пяцідзесятых гадах пабудавалі плаціну на рацэ Свіслач. Рака разлілася, утварыўшы вялікае Заслаўскае вадасховішча, празванае людзьмі Мінскім морам.
     – І я хачу паглядзець на яго, звазі мяне на мора, калі ласка, – папрасіла сястра.
     – Паедзем заўтра на электрычцы, – паабяцаў Коля.
     – Ура! – узрадавалася Таня.
     У той час, у сярэдзіне 60-х гадоў, да Мінскага мора ўжо можна было дабрацца не на цеплавозе, а на электрычцы. Людзі, асабліва дачнікі, былі вельмі задаволены такому тыпу транспарта, а моладзь з задавальненнем ездзіла на мора купацца і загараць. Якім жа прыемным сюрпрызам стала для Тані першае ў жыцці займальнае вандраванне на "чароўнай электрычцы" да мора!
     У той час электрацягнікі адкрылі для дзяцей і дарослых з небагатых сем'яў, якія жылі ў Мінску і не мелі дач і аўтамабіляў, выдатны хуткі і вельмі зручны спосаб для выезду "на прыроду".
     Мама Колі і Тані таксама заразілася гэтымі паездкамі, тым больш, што ад іх дома да найбліжэйшага прыпынку электрацягніка было рукою дастаць. Дарога да Ждановіч займала пятнаццаць хвілін. А там можна было пахадзіць па хваёвым лесе, набраць у бутэльку вады з гаючай крыніцы, сабраць лячэбную траву і нават грыбы.
     Увосень брат з сястрой выпрасілі ў бацькоў грошы і купілі лыжы, не дзіцячыя, а сапраўдныя спартыўныя з чаравікамі. Узімку, у выхадныя дні, яны дабіраліся на электрычцы да станцыі "Зялёнае". Сышоўшы з цягніка, апраналі лыжы і кацілі да Лысай гары. Ох, і стромкая ж яна! З яе скаціцца на лыжах у марознае сонечнае надвор'е, калі снег блішчыць і пераліваецца перламутрам, вялікае задавальненне! Гэтыя зімовыя паездкі па заснежаным казачным лесе надоўга напаўнялі дзяцей радаснымі ўспамінамі.
     Як хутка пачало змяняцца жыццё дзяцей у канцы 60-х гадоў! Цяпер, са з'яўленнем у іх жыцці тэлевізара і радыёпрыёмніка, іх светапогляд пашырыўся. Бацька не скупіўся на гадавую падпіску перыядычных выданняў для сям'і. Усё часцей і часцей у іх паштовую скрыню кідалі не толькі газеты "Правда", "Известия", "Вечерний Минск", часопісы "Здаровье", "Вокруг света", "Наука и зизнь", "Крокодил", але і часопісы "Радио", " Техника молодежи ", газеты Знамя юности”, “Комсомольская газета” і іншыя.
     І, хаця, купіць добрую кнігу ўсё яшчэ было цяжка, бацька змог падарыць сваім дзецям некалькі падпісных выданняў знакамітых пісьменнікаў. "Ім трэба чытаць, – разумеў ён, – і не толькі школьную літаратуру". Коля і Таня самі таксама здабывалі сабе кнігі па інтарэсах. Таня – кнігі пра прыроду Паўстоўскага і Прышвіна, Коля – раманы А. Дзюма і Д. Лондана. Прачытаныя кнігі дзеці перадавалі сябрам у абмен на іх кнігі з асабістых бібліятэк.
     Таня, будучы больш музычнай, чым яе брат, нават спрабавала складаць вершы на цікавыя мелодыі з песень замежных аўтараў, якія яна лавіла на хвалях радыёлы. Аднак, больш яе зачароўвалі і запаміналіся песні савецкіх кампазітараў у выкананні новых вакальна-інструментальных ансамбляў, якія ў той час часта выступалі па радыё і тэлебачанню. Ды і сама дзяўчынка добра спявала. Яна выступала ў школьным хоры, а ў дзясятым класе, вярнуўшыся ў старую добрую сярэднюю школу №12, яна разам у дзвюма дзяўчынкамі з класа развучвала новыя цудоўныя песні.
     Як хвалююча і прыемна было тром сяброўкам выступаць перад сваімі аднакласнікамі на школьных вечарах, а пасля заканчэння дзясятага класа – на выпускным вечары! У тую ноч да самага світанку ўсім класам, узяўшыся за рукі, школьнікі выпускнога 10-а класа гулялі па апусцелым праспекце Леніна. Гэты выпускны вечар запомніўся Тані на ўсё жыццё…
     
     У пасляваенны час у шматлікіх школах працавалі людзі, якія прайшлі праз жорсткую кровапралітную вайну. У сярэдняй школе №12 горада Мінска выкладалі менавіта такія добрыя ўважлівыя настаўнікі. Стаўленне да вучняў у іх было трапяткое і пяшчотнае, як да сваіх родных дзяцей. Гэты зарад цеплыні, шчырасці і любові школьнікі вельмі добра адчувалі. Недарма пасля вайны вырасла пакаленне разумных і працавітых людзей, якія годна працягнулі справу сваіх бацькоў і матуль.
     У апошнія гады вучобы ў школе Коля марыў, як і яго сябар Саша, паступіць у ВІЗРВ. Шкада, але па стане здароўя ён не змог бы туды паступіць. І тады хлопец абраў другі варыянт – МРТІ, які нядаўна адкрыўся ў Мінску. У гэты прэстыжны інстытут Коля здолеў паступіць у той жа год, бо радыётэхніка яго захапляла з самага дзяцінства.
     Паспяхова скончыўшы ў 1970-м годзе любімую школу, Таня паступіла вучыцца ў БПІ (Беларускі політэхнічны інстытут). А яе брат у тым жа годзе ўжо вучыўся ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце. Пасля заканчэння першага курсу Мікалай збіраўся ехаць у студэнцкі будаўнічы атрад…
     – Якія ў цябе выдатныя дзеці! – расхвальвалі маме суседкі па двары яе здольных дзяцей. – Коля – разумнік, ды і дома ўсё ўмее рабіць.
     – Ён і люстры павесіў і пракладкі ў кранах умее замяніць, і рамонтам займаецца, мне не трэба звяртацца ў домакіраўніцтва, – выхвалялася мама.
     А калі хлопец з'ездзіў у будаўнічы атрад і прывёз адтуль першыя працоўныя грошы, усе дваровыя сяброўкі мамы пазайздросцілі ёй. Бо іх дзеці не былі такімі, вучыліся на тройкі, ды і некаторыя з іх ужо ўцягнуліся ў гарэлку.
     Так, Мікалай вылучаўся сярод сваіх дваровых прыяцеляў. Мабыць, прыклад бацькі і мамы быў галоўным у яго сям'і. Тата – франтавік, меў шмат баявых узнагарод, мама, хоць і не ваявала, але перажыла вайну ў акупацыі ў спаленай немцамі вёсцы разам у хворымі бацькамі, не здрадзіўшы свайму мужу, нікому з партызан і верачы ў перамогу над ворагам. "Мяне тройчы немцы вадзілі на растрэл, я цудам заставалася жывая, калі яны выпытвалі ў мяне, дзе хаваюцца партызаны, а я маўчала", – распавядала яна сваім дзецям. Пасля вайны, калі Тані споўнілася пяць гадоў, мама, маючы толькі чатыры класа школы за спіной, пайшла працаваць “дворнічыхай” на вуліцы. Яна разумела, трэба паднімаць дзяцей, каб дапамагчы ім атрымаць вышэйшую адукацыю.
     – Мае дарагія дзеткі, – часта ў дзяцінстве казала яна Колю і Тані, – імкніцеся вучыцца добра. Гэта дапаможа вам у жыцці, вы зможаце атрымаць годныя прафесіі. Мне не давялося вывучыцца і нават скончыць сямігодку. Перашкодзіла вялікае гора, хворыя бацькі, а потым вайна, для вас жа адкрыты ўсе дарогі, трэба толькі зацятасць і працавітасць.
     Бацька і маці, якія перажылі ўсе цяжары вайны, чыя юнацкасць прайшла ў ваенныя гады, былі шчаслівыя выгадаваць дзяцей у мірны час. Сваім прыкладам яны змаглі выхаваць у іх працавітасць, павагу да старэйшага пакалення, любоў да Радзімы. І цяпер бацькі адчувалі пачуццё гонару за дзяцей. Коля і Таня выдатна вучыліся ў школах, а затым паспяхова скончылі інстытуты, атрымаўшы годныя працоўныя прафесіі.
     На схіле сваіх гадоў бацькі былі ўпэўнены ў тым, што іх дзеці будуць імкнуцца добра працаваць усё сваё жыццё на карысць роднай краіны. А яны, старыя, у будучыні яшчэ змогуць дапамагчы ім у выхаванні ўнукаў і праўнукаў.
     
     
      Гэты аповед на рускай мове
29.08.24