1 ЧАСТКА КНІГІ. Казка - Бабуліны памочнікі - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
1 ЧАСТКА КНІГІ. Казка - Бабуліны памочнікі -
1 ЧАСТКА КНІГІ. Казка - Бабуліны памочнікі -
У гэтую суботу бабулю ў вёсцы наведаў дарослы сын. Ён прыехаў з горада з пяцігадовым сынам Антошкай. Хлопчык вельмі знудзіўся па бабулі. Увесь дзень ён хадзіў следам за ёй і быў ўпэунены, што яго бабуля Ганна самая добрая і ласкавая бабуля на свеце. А яна абдымала ўнука, цалавала і, галоўнае, падарыла яму цацачны міні Трактар, вельмі падобны на сапраўдны.      – Вось бы мне такі памочнік у гародзе, – жартавала старая, гледзячы на цацку. – Ураз бы ўскапаў гарод!
     Тата хлопчыка стараўся дапамагчы сваёй маці. Яна ж старэнькая, а працы на гародзе ўвесну вельмі багата. Трэба ўскапаць градкі, разраўнаваць іх і яшчэ паспець своечасова ўсё пасадзіць. Антошка таксама трошкі пакапаў сваёй лапаткай. Вядома, ускапаць шмат зямлі ён не зможа. Малы яшчэ для такой працы.
     У нядзелю бабуліны госці паехалі дахаты, паабяцаўшы прыехаць ізноў у наступныя выхадныя. А свой Трактар Антошка ў спешцы забыўся на гародзе. Ды і бабуля ў вячерняй цемры яго не разглядзела. Застаўся “гаротнік” адзін начаваць пасярод неўзаранай зямлі.
     Позна ўвечары да яго падбег бабулін Кот, панюхаў, павіляў хвастом і ўцёк, так і не забраўшы з сабой у хату. Холадна стала Трактару ўначы на сырой зямлі. Хоць ён і цацка, аднак мерзнуць усе ўмеюць. Што ж зрабіць, каб разагрэцца?
     Завёў Трактар свой маторчык ды і паехаў. "Дай, – думае, – дапамагу, чым змагу, бабулі. Можа і ўскапаю гарод”. Узяўся за работу Трактар, ездзіць па гародзе, арэ, а матор яго добра працуе, толькі гудзіць не вельмі гучна.
     За ўсю ноч ніхто не прачнуўся, каб паглядзець на "агароднае дзіва". Нават бабуля нічога не пачула. Раніцай жа яна вельмі здзівілася, калі ўбачыла на гародзе свае незразумела кім узараныя градкі.
     "І хто ж гэта зрабіў? – разважала яна. – Няўжо сусед вырашыў падарунак мне ўладкаваць?"
     Але ў каго б бабуля не запытвалася, ніхто не прызнаваўся ёй у такой аказанай цудоўнай дапамозе. Узяла старая граблі і пайшла раўнаваць градкі. Глядзіць, Трактар стаіць пасярод ускапанага гароду, той самы, якога яна купіла ўнуку ў падарунак.
     – Гэты ты ўсё ўскапаў? – з усмешкай паглядзела яна на цацку.
     – Вядома, я, а хто ж яшчэ! – хітра падміргнуў фарамі Трактар.
     І хочаце верце, хочате не, бабуля Ганна пачула яго словы. Панесла яна свой скарб у хату, працерла колы і паставіла ў Антошачкін пакой. Няхай Трактар адпачывае і чакае хлопчыка ў госці. А яна, вядома ж, раскажа ўнуку пра свайго нечаканага памочніка.
     
      Гэтая казка на рускай мове
16.05.17