Казка – Лунацік - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка – Лунацік -
Казка – Лунацік -
У адной вялікай хаце, дзе было шмат пакояў, усялякіх разумных рэчаў і пацешных цацак жыў пухнаты блакітнавокі коцік. У яго была мянушка Лунацік. Гэткую мянушку яму далі таму, што маленькі, але вельмі адважны коцік больш за ўсё любіў шпацыраваць у двары не днём, а ўначы. У гэты час у небе свяцілі зоркі і вялікі Месяц, а ў хаце ўсе ўжо адпачывалі.      Коцік жа любіў цішыню. А ўначы вельмі ціха, толькі Конікі ў двары цвыркаюць. Мякка ступаючы па траве, Лунацік разгульваў па садзе, прынюхваўся да ўсіх кветак і травінак. І калі нейкая з іх казытала яго па носе, коцік тут жа адкідаў прыставалу лапай. Маўляў, не жартуй са мной, не трэба! Лунацік важна ішоў далей. Затым ён падыходзіў да бабулінага карыта з вадой, каб пагуляць з месяцовымі Зайчыкамі, якія скакалі па вадзе, нібы маленькія зорачкі. Коцік падштурхоўваў іх лапкай, вада плёскалася, і Зайчыкі разбягаліся ў розныя бакі.
     Часам Лунацік сустракаў у садзе шэранькую Мышку. Яна таксама любіла начныя шпацыры. Аднак коціку ніколі не ўдавалася з ёй пагуляць. Заўважыўшы яго, Мышка ўцякала ў сваю норку, хоць Лунацік і не збіраўся яе есці.
     – Лунацік! Ішоў бы ты спаць. Хутка будзе світанне, не выспішся, – цвыркалі Конікі, і шамацела Трава.
     А ў Лунаціка і сапраўды ўжо пачыналі заплюшчвацца вочкі. "Трэба задрамаць", – разважаў ён і ўзбіраўся на акно, каб ізноў апынуцца ў сваёй хаце. У цемры свяціліся толькі дзве зялёныя кропачкі. Гэта былі вочкі Лунаціка. Яны скакалі з падаконніка на падлогу і паціху прабіраліся на сваю падсцілку ў куце пакоя, каб да світання заснуць там салодкім сном падарожніка.
     
     Аднаго разу ў час такога начнога шпацыру Лунацік ледзь было не спалохаўся нечага, што варушілася ў траве поруч плота. Толькі чаго баяцца ў сваім двары? Коцік адважна паглядзеў у цемру. Тым больш, калі што, пачуе Тарзан. Ён, як вартавы, не спіць, а толькі дрэмле ў будцы ля брамкі і, вядома ж, не прапусціць у двор нікога чужога.
     Лунацік насцярожыўся, падкраўся да плота і… своечасова спыніўся, каб не закрычаць на ўсю акругу. Ён убачыў у траве маленькую вострую мыску і іголкі. "Ды гэта ж Вожык! – здагадаўся коцік. – Хай пралазіць. Пагаворым."
     – Цішэй…. – ці то мяўкнуў, ці то прапішчаў ён Вожыку. – У нас усе спяць. Асцярожней, а то абудзіш сабаку.
     – А я не люблю спаць уначы, – сказаў Вожык.
     – І я таксама! – узрадаваўся Лунацік.
     – Тады давай гуляць разам, – піскнуў Вожык і пабег па дашчатай дарожцы, моцна тупаючы па ёй сваімі маленькімі ножкамі.
     – Цішэй, цішэй! – шаптаў яму Лунацік.
     Ён жа мог бясшумна хадзіць і нават скакаць на сваіх мяккіх, як падушачкі, лапках. Аднак Вожык нічога не мог з сабой зрабіць. Яго маленькія лапкі стукалі, як барабанчыкі. Вядома ж, ад такога "шуму" прачнуўся Тарзан і забрахаў на ўвесь двор.
     Усё скончылася тым, што з хаты выйшла разбуджаная бабуля. Яна паглядзела на начнога госця і сказала:
     – Гэта ты, Вожык, усіх пабудзіў?
     – Ён жа не жадаў, бабуля! – мяўкнуў Лунацік у абарону Вожыку.
     – Добра, добра, – прабурчала бабуля. – Зараз я напаю вас цёплым малаком, а потым усім трэба класціся спаць. Дамовіліся?
     І вось, напіўшыся бабулінага малака, у цемры на дыванку сапуць ужо не адзін, а два халодных чорных носіка – Лунаціка і Вожыка. Яны праспяць там да світання. А раніцай, як толькі развіднее, бабуля пабудзіць Вожыка і адправіць дахаты ў лес. Яна ж ведае, што мама Вожыка вельмі хвалюецца і шукае яго.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Гэтая казка на рускай мове
8.10.16