Салдацік-рэгуліроўшчык - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Салдацік-рэгуліроўшчык
Салдацік-рэгуліроўшчык
Заўтра вялікае свята – Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Трэцяга ліпеня 1944 года Чырвоная армія вызваліла горад Мінск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў! – так голас дыктара Беларускага радыё апавяшчаў людзей пра ўрачыстую падзею наступнага дня. Алёшка ўсміхнуўся і паглядзеў на радыёпрыёмнік, які стаяў у яго пакоі на акне, а той працягваў вяшчаць пра іншыя важныя падзеі. Седзячы за пісьмовым сталом, хлопчык круціў у руцэ маленькага металічнага салдаціка ў армейскай форме з каскай на галаве. У руках салдаціка былі флажкі, мабыць прызначаныя для рэгуліроўкі бесперашкоднага прасоўвання транспарта і вайсковых калон на дарогах. "Гэта салдат-рэгуліроўшчык", – зразумеў Алёшка. Аднойчы ён убачыў у тэлевізійнай праграме сапраўднага салдата-рэгуліроўшчыка дарожнага руху, які стаяў на скрыжаванні ваенных дарог. На вайне няма святлафораў, таму без рэгуліроўшчыкаў не абыйсціся, гэта ведаў хлопчык.      Зялёны салдацік-рэгуліроўшчык – адзіная цацка з набору салдацікаў, з якімі яго тата гуляў у дзяцінстве. Алёшка знайшоў цацку ў камодзе, дзе захоўваліся іншыя рэчы з татавага дзяцінства. "Зараз я пакажу салдаціку ваенныя ўзнагароды майго прадзеда", – вырашыў хлопчык. Ён ведаў, што франтавыя медалі прадзядулі ляжаць у верхняй скрыні камоды, але не вырашыўся самастойна іх дастаць. Бо гэта хатняя рэліквія яго сям'і, якая ахоўваецца бабуляй і толькі з яе дазволу можна агледзець медалі прадзядулі.
     Яна ж хутка адгукнулася на просьбу ўнука і, дастаўшы запаветную скрыначку, выняла з яе некалькі захоўваных там ваенных узнагарод свайго бацькі: ордэн Айчыннай Вайны ІІ ступені, медаль "За баявыя заслугі", медаль "За абарону Масквы", медаль "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.". Распавядаючы ўнуку пра бацьку, пра тое, дзе і як ён ваяваў на франтах вайны, бабуля ўспомніла пра арфаграфічны слоўнік, кніжачку, якую яе бацька-афіцэр усю вайну пранасіў з сабой, і якая дапамагала яму не дапушчаць памылак пры напісанні важных дзяржаўных дакументаў. Тутака ж, побач з кніжачкай, захавалася пёравая ручка і просты аловак яе бацькі.
     Алёшка пагартаў патрапаныя старонкі слоўніка, агледзеў пёравую ручку.
     – Шкада, што не захавалася пяро да яе, – сказаў ён бабулі. – А слоўнічак я падклею, ён старэнькі, але яго трэба зберагчы, як памяць пра прадзядулю.
     – Правільна, – падтрымала яго бабуля. – Я таксама так думаю.
     Хлопчык расклаў неацэнныя прадметы былой вайны на стале, побач з імі паставіў салдаціка. Алёшка браў у рукі медалі, пацямнелыя ад часу, але такія несмяротныя, чытаў надпісы на іх і разумеў, колькі мужнасці трэба было праявіць воіну, каб яго подзвіг быў ацэнены такой высокай узнагародай. Хлопчык думаў пра тое, што салдат, якія змагаліся на палях той страшнай вайны і не пашкадавалі свайго жыцця для вызвалення радзімы ад ворагаў, людзі заўсёды павінны помніць.
     Цацачны салдацік увесь гэты час быў тут жа, побач з хлопчыкам. Ён слухаў гутарку і ўважліва разглядаў прадметы далёкай вайны, якія ляжалі на стале.
     – Салдаты Чырвонай арміі і твой прадзед, – казала бабуля, – прагналі захопнікаў з роднай зямлі. Дзякуючы ім, мы з табой цяпер жывём у мірнай шчаслівай краіне. Мой бацька застаўся жывы, але ты ж ведаеш, – працягвала бабуля, – колькі людзей загінула на нашай зямлі за гады вайны.
     – Так, я ведаю, – адказаў Алёшка, сур'ёзна паглядзеўшы ў вочы бабулі, – нам казалі ў школе, кожны трэці жыхар Беларусі.
     Бабулі, якая нарадзілася неўзабаве пасля заканчэння вайны, было ўжо больш за семдзесят гадоў, а яе ўнуку – дванаццаць. Гуляць з салдацікам хлопчыку ўжо не хацелася, але салдацік не гараваў па гэтай нагодзе. Падрасце Алёшка, жэніцца, у яго будуць свае дзеці, і яны будуць гуляць з салдацікам. Вядома ж, хлопчык захавае цацку, як памяць пра тую гутарку, якая ў яго была сёння з бабуляй.
     А цяпер цацачны салдацік уяўляў сябе сапраўдным салдатам, які змагаўся ў радах Чырвонай арміі і перамог праклятых фашыстаў. Можа быць, душа аднаго з воінаў перасялілася ў яго і была рада акунуцца ў сучаснае шчаслівае жыццё сваёй краіны?
     Усе святочныя дні салдацік правёў разам з Алёшкам. Хлопчык браў яго з сабой на парад і нават на экскурсію ў музей ВАВ. "Гэта мой талісман", – сказаў ён сваім сябрам, якія заўважылі ў яго руцэ цацку. А салдацік быў вельмі рады гэтаму, зараз ён будзе ў курсе ўсіх падзей, і калі раптам здарыцца бяда, то зможа прыйсці на дапамогу сябру, ператварыўшыся ў сапраўднага салдата, абаронца сваёй Радзімы.
     
      Гэтэ аповед на рускай мове
4.07.25