Музычныя рукі-сяброўкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Музычныя рукі-сяброўкі
Музычныя рукі-сяброўкі
Дзве маленькія рукі дзяўчынкі Клавы былі вельмі дружныя. Хаця, левая рука лічыла сябе галоўнай у гэтым сяброўстве. Справа ў тым, што Клава была ляўшой.      Аднойчы бацькі купілі дачцы фартэпіяна, каб яна вучылася на ім добра выконваць музычныя творы. А ўвосень дзяўчынка паступіла ў музычную школу. З таго часу ў яе пачалося новае цікавае музычнае жыццё.
     Спачатку Клава пазнаёмілася з інструментам, з яго клавішамі і рэгістрамі. Затым з дапамогай настаўніцы музыкі вывучыла ўсе ноты і змагла выконваць самыя простыя музычныя гамы з дапамогай клавіш фартэпіяна. Дзяўчынка прайгравала гамы па чарзе то адной, то другой рукой.
     Затым Клаве трэба было навучыцца іграць на фартэпіяна дзвюма рукамі. Яна разумела, што гэта можна рабіць, націскаючы на клавішы правай і левай рукой адначасова. У простай п'есе, якую развучвала вучаніца, асноўную музычную партыю павінна была выконваць на фартэпіяна правая рука, дакладней яе пальчыкі, а левай руцэ ў гэта ж час трэба было іграць іншую мелодыю, як бы ў падтрымку асноўнай музычнай тэме.
     Але левая рука Клавы, якая заўсёды лічыла сябе галоўнай у звычайным жыцці, не згаджалася на такія паводзіны. Яна жадала і тут, падчас ігры на інструменце, быць першай.
     Клава адразу ж адчула гэта, і ў яе пачаліся праблемы. Пальчыкі яе левай рукі абганялі і заглушалі музыку, якую выконвалі пальчыкі правай рукі. І гэта непрыемная сітуацыя не давала вучаніцы магчымасці правільна выканаць музычны твор.
     – Ты мне замінаеш, заглушаеш маю музыку! – гаварыла правая рука левай. Але тая нічога не жадала ведаць, усё гэтак жа, не ў такт, націскаючы пальчыкамі па клавішах і "пераігрываючы" сваю сяброўку. А Клава плакала і не ведала, што ёй рабіць са сваёй непаслухмянай левай рукой…
     Настаўніца, зразумеўшы ўсё, стала назіраць за паводзінамі рук Клавы. Яна імкнулася ўціхамірваць левую руку, калі тая няправільна націскала на клавішы.
     Не адразу, але ўсё-такі, прыйшлося левай руцэ здацца. У імя прыгожага выканання Клавай музычных твораў, гэта капрызуля стала прыслухоўвацца да парад настаўніцы і правільна прайграваць на інструментце тое, што ёй было дазволена. Урэшце, левай руцэ нават спадабалася такое становішча, бо яна зразумела – дапамагаць камусьці – вельмі высакародна і прыемна. А дапамагаць сваёй сапраўднай сяброўцы, правай руцэ, удвая прыемна!
     І тады ў Клавы не будзе праблем. Яна зможа выканаць твор хораша, удумліва і душэўна.
     
      Гэта казка на рускай мове
22.03.25