Зайчаня – выхваляка
У казачным лесе размясціўся звярыны гарадок. У прыгожых утульных хатках пражывала шмат лясных жыхароў. Яны стварылі сем'і і нарадзілі малянят. Галоўным у гарадку абралі Мядзведзя. Ён – моцны і добры, сваіх суседзяў заўсёды абароніць. Лісу зрабілі галоўнай гаспадыняй, казначэіхай. Хоць і хітрая яна, але любіць справядлівасць, злодзеяў бачыць здалёк. Ваўка ж у памочнікі ёй прызначылі. Жывуць звяркі ў лясным гарадку, ні нарадуюцца. Іх дзеткі падрастаюць: у Лісы – лісяняты, у Ваўка – ваўчаняты, у Мядзведзя – медзведзяняты, у Вожыка – важаняты, у Мышкі – мышаняты. Вось толькі ў заячай сям'і дзетак няма.
Гаруюць Заяц з Зайчыхай, глядзяць на іншыя сем'і і ім зайздросна, што ва ўсіх па двое, а то і па трое дзетак, а ў іх ніводнага няма. Схадзіла Зайчыха да Вавёрачкі-санітаркі, што жыла ў дупле самага мудрага старога Дуба і папрасіла парады, як дзетак на свет нарадзіць. Дала ёй Вавёрачка гаючай настойкі з лясной травы.
І адбыўся цуд! Лекі дапамаглі, у Зайчыхі вясновай парой маляня Зайчаня нарадзілася. Як жа ўзрадаваліся бацькі! Гадуюць маляня, песцяць, вачэй з яго не зводзяць, нікуды з хаты ні на крок не пускаюць, баяцца, каб чаго-небудзь з неразумным дзіцём не здарылася.
– Якія ў яго вушы прыгожыя! – цешыцца Зайчыха. – І вочы карыя татавы.
– Хвосцік пухнаты беленькі! – цешыцца Заяц.
А іх Зайчаня, і праўда, расце дужым малянём і пагуляць яму з аднагодкамі хочацца.
– Чаму вы яго да нас не пускаеце, пагуляў бы з нашымі дзеткамі, – не раз казалі зайцам суседзі.
Але хіба ўгаворыш бацькоў, закаханых у свайго адзінага сыночка, на такі небяспечны ўчынак.
– Ён можа застудзіцца і захварэць, – паўтараюць яны суседзям. – Слабенькі ён у нас, мець на воку яго трэба.
Вось так і расло Зайчаня мамчыным сыночкам. Не было ў яго сяброў, а ў адзіночку гуляць яму было зусім не цікава. Засумавала Зайчаня, стала прасіць, каб купілі яму тэлефон. Хоць размаўляць з суседскімі дзецьмі па ім можна.
Але калі ў маляняці ў лапах з'явіўся гэты скарб, першае, што Зайчаню прыйшло ў галаву – фатаграфаваць.
– Гэта так класна! Мама, я змагу выкладваць у інтэрнэт свае фатаграфіі. Усе дзеці лесу даведаюцца пра мяне. Бо я лепш за іх! – узрадавалася Зайчаня.
І пачалося! Па ўсім інтэрнэце разляцеліся фатаграфіі вушастага Зайчаняці. Ды і на дрэвах яно здолела парасклейваць іх.
– Я самы прыгожы ў нашым лесе! – заганарылася маляня і ніколькі не сумнявалася ў гэтым, таму што дзень пры дні чула пахвалы бацькоў у свой адрас.
Як жа жыхары лесу ўспрынялі гэта самахвальства? Ці не зайздросна ім стала, што гэты недарэка так сябе расхваліў?
Не. Сціплыя вожыкі і мышкі, вавёркі і барсукі, нават Ліса і Мядзведзь прамаўчалі. Маўляў, што ўзяць з такога малога. Ён жа адзін у бацькоў, шкада крыўдзіць Зайчыху і Зайца.
Толькі адважнае Ваўчанё, якое ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці лесу, вырашыла правучыць задаваку Зайчаня. Прыбралася яно ў шкуру старога мацёрага ваўка і паслала ў інтэрнэт сваё фота і паведамленне: "Усім выхвальным малянятам сорам і ганьба, сорам і ганьба. Я такіх адшукаю, у інтэрнэт не пушчу".
І тады сцяміла Зайчаня, што хвальба – дрэнная рыса. З яе дапамогай яму ніколі не адшукаць у лесе сяброў. "Хай я і прыгожы, але ў лесе шмат прыгожых зверанят. Яны не выхваляюцца гэтым. Значыць, і мне трэба быць сціплым. Інакш, ніхто са мной нават у інтэрнэце не пасябруе" – зразумела Зайчаня.
Гэта казка на рускай мове
15.01.25