Красавік усіх напоіць - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Красавік усіх напоіць
Красавік усіх напоіць
     
Сакавік, пачуўшы голас цёплага Веснавея, вырашыў, што яму ўжо можна адпачыць. Дый Яснае Сонейка заўважыла, што надышоў час даць магчымасць другому сыночку Красавіку папрацаваць на Зямлі: “Няхай Сакавік адпачывае, ён зрабіў шмат добрых спраў, адагрэў прыроду ад лёду і снегу, зараз Красавік працягне саграваць расліны і жывёльны свет. Мой сярэдні сынок ласкавы і ветлівы. Яго далікатныя дакрананні дапамогуць новым кветкам расквітнець, дрэвам і кустам зазелянець, а матылькам, пчолкам, чмялям і жучкам пасябраваць з раслінамі”.      Красавік быў вельмі рады, што, нарэшце, і ён зробіць штосьці патрэбнае і карыснае для шчаслівага жыцця на Зямлі. Яго вялікія зялёныя вочы свяціліся ад радасці, калі яму удавалася здзейсніць добрую справу: адагрэць карэньчыкі травы ў нізінах і цяністых месцах Паўночнага лесу, дапамагчы бярозкам і сасёнкам, ялінкам і ліпкам, клёнам і асінам, рабінам і дубам насычыць свае покаўкі сілай так, каб яны змаглі распусціцца і падарыць свету далікатныя зялёныя лісточкі.
     У адзін з самых шчаслівых дзён з паўднёвага боку Паўночнага лесу пачуліся звонкія птушыныя галасы.
     – Да нас ляцяць пералётныя птушкі. Іх вядзе за сабой чараўніца Вясна! – паведаміў цёплы Веснавей.
     Ён яшчэ здалёку заўважыў блакітны, абсыпаны яркімі кветкамі паветраны шалік Вясны і саму зяленавокую прыгажуню з русай касой да пят у тонкім светла-зялёным паліто. Па дарозе яе суправаджала мноства птушыных чарод. Шчаслівыя дразды і сітаўкі, шчыглы і сойкі, дзятлы, зязюлі і іншыя пералётныя птушкі вярталіся дахаты.
     Павітаўшы ўсіх, Вясна паляцела аглядаць сагрэтую клапатлівымі сонечнымі прамянямі паўночную зямлю. А птушкі хутка рассяліліся па сваім старым кватэрам – гнёздам, шпакоўням і дуплам, дзе яны жылі летась. Шмат хто з іх, асабліва маладыя птушкі, упершыню будавалі свае гнёзды. Яны рыхтаваліся ў іх выседжваць з яйкаў, а затым гадаваць і выхоўваць нашчадкаў, маленькіх птушанят.
     – Вялікі дзякуй, Яснае Сонейка! Што б я без тваіх слаўных сыночкаў рабіла, – сказала Вясна. – Вунь яны як усю зямлю адагрэлі, прыроду ажывілі. Малайцы!
     І Вясна пакланілася ў пояс Сонейку і яе працавітым сыночкам – Сакавіку і Красавіку. Чараўніца была радая, што сонечныя браты зрабілі ўсё так, як яна прасіла іх.
     
      Гэта казка на рускай мове
     
      працяг аповесці
28.09.24