
Памяці Галіны Дакутовіч (апавяданне)
У музеі Вялікай Айчыннай Вайны ў Мінску захоўваецца франтавы дзённік дваццацідвухгадовай дзяўчыны, ваеннага штурмана Галіны Дакутовіч.
Калі я падышла да музейнага стэнда, то ўбачыла на фатаграфіі мілы добры дзявоцкі твар і прачытала радкі яе верша, напісанага ў той цяжкі ваенны час. Гэтыя кранальныя словы, выведзеныя акуратным почыркам на лісце школьнага агульнага сшытка, глыбока запалі ў сэрца. Я чытала, і мне здавалася, што гэтая выдатная дзяўчына жывая, яна цяпер тут, побач са мной. Ясна прадставіліся хвіліны яе натхнёнай творчай працы дзесьці ў зацішку ад усіх...З дзённіка з франтавымі запісамі.
30.06.43
Что на память тебе написать?
Пожелать бы так много хотелось.
Да что толку бумагу марать.
Так скажу –
Чтоб от пуль уцелела.
Чтобы светлая юность твоя
Для тебя не осталась лишь сказкой.
О которой, тоску затая,
Вспоминают и с грустью, и с лаской.
В наши, пусть они трудные, дни
Жизнь становится глубже и ярче.
Ты послушай, ты только взгляни –
У кого была молодость жарче?
А ведь в этом и счастье, мой друг,
Что не жаль тебе даже и жизни,
Что ни разу не дрогнул в бою,
От врагов защищая Отчизну.
А о личном своем – не грусти!
Верю я, что все будет в порядке.
У тебя еще жизнь впереди!
Дай же, крепко пожму твою лапку!
Пад фатаграфіяй і сшыткам на стэндзе напісана:
Лейтэнант Г.І. Дакутовіч – штурман самалёта 46-га гвардзейскага Таманскага авіяпалка, ураджэнка горада Гомелю. Удзельнічала ў баях на Паўночным Каўказе, здзейсніла 120 баявых вылетаў. Загінула 1.08.1943 г.
У інтэрнэце я знайшла дадатковыя звесткі пра яе біяграфію.
Галя нарадзілася ў Гомелі 20 лютага 1921 года. Яе дзіцячыя гады працякалі, як і ў шматлікіх савецкіх школьнікаў. Дзяўчынка любіла літаратуру, якая, як пісала яна ў дзённіку, "вялікую сілу мае над чалавечымі думкамі і сэрцамі, вучыць чалавека глыбей узірацца ў жыццё, у наваколле, адважней і чысцей жыць". Потым яна захапілася фізікай і гісторыяй, матэматыкай і музыкай. Пазней прыйшло захапленне спортам, і Галя стала лепшай гімнасткай школы, двойчы заваёўвала 2-е месца на рэспубліканскіх гімнастычных спаборніцтвах. У 9-м класе яна стала займацца авіяцыйным спортам. Пасля заканчэння школы ў 1938 годзе паступіла ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут.
Ужо напачатку вайны ўсе імкненні Галі звяліся да аднаго – на фронт!
21 жніўня 1941 года яна даведалася са зводкі Саўінфармбюро, што яе родны горад акупіраваны нямецкімі войскамі. Па тых вуліцах, дзе яна калісьці спяшалася ў школу, стукалі боты ворага...
11 кастрычніка Галя Дакутовіч, даведаўшыся пра набор добраахвотнікаў у войска, прыйшла ў ЦК ВЛКСМ з рэкамендацыяй камсамольскай арганізацыі інстытута. У тыя дні ішло фарміраванне жаночай авіяцыйнай часці, кіравала фарміраваннем Марына Міхайлаўна Раскова. Многія дзяўчыны з пуцёўкамі ЦК камсамола ўваходзілі з трывогай і хваляваннем у старадаўні будынак у Пятроўскім парку, дзе засядала камісія. Прыйшла туды і Галя Дакутовіч.
Яна была залічана ў часць і накіравана вучыцца ў прыволжскі горад Энгельс. Пры размеркаванні патрапіла ў штурманскую групу, найболей шматлікую, бо ў той час у нашай краіне амаль не было падрыхтаваных жанчын штурманаў. Разам з Галяй у групу ўвайшлі Жэня Руднева, Дуся Пасько, Наташа Меклін і іншыя.
Дні ляцелі хутка. Займацца даводзілася па 16 – 17 гадзін у суткі, часам ахвяруючы сном. Нарэшце наступіў доўгачаканы дзень – быў зачытаны загад пра стварэнне жаночага начнога легкабамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. Камандзірам была прызначана Еўдакія Давыдаўна Бершанская.
А неўзабаве прыйшоў загад аб вылеце на фронт. 23 траўня 1942 года дзяўчыны развітваліся з гарнізонам. У ясны сонечны дзень вырулілі самалёты на стартавую дарожку, затым па парадку ўзляцелі эскадрыллямі, пастроіліся дзявяткамі і, зрабіўшы кола над горадам, ляглі на курс.
Полк прыбыў на фронт у цяжкі час. Бязлітасныя баі ішлі ў паўднёвай частцы Данецкага басейна, на рацэ Міўсе, на подступах да Таганрога. Над данскімі стэпамі і пачаў дзейнічаць жаночы авіяцыйны полк.
Галю Дакутовіч прызначылі ад'ютантам эскадрыллі. З дазволу камандзіра ёй часам даводзілася лятаць на бамбакіданне. Але яна марыла лятаць, як і яе сяброўкі, без адпачынку і сну. І Галіна мара ажыццявілася. Цяпер яе жыццё праходзіла ў паветры, у баях, у самалёце. Рэдка выпадалі кароткія хвіліны адпачынку.
Аднойчы, вярнуўшыся з палёту, яна прылягла адпачыць на аэрадроме. Шафёр бензазапраўшчыка, які спяшаўся на старт, не заўважыў яе ў высокай траве. Здарылася вялікае няшчасце – новая машына наехала на спячую дзяўчыну. У Галі быў пашкоджаны пазваночнік. Яе прыйшлося эвакуіраваць у тыл. Яна ні разу не застагнала, не заплакала, хоць прыйшлося пераносіць страшэнны боль. Галя была ўпэўнена, што зноў будзе лятаць.
У снежні 1942 года яна вярнулася ў полк. Знешне дзяўчына была зусім здаровая. Але яна мела патрэбу ў працяглым адпачынку. Яе выпісалі са шпіталя з умовай, што яна паедзе ў паўгадавы адпачынак. Але хіба Галя магла адпачываць у такі цяжкі для Радзімы час? Схаваўшы пасведчанне пра адпачынак, яна прыбыла ў полк.
У студзені 1943 года жаночы авіяцыйны полк ваяваў на Паўночным Каўказе. Галя была прызначана штурманам палка. Яна павінна была сачыць за дзеяннямі ўсіх штурманаў і, калі хто-небудзь з іх губляў арыентоўку, бамбіў недакладна, адчувала сябе ў адказе. Часам і сама вылятала на баявыя заданні на маленькім самалёце По-2.
Праца была цяжкая, напружаная, без адпачынку, часам асільвала стомленасць. Падчас баявых вылетаў дзяўчына ўвесь час падвяргалася смяротнай небяспецы. Але яна разумела, што патрэбна сваёй Радзіме.
У тыя дні Галя пісала:
"Грозными армадами идут бомбардировщики,
А над ними стайками вьются ястребки.
Дрогнет враг, попятится, в гости к нам непрошеный,
Побежит с разгневанной солнечной земли!"
Акрамя звычайнай баявой працы Галя займалася і грамадскай – рэдагавала літаратурны часопіс, які выдаваўся ў палку. У ім друкаваліся і яе аповяданні. Часопіс карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод лётчыц.
Улетку 1943 года савецкія войскі перайшлі ў контрнаступленне і рушылі на Арол і Белгарад. Немцы напружвалі ўсе сілы. Ішлі ўпартыя баі на зямлі і ў паветры. Да таго часу ў Галі налічвалася звыш 120 баявых вылетаў.
У ноч на першае жніўня лётчыцы жаночага авіяцыйнага палка выконвалі чарговае баявое заданне. У тую ноч полк панёс цяжкія страты: мужна ваюючы за Радзіму, смерцю герояў загінулі шэсць лётчыц. У іх ліку была і Галя Дакутовіч.
Пасля гібелі Галі, чытаючы яе дзённік, сябры даведаліся, што яна вярнулася ў полк са шпіталя яшчэ зусім хворая, што, ваюючы разам з сяброўкамі, яна павінна была ўвесь час хаваць нясцерпны боль, які прычыняла ёй незажыўшая рана, што часам ёй прыходзілася прымаць болесуцішальныя лекі...
Колькі выдатных маладых людзей адабрала вайна! Колькі таленавітых разумных адважных прыгожых дзяўчын, юнакоў! Страчаныя жыцці цэлага пакалення...
Гэтыя маладыя людзі па-сапраўднаму аддана лібілі Радзіму, ваявалі за яе вызваленне, не шкадуючы свайго жыцця. Як жа можна забыцца пра подзвіг такіх людзей? Яны хадзілі па нашай зямлі ў тыя, яшчэ не вельмі далёкія часы, яны думалі, яны адчувалі, яны перажывалі, яны спадзяваліся. Але больш за ўсё яны бераглі і шкадавалі сваю Айчыну!
Галя пахавана над станіцай Крымская (цяпер г. Крымск, Краснадарскага краю) у вёсцы Рускае ў брацкай магіле, дзе на мемарыяльнай пліце напісана яе імя. Пасмяротна Галіне Дакутовіч было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Гэты аповед на рускай мове
12.11.24