Час ідзе, горад змяняецца, падрастаюць матуліны дзеці
Мама, які гладкі гэты асфальт! – захапляліся дзеці, пасля таго, як упершыню ў жыцці прабелі вакол свайго дома па асфальтаваным тратуары. Яго паклалі зусім нядаўна, і нават пах новага асфальта спадабаўся ўсім дзецям.
– Зараз па ім будзе добра катацца на ровары, – далучыўшыся да дзіцячай чарады, якая разглядала цвёрдую чорную паверхню асфальта, прамовіў дзядзька Віктар, які толькі што вярнуўся з чарговага палёту.
– Так, добра б, – з сумам у голасе сказаў Колька. – Ні ў каго з нас няма ровара, ён дарагі, нам яго не купяць.
– Тады я дапамагу вам зрабіць самакат, – прапанаваў хлопец.
– Як? – зацікавіўся Колька.
– Вельмі проста. Дзве дошкі, драўляны руль і падшыпнікі замест колаў.
– Цікава, а хто нам дасць падшыпнікі?
– Я дам. А хто будзе рабіць самакат?
– Я, – вызваўся Колька. – Папрашу ў мамы дошкі, яны ёсць у павеці.
– Вось і добра, – пагадзіўся Віктар.
Неўзабаве ён прынёс хлопчыку падшыпнікі, і закіпела праца. Не прайшло і тыдня, як Колька пад наглядам дарослых змайстраваў сапраўдны самакат. Толькі ўмацаваць падшыпнікі яму дапамог тата, астатняе ж хлопчык зрабіў сам.
– Ура! У нас ёсць самакат! – радаваліся дзеці.
Ніхто не спрачаўся і не біўся, не гледзячы на тое, што ўсім вельмі хацелася, як мага даўжэй, катацца на самакаце. Але чарга была строгай і справядлівай.
Якая асалода была пракаціцца на самакаце па новенькім тратуары ад дома Дзядзюшкі уніз па вуліцы Клары Цэткін да калонкі ці вакол клуба Танкасуконнага камбіната. Гэта неапісальнае дзіцячае ўражанне запомнілася сябрам на ўсё жыццё…
– Наш ганак прагніў, а бацьку некалі паправіць, – хвалявалася мама. – Коля, ці дапаможаш мне дошку прыбіць? – спытала яна ў сына, як ужо ў свайго дарослага памочніка.
– Вядома, матуля, – і хлопчык пабег у павець за дошкай і пілой.
– Добры ў вас сын расце, – казалі маме суседкі. – Вучыцца на пяцёркі, дома вам дапамагае, малайчына!
– Так, ён вельмі кемлівы, – згаджалася мама. – Ён падобны на майго малодшага браціка Андрейку, той таксама завошта ні браўся, усё тут жа мог змайстраваць. Вельмі шкада, што мой брат пажыў так мала…
Ішлі гады, матуліны дзеці сталелі. Змяняліся яны, змянялася і жыццё ў горадзе Мінску. Горад развіваўся, адбудоўваўся, з'яўляліся новыя вуліцы, мікрараёны.
– Хутка нас знясуць, – неяк улетку, вярнуўшыся з працы, сказаў тата.
– А куды мы пераселімся? – спытала мама.
– Я напісаў заяву, каб нам далі кватэру ў новым пяціпавярховым доме па вуліцы Скрыганова, там цэлы мікрараён будзе здавацца, – сказаў тата.
Коля і Таня пераглянуліся. Нарэшце, яны пераедуць у добраўпарадкаваную кватэру. Але як жа школы?
– Там пабудавалі новую школу, – сказаў тата.
– Я не пайду ў іншую школу, – заўпарціўся Коля.
У тым 1966-м годзе ён ужо перайшоў у восьмы клас і ні за што не жадаў губляць старых школьных сяброў. Таня яшчэ нічога толкам не зразумела, таму прамаўчала.
Не зусім удала склаўся яе далейшы лёс, калі мама памяняла ёй абедзве школы – агульнаадукацыйную і музычную. Коля ж без усякіх непрыемнасцяў тры апошнія гады ездзіў на тралейбусе ў старую школу.
– А Сашку таксама знясуць? – Колька ўспыхнуў і пабег праз дарогу да лепшага сябра аб усім дапытацца.
Увечары ён распавядаў маме, пра што даведаўся сам:
– Усе драўляныя дамы на нашай вуліцы хочуць знесці. Тут будзе пракладацца новая шырокая вуліца. Сашка таксама перасяляецца, але зусім у іншы раён Мінска. Шкада, аднак я ўсё роўна буду з ім сябраваць.
Гэты сябар, яго аднагодак, які яшчэ зусім нядаўна з'явіўся ў жыцці Колькі, стаў яму вельмі дарагім, бо яны абодва жылі аднымі марамі і імкненнямі.
Дзеці яшчэ не ведалі, што ў новых кватэрах у іх неўзабаве з'явяцца гарадскія тэлефоны, няхай пакуль што спараныя, але, ўсё-такі, гэта вялікая прывілея. Зараз не трэба будзе нікуды бегаць, можна замовіць талон у паліклініку па тэлефоне, патэлефанаваць да сваякоў і сяброў.
Гэты аповед на рускай мове
29.08.24