Дзіцячыя мары - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзіцячыя мары
Дзіцячыя мары
Колька! Кім ты будзеш, калі вырасцеш? – спытала ў хлопчыка тая самая старэнькая бабуля ў акулярах з газетай у руцэ. Яна сядзела ў двары на лаўцы каля сваіх дзвярэй у падвальнае памяшканне дома.      Пажылая жанчына ўсялілася ў гэты маленькі пакойчык адразу пасля вайны, таму што лепшага памяшкання для жыцця не знайшла. Але яна імкнулася не маркоціцца – вайна скончылася, і яшчэ трэба пажыць. Кожны год увесну бабуля высаджвала рознакаляровыя садовыя рамонкі каля свайго акна, якое выходзіла на сонечны бок, і выносіла ў двор клетку з канарэйкай. Птушачка спявала і стварала радасны настрой ва ўсіх, хто чуў яе галасок. Побач гулялі дзеці, і бабулька мімаходам назірала за імі. Хлопчык Колька вылучаўся з усіх дзяцей, ён падабаўся ёй больш, чым уласны сын, які вырас разгільдзяем, рэдка прыходзіў і зусім не клапаціўся пра яе. Падчас вайны гэта жанчына, быўшы тады ўжо не маладой, ваявала на фронце санітаркай. Не гледзячы на тое, што вайна сышла ў мінулае, магчымасці даць усім добраўпарадкаваныя кватэры ў дзяржавы яшчэ не было. Бабулька ўжо не спадзявалася ўсяліцца ў добрую кватэру і дажывала сваё жыццё ў маленькім пакойчыку. Але ў душы яна была шчаслівая ад таго, што дзеці, якія нарадзіліся пасля вайны, растуць пад мірным небам, і верыла ў іх шчаслівы лёс. Бабуля жадала малым дзеткам шчасця і цешылася, гледзячы ў іх прыгожыя вясёлыя твары.
     Вось і цяпер яна ўсміхалася, гаворачы з Колькам, а ён задуменна паглядзеў на бабулю і сказаў:
     – Я яшчэ не вырашыў. Можа, я стану лётчыкам, як дзядзька Віктар.
     Увесну 1961 года Колька ўжо лічыў сябе зусім дарослым. Яму нядаўна споўнілася дзевяць гадоў, ён вучыўся ў трэцім класе. Мама была задаволена яго поспехамі ў школе, хлопчыка хвалілі настаўнікі за стараннасць і добрую паспяховасць. Дома сын выконваў усе даручэнні матулі, шкадаваў яе і ніколі не крыўдзіў. Але не гэта было галоўным. У Колькі прасочваўся моцны характар, імкненне да лідарства і жаданне ў будучыні стаць не проста грамадзянінам сваёй краіны, а абавязкова героем, якім будзе ганарыцца мама, тата, сёстры, сябры.
     У двары жыў малады чалавек, лётчык, якім захапляліся дзеці, і на якога хацелася раўняцца ўсім, а Кольку – асабліва. Так атрымалася не таму, што ў іх двары больш не было годных кандыдатур. Не, іх было шмат, бо ўсе бацькі хлопчыкаў і дзяўчынак прайшлі вайну, ды і тыя, хто не ваяваў, а перанёс нягоды вайны ў тыле ці ў акупацыі, нацярпеліся шмат гора. Але людзі не хацелі распавядаць дзецям пра гэта, закранаць раны ў сваіх душах, якія зусім нядаўна зарубцаваліся, дарослым хацелася гаварыць і думаць толькі пра добрае і жыццярадаснае.
     Вось таму малады чалавек, які лятаў на самалётах і часам праходзіў па двары ў прыгожай форме лётчыка, выклікаў у дзяцей непадробнае захапленне. Стаць лётчыкам, такое жаданне не проста так узнікала ў іх маленькіх галоўках. А тут адбыўся яшчэ адзін цуд, які ўскалыхнуў розумы савецкіх людзей. У космас паляцеў чалавек! Як жа гэта магчыма? І ўсе дзеці загарэліся жаданнем – стаць касманаўтамі.
     – Мама, калі я вырасту, я куплю табе такую газавую пліту, як у нашага суседа, лётчыка дзядзькі Віктара, – казаў Колька, гледзячы, як мама раздзімае згаслы агонь у старэнькім керагазе, на якім яна варыла абед для ўсёй сям'і.
     Хлопчык шанаваў маму, ён бачыў колькі працы яна выконвае кожны дзень, як мала часу ў яе застаецца на адпачынак. Таму ён заўсёды безадмоўна выконваў яе даручэнні: прыносіў ваду з калонкі, пілаваў дровы, хадзіў у краму. У іх сям'і на маме ляжала амаль уся цяжкая хатняя праца, тата ж цэлымі днямі з раніцы да вечара прападаў на працы без выхадных дзён і адпачынкаў. Але грошай усё роўна не хапала, таму што тата не змог у маладосці атрымаць добрую адукацыю, зрабіць гэта яму перашкодзіла вайна. Колькінаму тату прыходзілася працаваць на некалькіх працах, каб забяспечваць сям'ю, дзе падрастала трое дзетак.
     – Я ведаю, – усміхалася мама, гледзячы на сына, – ты вырасцеш і будзеш зарабляць шмат грошай, таму што станеш вучоным.
     – Вучоным-канструктарам альбо лётчыкам, – папраўляў яе Колька.
     Ён быў упэўнены ў гэтым, так і толькі так будзе ў яго жыцці, бо ён разумны і працавіты.
     А канструяваць Колька любіў. У галаве хлопчыка нараджалася тысячу ідэй. Яны ўвасабляліся ў драўляныя цацкі, у розныя зручныя прыстасаванні для мамы. Пілаваць, штосьці выточваць, канструяваць – гэта так цікава! Але толькі не музыка, гэты занятак для яго сястрычкі, яна музычная, а яму, як той казаў, слон на вуха наступіў.
     – А я люблю не толькі іграць на скрыпцы, – выхвалялася Танюша. – Мне падабаецца спяваць, слухаць музыку, танчыць.
     Дзяўчынка зусім нядаўна паступіла ў музычную школу №3, якая размяшчалася недалёка, праз дарогу ад іх дома, пры клубе Танкасуконнага камбіната. Але Танюша ўжо паспела палюбіць сваю маленькую скрыпачку, і, напэўна, усім суседзям па дому надакучыць "піліканнем" на ёй. Яе брат Колька маўчаў, ён верыў, што з сястры выйдзе добры музыкант. Яна ж старанна вучыла гамы, эцюды, караценькія п'есы. У вечары ставіла пюпітр на кухні, дзе яна і развучвала хатняе заданне, час ад часу зазіраючы ў акно і чуючы гукі, якія даносіліся ад суседзяў, у пакойчыку якіх ужо стаяў нядаўна набыты першы ў іх доме тэлевізар з малюсенькім экранам.
     У двары тым часам гулялі сябры: Людка, Сярожка і Ігарок. Ім трэба было толькі вывучыць школьныя ўрокі і ўсё. Таня крыху зайздросціла дзецям, але ад ігры на інструменце не магла адмовіцца, ён прыцягнуў яе да сябе, як магніт, і зачараваў з першага дня знаёмства. Калі ў яе атрымлівалася іграць лепш, чым раней, яна ганарылася сабой, толькі не паказвала выгляду нікому. Ніхто ні разу не пасароміў яе за фальшывыя гукі, таму што іх практычна не было, але ніхто з сяброў дзяцінства ніколі і не пахваліў. Магчыма, дзеці зайздросцілі ёй, але самі не жадалі стамляць сябе музычнай школай? Затое, у музычнай школе ў Тані ўсё ладзілася, настаўніца музыкі ставіла ёй добрыя адзнакі, хадзіць на хор і сальфеджыа дзяўчынцы таксама падабалася. Колькі добрых дзіцячых песень у той пасляваенны час спявалі са сцэны дзіцячыя калектывы! Дзе ж гэтыя песні страціліся, чаму іх не спяваюць сучасныя дзеці?
     У які цікавы час праходзіла дзяцінства Тані і Колі! А колькі разоў дзеці ўсяго двара бегалі глядзець кіно ў кіназалу клуба Танкасуконнага камбіната – не злічыць. Квіток каштаваў дзесяць капеек. Колькі фільмаў яны перагледзелі: камедый, трагедый, савецкіх, замежных, асабліва французскіх! Брату з сястычкай асабліва запомніліся фільмы "Гусарская баллада", "Фантомас", "Граф Монте-Кристо", "Молодая гвардия", "Полосатый рейс".
     Часта матулі пасылалі дзяцей у краму за хлебам і малаком. Яны бралі з сабой двух ці трох літровыя бідончыкі і беглі на вуліцу Мяснікова. Там, у новым цаглянам доме, які быў пабудаваны ўжо пасля вайны, была прадуктовая крама. Часам у дзяцей хапала грошай, каб купіць сабе “вялікі ласунак” – брыкецік сухой какавы з цукрам ці сто грам рознакаляровага бліскучага, быццам шклянога, монпансье.
     Па вуліцы Мяснікова ў той час хадзілі трамваі. Унізе, каля Нямігі, было трамвайнае кола. Мама Вольга распавядала, што падчас вайны на гэтым месцы быў нямецкі лагер для яўрэяў. Сюды, за плот, зроблены з калючага дроту, немцы зганялі маладых, яшчэ зусім юных прыгожых яўрэйскіх дзяцей, дзяўчын і юнакоў, ды і старэйшых яўрэяў, каб потым знішчыць іх. Ад гэтага кола трамвай падымаўся ў горку па вуліцы Мяснікова да скрыжавання з вуліцай Савецкай. Тут, наверсе, стаялі чорныя дашчатыя баракі. У іх таксама жылі людзі, і ў адным з іх – Таніна школьная сяброўка Ларыска. Поруч баракаў стаяла светлая драўляная царква.
     У выхадныя дні бацькі вазілі дзяцей на трамваі да Камсамольскага возера. Вада ў ім у той час была чыстая, і ўвесь горад улетку ездзіў туды купацца і загараць.
     
      Гэты аповед на рускай мове
29.08.24