Лета ў зялёным двары - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лета ў зялёным двары
Лета ў зялёным двары
Якім жа прыгожым было лета ў старым раёне на вуліцы Розы Люксембург! Гэтыя драўляныя даваенныя дамы знеслі пазней, у канцы шасцідзесятых гадоў. А тады, у першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, лета дарыла людзям, якія жылі у такім зялёным куточку Мінска, прыгажосць, якую іх горад страціў у пажарах вайны, нібы наганяючы тое, што не дадало ім раней. Хто ж больш за ўсіх "купаўся" ў такой раскошы? Вядома ж, дзеці матуль, юнацкасць якіх выпала на гады страшэннай апусташальнай вайны.      Танька і яе сяброўка Людка вельмі любілі свой зялёны двор. Яны гатовыя былі цэлымі днямі гуляць у скакалкі, класікі і ў мяч, даміно і лато з малодшымі сябрамі Сярожам і Ігарошкам. Колька быў побач, але чамусьці ў класікі не гуляў, не гуляў ён і ў скакалкі. Можа быць, лічыў гэта дзявоцкімі гульнямі. Затое, у казакоў-разбойнікаў ці ў хованкі ён гуляў з задавальненнем.
     На адным з дрэў віселі арэлі – дзве тоўстыя вяроўкі з перакладзінай, на якой дзеці ўзнімаліся да неба. За адрынамі былі градкі, дзе матулі вырошчвалі ўсякую зеляніну. Улетку бацькі ставілі паміж градкамі ванначкі з вадой, а калі вада награвалася, дзеці пляскаліся ў іх з вялікім задавальненнем. А яшчэ дзеці з матулямі хадзілі загараць на Яўрэйскія могілкі. Яны былі абгароджаны напаўразваленым агароджам з цэглы ў шашачку. Могілкі былі ўсе зарослыя. Конікі цвыркалі там ва ўсе галасы.
     Вуліца Розы Люксямбург у той час была нешырокай, але роўнай. Па ёй хадзілі грузавыя машыны. Яна ішла да Нямецкіх могілак. Далей было Грушаўскае мястэчка, дзе, як казалі тады, жыло шмат бандытаў, і дзеці страшна баяліся іх.
     Вуліца Клары Цэткін таксама была вузенькай. Ад калонкі ля іх хаты яна ішла пад горку, а затым спускалася ўніз. Уздоўж гэтых вуліц запар стаялі драўляныя хаты, расквіталі сады, рунелі агароды. Вакол расло шмат старых таполяў, клёнаў, акацый. Усё патанала ў зеляніне. Гэта быў райскі куток шчаслівага дзяцінства дзяцей…
     – Дзеці, не выходзьце з нашага двара на вуліцу, там ездзяць машыны – прасілі мамы.
     Яны баяліся, каб дзяцей не збіла машына, хаця, машын у той час па вуліцы ездзіла вельмі мала. А там, за варотамі, рос велізарны клён! Колькі ж яму тады было гадоў? Пэўна, больш за двесце. Ён дарос да самага неба і з гонарам калыхаў на ветры сваімі раскошнымі галінамі.
     – Хутка паспеюць яго верталёцікі, – марылі дзяўчынкі.
     Увосень Колька, як самы высокі і моцны, падскокваў угару, каб дастаць кляновую галінку і сарваць з яе верталёцікі. Дзеці ляпілі іх на насы і, смеючыся, беглі ў свой двор.
     У іх двары таксама раслі дрэвы: клёны, рабіна і акацыя. Але яны былі маладзейшыя за стары клён і, магчыма, трохі зайздросцілі яму. Затое, на гэтых дрэвах таты дзяцей прыбілі шпакоўні. Кожную вясну ў іх сяліліся птушкі. Іх звонкія галасы разліваліся па двары. Але сапернічаць з канарэйкай шпакам і сініцам не прыходзілася. Гэта пёўчая птушка пасялілася ў пакоі адзінокай бабулі, а тая ўлетку выносіла клетку з птушкай у двор. Ох, як цудоўна канарэйка спявала, асабліва ў сонечны пагодлівы дзень! А побач з ёй гулі пчолкі і чмялі, пералятаючы з адной кветкі на іншую. Гэтыя кветкі – вяргіні, садовыя рамонкі, гладыёлусы – клапатлівыя гаспадыні кожны год высаджвалі ў кветніках ля сваіх акон. Так, відаць усе людзі вельмі знудзіліся па прыгажосці і цяпер яны любаваліся ёю…
     
     Помню домік той драўляны,
     Дзе нарадзілася, расла.
     З родным брацікам гулялі,
     Не збягалі мы з двара.
     
     Двор наш быў такі прыгожы,
     У пахах кветак патанаў!
     Птушкі цвыркалі на дрэвах,
     І пчаліны гул стаяў.
     
     Сонца летам ззяла ў небе
     Нібы шарык залаты,
     Выплывала з-пад аблокаў,
     Усміхалася заўжды.
     
     З дзецьмі ў хованкі гулялі,
     У скакалкі, даміно.
     А матулі паглядалі
     Пільным вокам у акно.
     
     У зямлі “сакрэт” хавалі,
     Выхваляліся мы ім,
     Бо каменьчык той яскравы
     Дзеля нас быў залатым.
     
     На арэлях узляталі,
     Адпраўляліся ў палёт.
     У шчасных думках прыгадала
     Я сучасны самалёт.
     
     Маё светлае дзяцінства,
     Жаль, сышло. Скажы, куды?
     Толькі, усё ж, ты засталося
     Ў маім сэрцы назаўжды!
     
      Гэты аповед на рускай мове
29.08.24