
Колька пайшоў у школу
Калі Тані споўнілася пяць гадоў, мама ўладкавалася на працу – дворнічыхай на вуліцы ў цэнтры Мінска поруч кінатэатра "Перамога". Яго толькі нядаўна пабудавалі, і кінатэатр карыстаўся вялікай папулярнасцю. Пазней, дзеці, бачачы, як цяжка іх маме рабіць на гэтай працы, часта ўзімку прыходзілі да яе на ўчастак і дапамагалі прыбіраць снег і лёд. У той час уся праца па ўборцы вуліц горада рабілася ўручную. Снегапрыбіральных машын яшчэ не было.
Свой першы заробак матуля сабралася патраціць на падрыхтоўку дзяцей да школы: старэйшай пяцікласніцы Валі і малодшага Колі, які паступіў вучыцца ў першы клас. Колю ў красавіку споўнілася сем гадоў, Валі – дванаццаць, а малодшай Тані ў жніўні будзе шэсць гадоў.
– Твае дзеці хутка растуць, – казалі суседкі. – Колька – высокі такі, дужы расце. Добры памочнік ён у цябе.
– Мае дзеці паслухмяныя, дапамагаюць ва ўсім, – хвалілася мама Вольга.
Часам яна пасылала Колю з Таняй у краму за малаком. Давала Колю бітончык і казала трымаць Таню за руку.
– Яна малодшая, ты старэйшы, глядзі за ёй.
Колька выконваў усё, аб чым прасіла мама. Ён асцярожна нёс з крамы бітончык з малаком, баючыся яго праліць, а Танька ішла побач. Толькі ва ўваходзе ў двор ён браў яе за руку так, як прасіла мама.
– Нікуды не ўцякай, ідзі побач са мной, – строга казаў ён сястры, хоць тая і не збіралася нікуды ўцякаць. Для Танькі Колька быў самым галоўным аўтарытэтам, і было б дзіўным, калі б яна не паслухалася яго.
Перад школай Колька ўжо добра чытаў не толькі па складах. Ён прачытаў "таўшчэзную" кнігу казак. Чытаць навучыўся па буквару старэйшай сястры, а следам за ім вучылася ўсяму яго малодшая сястрычка. Яны быццам "спараныя конікі" заўсёды і ва ўсім былі поплеч. І пра ўменні Колькі тут жа даведвалася Танька. Яна была першай захопленай душой, яго знатаком, другім знатаком была мама.
– Колька ў нас вельмі разумны, ён усё можа зрабіць, – хваліла мама суседкам свайго сыночка.
А сын нібы вырастаў на цэлы сантыметр, падтрымка мамы і сястры дапамагала яму пачувацца на вышыні і імкнуцца да яшчэ большых поспехаў…
– Які ты прыгожы! – цешылася Танька, бегаючы вакол браціка.
Колька прымяраў школьную форму, а яшчэ ў яго з'явіўся новенькі карычневы партфель, сшыткі ў клетачку і лінейку, пенал, альбом для малявання, алоўкі, ручка і гумка, лінейка. А ў яе, у Танькі, яшчэ нічога гэтага не было. Сумна.
– Я таксама хачу ісці ў школу, – прасілася яна.
– Табе яшчэ рана, – казала мама. – Калі хочаш, я запішу цябе ў дзіцячы сад.
– Не хачу.
– Тады будзеш раніцай у хаце адна, пакуль Коля не прыйдзе са школы.
Цэлы год па паступлення ў школу ранішнія гадзіны Таня будзе праводзіць адна, чакаючы сваіх родных разам з уключаным радыёпрыёмнікам. Яна будзе слухаць усе ранішнія радыёперадачы, палюбіць дзіцячыя радыёпастаноўкі, песні. Усе гэтыя дзіцячыя ўражанні пакінуць у яе душы незгасальнае добрае святло, а чароўныя галасы артыстаў яна будзе ўспамінаць усё жыццё…
Узімку тры акны ў вялікім пакоі, дзе жыла сям'я – мама, тата і дзеці – пакрываліся ледзянымі ўзорамі. Сонца ўставала рана і свяціла прама на змёрзлае шкло, робячы ўзоры перламутравымі. Танька дыхала на іх, і ставіла маленькія ледзяныя кропачкі пальчыкамі.
– Гэтыя ўзоры робіць сам Дзед Мароз па начах, – загадкава казаў Колька.
Адкуль ён пра гэта даведаўся, Танька не пытала, але свята верыла ва ўсё, пра што казаў любы брат. Таму па вечарах не падыходзіла да цёмнага акна, баючыся сустрэцца там позіркам з чараўніком з казкі.
Узімку ў двары выпадаў такі снег, што гурбы ўздоўж расчышчаных дарожак былі вышэй за дзіцячага росту. Ночы станавіліся даўжэйшымі, дні – карацейшымі. Набліжаўся Новы год.
– Мама! А ты купіш да Новага года шакаладныя цукеркі? – спытаў Колька, а Танька стаяла побач, падтрымліваючы яго ў пытанні.
– Куплю. Толькі мы іх павесім на Ёлку.
– Ура! – узрадаваліся дзеці.
Яны з нецярпеннем чакалі сваё любімае свята. А яно ўжо вельмі хутка наступіць. Хто ж прынясе ў хату пахкую прыгажуню Ёлку? Вядома, тата. Ён жа паставіць яе ў вядро з пяском так, каб высокая прыгажуня не змагла зваліцца на падлогу. Цацкі ж на ёй будуць дарагія!
– Глядзіце, не перакуліце Ёлку і не чапайце цацкі, – прасіла мама.
Яна прыбірала Ёлку прыгожымі бліскучымі шарамі і фігуркамі жывёл. Шкляныя цацкі далікатныя, каштавалі дорага, і мама не давярала дзецям іх развешваць на пухнатых галінках пахкай лясной прыгажуні. Пакой ужо на ўсю моц напоўніўся яе водарам. Да таго ж, вельмі прыемны салодкі пах ішоў ад цукерак. Яны яшчэ ляжалі на стале ў папяровым скрутку. Але хутка дзеці абвяжуць папяровыя абгорткі цукерак нітачкамі, і тады мама павесіць салодкія пачастункі на Ёлку. А яшчэ там будзе красавацца фігурнае печыва. Затым Ёлка знізу даверху атуліцца бліскучым рознакаляровым дожджыкам. Не, гірлянд з лямпачак на ёй у той час не было, затое віселі яркія шкляныя каралі.
– Прыгажуня! – мама Вольга залюбавалася сваёй працай.
Дзеці цешыліся разам з ёй. Хутка, вельмі хутка наступіць Новы год, і тады мама дазволіць ім патроху зрываць гэтыя вельмі смачныя цукеркі! Зараз жа дзеці маглі толькі ўдыхаць іх шакаладны водар.
І вось ужо засталіся ў мінулым зімовыя канікулы з навагодняй Ёлкай, шакаладнымі цукеркамі, смачнымі мамінымі "булкамі", якія яна кожны год пякла да Новага года і Калядаў. Пара ісці ў школу і зноў садзіцца за падручнікі. Але Таню з Колем гэта не вельмі засмучала. Дома былі мама і тата – прыклад велізарнай працавітасці, які яны бачылі кожны дзень.
Тагачасныя акцябраты шасцідзесятых гадоў, сястра з братам з гонарам насілі свае значкі з партрэтам маленькага Валодзі. Да таго ж, яны імкнуліся не адставаць адно ад аднаго і, самі таго не ўсведамляючы, нябачна супернічалі ў вучобе. Мама з гонарам распавядала суседкам пра поспехі сваіх дзяцей, збірала ўсе пахвальныя граматы і ведамасці пра заканчэнне чарговых класаў…
Кожны год на дзень нараджэння і “8 Сакавіка” дзеці дарылі матулі падарункі ў выглядзе віншавальных паштовак. У тыя гады кішэнных грошай дзецям у іх двары ніхто не даваў. Адкуль было іх узяць, калі людзі лічылі дні ад зарплаты да зарплаты.
Калі прыйшла вясна, Колька сказаў, што будзе маляваць матулі падарунак да восьмага сакавіка. Танька не адставала ад брата. У выхадныя дні яны сядзелі побач за сталом і старанна выводзілі на паперы спачатку алоўкам лічбу восем, затым аздаблялі яе і падпісвалі віншаванне маме.
Аднойчы ўзімку мама навучыла дзяцей рабіць сурвэткі. Яна выразала з простага бялізнавага матэрыялу два квадрата і паказала, як выцягваць па баках нітачкі. Дзеці сядзелі за сталом і старанна выраблялі свае сурвэткі. Але што ж далей? Коля першы намаляваў на салфетцы алоўкам "8 САКАВІКА". Да таго часу дзеці ўжо трохі ўмелі вышываць. Гэтаму рамяству навучыла іх мама. Вось так паступова Таня з Комем вышылі свае падарункі любімай матулі да яе свята.
Атрымаўшы падарункі ад дзяцей, мама доўга любавалася гэтымі тварэннямі спачатку сама, потым паказвала бацьку. З цягам часу такіх падарункаў у яе пазбіраецца цэлая папка. Мама Вольга будзе берагчы іх усё сваё жыццё, кожны год дадаючы ў папку новыя віншаванні, пазней гэта будуць віншаванні ад унукаў…
Матуля часам распавядала дзецям пра вайну і тыя пазбаўленні, якія яна перанесла, тата ж быў больш стрыманы і нешматслоўны. Але дзеці ведалі, колькі нягод яму прыйшлося перажыць на фронце. Ды і потым, пасля вайны, ён доўга хварэў, але не здаўся, бо ведаў, трэба адужэць, каб быць паўнавартасным чалавекам і выгадаваць сваіх дзяцей. Іх сям'я не адрознівалася багаццем, але падтрымку ад родных у цяжкую хвіліну тут знаходзіў кожны.
А Мінск, дашчэнту разбураны падчас вайны, паступова адбудоўваўся. Ён рос і прыгажэў. Насельніцтва пераязджала жыць у горад з вёсак, адкрываліся новыя прадпрыемствы, крамы, будаваліся кінатэатры, клубы, стадыёны, новыя школы і дзіцячыя сады, высаджваліся скверы і паркі.
Жыхары дома №34 па вуліцы Розы Люксембург з цікавасцю сачылі за падзеямі ў свеце. Кожны дзень паштальён прыносіў і клаў у паштовыя скрыні, якія змяшчаліся каля дзвярэй кватэр гэтага драўлянага дома, кіпы газет і часопісаў. Людзі прачытвалі ўсё. Ніхто не жадаў быць у недасведчанасці таго, што адбываецца ў свеце. І не толькі цешыцца поспехамі краіны даводзілася людзям, хвалявацца таксама было ад чаго.
– Дзетачкі мае дарагія! Усё ў нас будзе дабра, толькі б не было вайны.
Гэтыя словы часта можна было чуць з вуснаў не толькі мам, але і іншых гаспадынь двара. Напружанае становішча на сусветнай арэне адбівалася нават на дзецях. Яны ж, гуляючы ў двары, часта чулі выццё гарадской сірэны, бачылі хмурныя твары сваіх бацькоў, якія прачыталі чарговае хвалюючае паведамленне ў газетах.
Гэты аповед на рускай мове
29.08.24