
Старасць
Дзесьці на краю вёскі стаяла старая закінутая хата. Яна была пабудаваная вельмі даўно. Дах у яе прадзіравіўся, старыя бярвеністыя сцены зараслі мохам і напалову згнілі. Вокны, забітыя дошкамі, пакрыліся брудам і павуціннем, а праз згнілую драўляную падлогу прабілася трава.
За ўсё сваё доўгае жыццё старая хата вельмі шмат чаго пабачыла. У тыя даўнія часы, калі яна была толькі яшчэ пабудаваная, у ёй жыла вялікая дружная сям'я. Усе любілі яе, бераглі, рамантавалі. Хата была задаволеная сваім лёсам. Яна жыла і цешылася жыццю разам са сваімі насельнікамі, але больш іншых любіла гаспадара, які клапаціўся аб ёй. Хата была размешчана на самым канцы вясковай вуліцы, таму акрамя адрын, лесу, саду ды дзвюх маленькіх бярозак, пасаджаных поруч яе, сябраваць хаце было не з кім. Аднак, шумнай хаце не было сумна. Яна была маладой і дужай, жыццё здавалася ёй бясконцым.Але час няўмольна ішоў. Хата пастарэла, састарэлі і памерлі яе гаспадары. Моладзь з'ехала ў горад, і хата засталася апусцелай, халоднай, забытай ўсімі і нікому не патрэбнай. А бярозкі, якія раслі поруч яе, да таго часу падраслі і сталі нашмат вышэйшыя за сваю суседку. Іх разгалістыя кроны захілілі хату ад моцных вятроў і гарачага сонца. І яны, быццам родныя дзеці, любілі яе. Дрэвы дарылі хаце цяпло і радасць, саграваючы яе азяблую душу. Не будзь іх тут, хата, напэўна, ужо б развалілася на часткі і згніла. Але бярозкі ўтрымлівалі яе ад гэтага, і яна працягвала жыць побач з імі…
Усе старыя ведаюць, наколькі цяжка быць старым. Ніхто з маладых не зможа зразумець гэтага да канца. Старых разумеюць толькі тыя, хто бачыў іх маладымі – людзі з іх пакалення. Як крыўдна становіцца старому чалавеку, калі такіх людзей становіцца ўсё менш і менш. Паступова круг зносін звужаецца, і, ушчэнт, стары застаецца сам-насам са сваім горам – старасцю. Нішто так не прыгнятае, як духоўная адзінота. Калі ёсць хто-небудзь, каму ты хоць трохі патрэбен, хто не забыўся пра цябе, тады хочацца жыць і змагацца за гэта жыццё. Нават сабака, з якой жыве стогадовы стары, і да якой ён прывязаны, ратуе яго ад нуды і адзіноты. Адзін мой знаёмы стары, які трымаў сабаку, не змог перажыць, калі тая памерла. Да таго яшчэ бадзёры, ён злёг і перажыў сабаку ўсяго толькі на некалькі месяцаў.
Не дай жа нам Бог застацца ў старасці самотнымі!
Гэтае апавяданне на рускай мове
11.08.24