
Непаседлівыя Морква і Цыбулька
Увесну бабуля Таня пасадзіла на градках у сваім вясковым агародзе розную агародніну: моркву, буракі, бульбу, агуркі, радыску, лук, гарбузы, кабачкі, капусту. У пачатку лета да яе прыехала ўнучка з горада – Настачка. Кожны год дзяўчынка ўсё лета праводзіла ў бабулі, але сёлета ёй, другакласніцы, трэба будзе ехаць у аздараўленчы лагер на другую змену. Настачка гаварыла пра гэта з бабуляй і трохі хвалявалася, бо яшчэ ні разу ў жыцці не ездзіла ў школьныя лагеры.
– Не бойся, – супакойвала яе бабуля. – У дзяцінстве я таксама ездзіла ў такія лагеры. І мне гэты занятак вельмі падабаўся. Колькі цікавага ты даведаешся, пражыўшы ў лагеры цэлую змену, там у цябе з'явяцца новыя сябры.– Так, я разумею, – адказвала ўнучка, седзячы за сталом і з задавальненнем уплятаючы смачнае пячэнне. Дзяўчынка не была гультайкай. Яна шмат у чым дапамагала сваёй бабулі, а тая яе не раз хваліла сваім суседкам.
Час ішоў. У агародзе каля іх хаты падрасталі смачныя расліны. Стрэлкі зялёнага лука ўжо павыцягваліся ўгару і прасіліся на стол у свежую салату з агуркоў і радыскі. А морква калыхала зялёнымі пухнатымі хвосцікамі, маўляў, і я расту! Гарбузы і кабачкі таксама не адставалі, наліваліся сокам, не саромеліся таўсцець. Маладзенькія агурочкі разлягліся на шырокіх лісціках і дрэмлюць, саграваючыся сонечнымі праменьчыкамі.
Усім раслінам цяпер была патрэбна вада. Яны млеюць ад спякоты і хочуць піць. Настачка разумела гэта і пад вечар пускала ваду на градкі па паліўных шлангах. Хай астудзіцца бабуліна агародніна, насычыцца вадзіцай. Тады яна не высахне, ёй яшчэ трэба расці, ды расці. Так думала дзяўчынка. Яна любіла даглядаць агарод і ўважліва назірала за ім.
Але ніхто з людзей не чуў, пра што думаюць самі расліны, пра што яны мараць, седзячы на градках. А мары ў іх тыя ж, што і ў людзей. Вось вам і прыклад.
У цэнтры адной з градак расце невялікая Морква. Але якая ж яна дапытлівая! Ёй, малой, не сядзіцца на месцы, хочацца павандраваць, выбрацца з зямлі і збегаць на луг, вунь той, што віднеецца ўдалечыні. Морква ўвесь час глядзіць удалячынь, за тын бабулінага агароду, і марыць уцячы з градкі. Нарэшце яна не ўтрымалася, выскачыла з зямлі наверх і, падскокваючы, панеслася да сваёй мары. А за ёй следам ведаеце хто пабег? Маленькая Цыбулька, яшчэ зусім дзіця, яна таксама вырвалася з зямлі і бягом з агароду на волю.
– Куды вы? – крыкнулі ўслед ім агародныя расліны. Але адказу не атрымалі.
– Ты хто? – спытала памяранцавая Морква ў залацістай Цыбулькі, калі тая дагнала яе.
– Я Цыбулька, і мне таксама хочацца пагуляць вунь на тым зялёным лузе, – адказала малая.
– Тады пабеглі хутчэй! – усклікнула Морква.
Ах, як добра на волі! Ніхто цябе не спыняе, можна рабіць усё, што захочаш. Але неяк страшнавата…
Морква і Цыбулька спыніліся і паглядзелі назад.
– Нічога, – супакоіла сябе і сяброўку Морква. – Мы ж, не надоўга. Пагуляем трохі і вернемся.
– Так, – пацвердзіла Цыбулька, але ў яе ад хуткага бегу ўжо пачало трапятаць сэрцайка. – Давай тут спынімся і перадыхнём, – прапанавала яна, калі яны дабеглі да аўсянага поля.
А там гула машына. Гэта быў камбайн. Ён збіраў каласкі аўса, і пад яго колы маглі патрапіць неасцярожныя ўцекачы.
– Ой! – схамянулася Морква. – Пабеглі адгэтуль, а то гэта велізарная машына растопча нас.
Сяброўкі рванулася ў бок і патрапілі на вузкую сцяжынку. Па ёй не ішлі людзі, затое тупаў хтосьці маленькі і вельмі калючы, чыя спінка была ўсеяная мноствам іголак, якія тырчалі угару.
– Які жах! – піснула Цыбулька. – Ён нас паколе!
– Няпраўда, – запярэчыў Вожык. – Мае калючкі не колюцца, бо я яшчэ маленькі.
І сапраўды, у гэтага малюсенькага Вожыка іголкі былі маленькія і мяккія.
– Навошта ты ўцёк ад мамы, дзе яна? – спытала Морква.
– Я хачу пагуляць, – адказаў ён, але чамусьці, тут жа, расплакаўся.
– Мама! Дзе мая мама! – плакаў малы.
– Твая мама ў лесе, яна шукае цябе, – крыкнуў з вышыні чорны Грак.
– А дзе лес? – спытаў у Грака Вожык. Ён, блукаючы па полі, зусім страціў арыенцір і не ведаў, у які бок яму трэба ісці, каб знайсці сваю маму.
– Вось так непаслухмяныя дзеці губляюць сваіх бацькоў, – паўшчуваў Грак Вожыка, але, усё-такі, паказаў яму дарогу дахаты, да мамы.
Морква і Цыбулька, пачуўшы ўсю гэту гісторыю, трохі засумавалі, хаця, яны ж нашмат разумнейшыя за малюсенькае Важаня і навучыліся арыентавацца на мясцовасці. Сяброўкі азірнуліся назад, каб паглядзець на той агарод, з якога ўцяклі.
Неўзабаве яны дабеглі да зялёнага лугу і агледзелі яго. Іх мара спраўдзілася. Морква і Цыбулька ўбачылі тысячу квітнеючых палявых кветак, якія ў прамянях вячэрняга сонца пераліваліся рознымі фарбамі.
– Прывітанне! – шапталі кветкі. – Хто вы?
– Мы вунь з таго агароду, – растлумачылі расліны, – зараз пойдзем назад, толькі паглядзім на вас.
– На нашым лузе не расце агародніна, а толькі кветкі, – сказаў белы Рамонак.
– Гэты луг – наша хата, – зазвінелі званочкі.
– А наша хата – бабулін агарод, – зразумелі Морква і Цыбулька.
– Хутка сцямнее. Трэба спяшацца назад, – сказала Морква, як галоўная ў гэтым вандраванні. Але Цыбулька нават не пярэчыла. Яна стамілася з нязвычкі ад такога доўгага вандравання і з задавальненнем адправілася насустрач сваёй роднай цыбульнай градцы. Так, амаль не размаўляючы, сяброўкі вярнуліся дахаты, на бабулін агарод.
Агародныя расліны, якія раслі на градках, трохі паўшчувалі іх:
– Вы ж яшчэ не паспелі. Нырайце назад у зямлю, вам яшчэ трэба расці ды расці.
Вось такі атрымаўся шпацыр па абшарах сваёй роднай старонкі ў маленькіх недаспелых Морквы і Цыбулькі.
Чаму ж навучыла іх гэта вандраванне?
Калі ты малы, то павінен расці разумным і добрым, старацца слухаць і не хваляваць родных, дапамагаць ім, выконваючы свае абавязкі, а галоўнае, любіць родны край.
Гэта казка на рускай мове
29.07.24