
Старая кватэра
Найсвяцейшая Багародзіца! Прабач мяне, грэшніцу!
Калі я прыйшла туды, дзе калісьці жыла разам з мамай і татам, то ўбачыла там бабулю. Яна ішла з палачкай у такой жа адзежы, у такой жа хустачцы і паходка ў яе, увогуле, усё-ўсё было, як у маёй матулі. Але мая матуля ўжо не на зямлі, яна паляцела ў нябёсы. А, можа быць, яна яшчэ дзесьці тут, прылятае да мяне. Бо нездарма ж яна нагадала мне пра сябе.Там, на той старой кватэры, усё змянілася. Дрэвы выраслі, мая школа пастарэла, школьны двор зарос кустамі і дрэвамі. На пяшчанай пустэчы, праз якую я заўсёды хадзіла ў школу, пабудавалі тры шматпавярховыя дамы. І ў двары нашага дома, некалі запоўненага старымі і дзятвой, ужо нікога няма. На кухонным акне кватэры маёй дзіцячай сяброўкі Людкі, як і тады, вісіць фіранка. А Ларыска тут ужо даўно не жыве. На месцы старой вёскі, якая была побач з нашымі дамамі, пабудавалі банк і нейкае прадпрыемства. Усё змянілася. І нават не чуваць таго смуроду з радыятарнага завода. У старых прадуктовых крамах, дзе я памятаю кожны куток, таксама ўсё па-іншаму. А колькі гадоў мы куплялі ў іх батоны па трынаццаць і пятнаццаць капеек, малако ў бутэльках па дваццаць восем капеяк, запалкі па адной. Я памятаю нават, дзе мы запраўлялі шкляныя сіфоны газаванай вадой з сіропам ці без.
Але фруктовы сад за маім старым домам яшчэ расце. Я абавязкова знайду час прыйсці паглядзець на яго ўвесну.
Гэты аповед на рускай мове
25.07.24