Старая вясковая гісторыя (казка пра каханне)
За вёскай, ля дарогі, стаяў магутны стары Дуб. Колькі гадоў яму было, ніхто не ведаў. Толькі ішла ў народзе гаворка, што не Дуб гэта зусім, а магутны волат. Здарылася з ім загадкавая гісторыя ў той час, калі вёска яшчэ была невялікай. На тым месцы, дзе рос Дуб, хат у той час не было, а толькі каласавала пшанічнае поле.
У другім канцы вёскі, каля старэнькай закінутай хаты, расла высокая Бяроза. Яна была маладзейшай за Дуба гадоў на сто. Але можа і не. І шла паміж людзьмі гаворка, што зусім не Бяроза гэта, а зялёнавокая маладзіца, якая ў тыя даўнія часы жыла ў лесе і зводзіла з розуму ўсіх хлопцаў вёскі.Трохі паводдаль ад Бярозы рос стройны і разгалісты стары Клён. Шмат хто з вясковых жыхароў ведаў і яго даўнюю гісторыю. "Не Клён гэта зусім, а прыгажун-маладзец каравокі і кучаравы, вясёлы і ўмелы. Той, што жыў тут на хутары, – распавядалі вяскоўцы. – Любіў ён у лес хадзіць і на дзічыну паляваць. Прыносіў хлопец сваёй матулі дахаты вавёрак і зайцаў, нават мядзведзя аднойчы падстрэліў. Так з футра таго яго маці кажух сабе пашыла, а з вавёрчыных скурак шапку сыну змайстравала".
Усё ішло б так і далей у іх жыцці, калі б аднойчы не сустрэўся гэты маладзец з дзяўчынай у лесе на кветкавай паляне.Зялёнавокая прыгажуня, стройная і гібкая як лань, хутка ачмурыла каравокага паляўнічага. Ён вельмі моцна закахаўся ў яе, а яна – не. Жадала дзяўчына для сябе іншага жаніха – багатага іншаземнага. Не хацелася ёй усё жыццё ў глухім лесе пражыць. Марыла яна пра славу і багацце для сваёй прыгажосці няпісанай. Доўга мучыла яна маладога чалавека, не праганяючы і не набліжаючы да сябе. Мабыць трымала прыгажуня яго як бы на ўсякі выпадак, пакуль не наведаецца ў іх глухія лясныя краі магутны волат сілы незвычайнай, росту велізарнага, з голасам дзікага звера.
Аднойчы не на шчасце, а на бяду з'явіўся той самы асілак у іхняй вёсачцы. Якімі шляхамі зайшоў ён туды, нікому не вядома. Здзівіў ён людзей сваёй волатаўскай сілай і аповедамі пра далёкія краіны. Вось і вырашыла хітруха, што гэта той, хто ёй патрэбен, што павязе ён яе ў заморскія краіны, абдорыць падарункамі – смарагдамі і жэмчугамі.
Ды дзе там. Волат і не глядзеў у яе бок. Шмат дзе чуў ён пра мясцовага паляўнічага, што можа тут жа адолець любога звера, нават мядзведзя. Захацеў ён з хлопцам тым пазмагацца і сваёй сілай пахваліцца. І вось аднойчы разгуляўся па між імі спор. Пабіўся волат з маладцом, паваліў яго адной рукой і ў зямлю закапаў.
Разгневалася маці маладога хлопца і пракляла волата. Не доўга ён хадзіў па беламу свету. Неўзабаве захварэў і памёр. Пахавалі яго на ускрайку лесу поруч пшанічнага поля, а малайца – побач з хатай яго матулі. Неўзабаве на іх магілах пачалі расці маладыя дрэўцы – Дуб і Клён. А дзяўчына, што марыла за кагосьці з малайцоў замуж выйсці, так адна ўсё жыццё і пражыла. Толькі потым з лесу выйшла і ў маці паляўнічага пасялілася. Там і памерла.
І вырасла на яе магіле стройная Бяроза. Дагэтуль там расце, гойдае сваімі галінкамі, зялёнымі вачамі на Дуб з Клёнам паглядае, быццам штосьці сказаць ім жадае. Але толькі чулы салавей разумее яе думкі і сумную песню пра старую Бярозу спявае.
Гэта казка на рускай мове
10.03.24