Ялінка і яе выратавальнікі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ялінка і яе выратавальнікі
Ялінка і яе выратавальнікі
Вясной на палянцы хвойнага лесу з насення самай прыгожай пухнатай Елкі нарадзіліся тры маленькія ялінкі. Яны з цікаўнасцю разглядалі ўсё наваколле, а мама Елка казала ім:      – Мае дарагія дачушкі! Вы нарадзіліся на выдатны белы свет, расціце здаровымі і любіце адна адну!
     Матылькі і стракозы, заўважыўшы на палянцы новых юных жыхароў, усаджваліся на тоненькія галінкі сястрычак. Яны знаёмілі малых з лясной палянкай і распавядалі ім казкі пра лугавыя кветкі, пра іх прыгажосць і водар. Вожык Белахвосцік часта падбягаў да іх, каб пакратаць далікатныя зялёныя лапачкі. Ён па-добраму зайздросціў таму, што ў ялінак іголкі мяккія, а ў яго калючыя.
     – Расціце, не хварэйце, – ласкава казала старая Мышка і старанна выскубала вакол ялінак усю траўку, каб ніхто ім не загароджваў сонечнае святло.
     Прайшло некалькі гадоў. Дзве старэйшыя сястрыцы папрыгажэлі, распушыліся і падраслі. Яны ганарыліся сваім ростам і бліскучымі зялёнымі галінамі. Толькі малодшая сястрычка чамусьці дрэнна расла, была нашмат танчэйшай, худзейшай і ніжэйшай за сваіх сясцёр.
     – Чаму ты такая бледная і невясёлая, ды і рост у цябе нашмат ніжэйшы, чым у іх, – дзівіліся Вожык і старая Мышка. – Табе дрэнна, ты хворая? – пыталі яны.
     – Не ведаю, – сумна адказвала Ялінка і яе тонкія аслабелыя галінкі апускаліся ўніз.
     – Ёй не хапае сонечнага святла, – цвыркаў Верабей.
     – Усё таму, што яна расце на пяску, – казаў зямны Чарвяк.
     – Гэта не так, – спрачаліся з імі старэйшыя сястрыцы-ялінкі. – Ёй усяго хапае, гэтак жа, як і нам. Проста яна нарадзілася з самага маленькага семачка, таму нам яе вельмі шкада.
     А мама Елка глядзела з вышыні свайго вялікага росту на малодшую дачушку і не ведала, што прыдумаць, каб тая адужэла і падрасла.
     Прыйшла зіма, і Дзядуля Мароз даў заданне тром лясным зайцам прыбраць навагоднімі цацкамі самыя прыгожыя маладыя ялінкі. Зайцы абыйшлі ўвесь лес і больш прыгажэйшых за двух сястрычак-ялінак, не знайшлі. Упрыгожылі іх зайцы бліскучымі шарамі і хлапушкамі, а на трэцюю, маленькую сястрычку, нават дожджык серабрысты не павесілі. Цешацца дзве сястрычкі, а трэцяя – плача, яе салёныя слёзкі па ствале ўніз бягуць.
     Але прайшло навагодняе свята, і надышла вясна. Ізноў зазелянела траўка, і на ўсіх ялінках з почак распусціліся новыя пухнатыя галінкі. Добра растуць дзве сястрычкі, хутка да матулінай верхавіны дацягнуцца, а трэцяя, малодшая, толькі крышачку падрасла, на адну кропельку стала вышэй ростам. Крыўдна Ялінцы, але не ведае яна, як ёй дагнаць сястрычак, чаму яна такой слабенькай урадзілася на свет.
     І вось да радасці ўсяго лесу, вярнуўся з паўднёвых земляў іх знаёмы Салавейка, райская птушачка. Сеў ён на верхавіну мамы Елкі і сваю песеньку заспяваў. Пачула гэту песню малодшая Ялінка і павесялела.
     – Ах, як ты, Салавейка, цудоўна спяваеш, маё сэрцайка цешыш! – пахваліла яна птушку.
     Узрадаваўся Салавейка пахвале і на яе тоненькую верхавінку пераляцеў. Паглядзеў ён на малую і такую песеньку заспяваў, што ўсе дрэвы ў лесе заслухаліся. Паляцелі звонкія пошчакі Салавейкі ўвысь, да самага Сонца. Пачуў песню Салавейкі адзін добры сонечны Праменьчык. Спусціўся ён уніз, да Ялінкі, і асвяціў яе знізу даверху сваім чароўным сонечным святлом.
     І як толькі гэта адбылося, Ялінка, насычыўшыся сілай самаго Сонца, адразу ж акрыяла і адужэла. Ялінка пачала хутка расці, і да наступнай зімы яе было не пазнаць.
     – Малайчына, Ялінка, ты папрыгажэла і падрасла, – хвалілі яе зайцы, Вожык Белахвосцік і Мышка.
     Старэйшыя сястрычкі цяпер глядзелі на Ялінку без жалю, як на роўную сабе па прыгажосці сяброўку. А мама Елка цешылася за дачушку больш за ўсіх.
     Да наступнага новага года па заданні Дзядулі Мароза зайцы ўпрыгожылі кожную з трох сястрычак. У выніку малодшая Ялінка стала такой жа прыгажуняй, як і яе сястрычкі. Усе звяркі і птушкі сустракалі Новы год на палянцы, дзе красаваліся навагоднія прынцэсы казачнай прыгажосці. Звяркі вадзілі вакол іх карагоды і спявалі навагоднія песенькі.
     З тых часоў мама Елка спакойная за сваіх дзяцей. Яна вельмі ўдзячная сонечнаму Праменьчыку і Салавейку, за тое, што яны дапамаглі вылечыць яе малодшую дачушку.
     
      Гэта казка на рускай мове
6.12.23