Girl
Гэта дзяўчынка з ранняга дзяцінства бачыла і адчувала прыгажосць. Для яе прыгажосць была ва ўсім – у лісціках бярозы і таполі, якія раслі ў яе двары, у крылцах матылькоў, лётаючых у гародзе, у пялёстках руж, што распусціліся на кветніку, у жоўтым ззянні каніфолі, спакаванага ў маленькай круглай скрыначцы. Ёй падабаўся даўкі смалісты пах скрыпічнага смычка, нацёртага каніфоллю, і яна гатовая была без канца любавацца сваёй маленькай цёмна-чырвонай скрыпачкай-чацвярцінкай. Дзяўчынка захаплялася прыгажосцю блакітных вачэй і русых валасоў сваёй настаўніцы па класе скрыпкі, яе зачароўваў яе мяккі голас.
Трохі пасталеўшы і ператварыўшыся ў няскладнага трынаццацігадовага падлетка ў сіняй школьнай форме, яна бачыла пяшчоту і прыгажосць у беласнежных уборах яблынь старога саду, які захавалі пры будаўніцтве яе новенькага пяціпавярховага дома, у цудоўным паху кветак мацыёлы, любоўна пасаджанай на сваім балконе суседкай па кватэры дзеля таго, каб гэты пах трапляў у яе акно.Але ўсё-такі самымі прыгожымі, такімі, што пры першым жа позірку ў сэрцы штосьці абарвалася, напоўнілася трапятаннем і хваляваннем, былі вельмі вялікія карыя вочы хлопца такога ж узросту, як і яна, якія аднойчы сустрэліся з яе вачамі ў тым жа квітнеючым яблыневым садзе. Даведаўшыся, што ён жыве ў яе доме, дзяўчынка паспрабавала схаваць ад усіх сваё пачуццё. Але кожная выпадковая сустрэча, яго позірк, кожнае слова, ім сказанае, пакідалі ў яе сэрцы глыбокі след. Яна трапятала, мучылася, раўнавала, пакутавала. Дзяўчынка бачыла вакол прыгажосць, яшчэ нядаўна так захапіўшую яе, але зараз ужо нішто на свеце не магло параўнацца па сіле з пачуццём, якое яна адчувала да хлопца, з гэтым невядома адкуль узяўшымся дзіўным пачуццём першага кахання, якое, здавалася, назаўжды пасяліліся ў яе сэрцы.
Аднак неўзабаве ў яе жыццё ўвайшло другое каханне не менш моцнае і хвалюючае, чым першае. Але гэта ўжо было каханне не да чалавека, а да музыкі, дакладней да мелодыі незнаёмай песні…
У той памятны дзень на ўроку фізікі дзяўчынка выпадкова пачула ні на што не падобную, кранальную мелодыю, якая даносілася з магнітафона маладога настаўніка. Толькі потым яна даведалася, што гэта была песня "A girl" Beatlez, і выконваў яе Джон Ленан. Пра гэта распавёў ёй брат, які таксама моцна захапіўся у той час зусім незнаёмым для ўсіх і вельмі незвычайным ансамблем.
Нішто ў жыцці дзяўчынкі ўжо ніколі не кране яе душу мацней. Пачуццё, якое абудзілася ў ёй тады, застанецца самым хвалюючым, самым чароўным, самым гарачым пачуццём яе жыцця. Яно апынецца нават больш жыццяздольным, чым не меней магутнае пачуццё першага кахання. Таму што колькі б гадоў не прайшло, каханне да выдатнай мелодыі застаецца ранейшым, і яно выклікае ў душы ўжо сталай жанчыны нязменныя пачуцці хвалявання, трапятання і асалоды.
Гэты аповед на рускай мове
24.09.23