Дзень нараджэння маёй бабулі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзень нараджэння маёй бабулі
Дзень нараджэння маёй бабулі
Максім чакаў з працы тату. Седзячы на кухні за вялікім Сталом, абстаўленым рознымі "смачнасцямі", прыгатаванымі мамай і бабуляй, ён маляваў родны горад Мінск.      У левай частцы малюнка хлопчык намаляваў шырокую вуліцу і пешаходны пераход. Гэты пераход – адмысловая дарожка, па якой людзі пераходзяць праз дарогу. Яшчэ яе завуць "зебрай", таму што гэта дарожка размалявана чорнымі і белымі палоскамі, як спінка сапраўднай зебры. Два святлафора ўважліва сачылі за парадкам на вуліцы. Першы Святлафор запаліў людзям зялёнае вока, запрашаючы іх перайсці праз вуліцу па "зебры", а другі – строга глядзеў чырвоным вокам на аўтамабілі, якія стоўпіліся ля пешаходнага пераходу, забараняючы ім праезд. Там, у доўгім шэрагу аўтамабіляў, дзесьці стаяў аўтамабіль таты Максіма, у якім ён дабіраўся дадому.
     У правай частцы малюнка хлопчык намаляваў чыгунку і чыгуначны Святлафор. Ён – стрыечны брат аўтамабільнага Святлафора і вельмі падобны на яго. На малюнку чыгуначны Святлафор свяціў зялёным вокам, адпраўляючы прыгожы новенькі цягнік у вандраванне. Максім вырашыў, што гэты цягнік павязе дзяцей з бацькамі ў горад Брэст, туды, дзе нядаўна ён сам пабываў на экскурсіі. Максім добра запомніў гэта вандраванне. Галоўнае, што там ён убачыў сапраўдную Брэсцкую крэпасць, пра якую яму распавядаў тата. У той гераічнай крэпасці падчас вайны пагранічнікі мужна абаранялі сваю радзіму, не прапускаючы праз мяжу фашыстаў.
     Яшчэ раней пра тую страшную вайну Максім даведаўся ад сваёй бабулі, таму што яе тата, прадзядуля Максіма, ваяваў на фронце, і за подзвігі яго ўзнагародзілі медалямі і нават ордэнам. Гэтыя ўзнагароды захоўваліся ў бабулінай скрыначцы, і яна некалькі разоў паказвала іх унуку. Бабуля вельмі ганарылася сваім татам, Максім жа – сваім прадзядулем. Заходзячы ў бабулін пакой, хлопчык часта глядзеў на фатаграфію прадзеда ў ваеннай форме і з узнагародамі на грудзях. Аднак, Максіму было нават прадставіць цяжка, як такі малады чалавек не баяўся ваяваць на фронце, бо на фатаграфіі ён выглядаў маладзей яго таты.
     Бабуля казала, што ён, Максім, вельмі падобны на свайго прадзеда. А хлопчык марыў, што, калі вырасце, будзе імкнуцца быць падобным на прадзеда не толькі тварам, але і справамі. Максіму вельмі хацелася стаць моцным і адважным, такім, якім быў яго прадзед.
     Але сёння дзень нараджэння бабулі. І ўсё ў кватэры казала толькі пра гэта. Прадзядуля глядзеў з фатаграфіі на сцяне і ўсміхаўся, бабулін кот лашчыўся каля яе ног, мама ўвіхалася на кухні, каб яшчэ лепш і смачней накрыць святочны стол. Максім таксама сёе-тое прыгатаваў у падарунак любай бабулі. Гэта святочная паштоўка. Яе ён зрабіў сам. Намаляваў букет кветак і падпісаў: "Дарагая бабуля! Віншую цябе з днём нараджэння!" Яна вельмі ўзрадавалася яго падарунку, Максім бачыў, як свяціліся шчасцем яе зялёныя вочы. Так-так, яны ў яе зялёныя, як у коткі, такіх вачэй больш няма ні ў каго.
     А цяпер, седзячы за сталом, Максім маляваў ужо іншы малюнак, таму што думаў пра тату. "Пэўна, ён стаіць ў заторы на дарозе каля шкоднага Святлафора, які не прапускае машыны, – спачатку вырашыў хлопчык, але потым перадумаў. – Не. Святлафор добры, – зразумеў Максім. – Ён працуе спраўна і ўслед за чырвоным вокам запальвае жоўты, а затым – зялёны. Зялёнае святло аўтамабільнага Святлафора тут жа прапускае ўсе стоячыя поруч яго аўтамабілі, гэтак жа, як чыгуначны Святлафор – цягнікі".
     Нецярплівы Стол, за якім сядзеў хлопчык, паціху паскрыпваў ад прыкрасці. Яму, абстаўленаму святочнымі стравамі, хацелася, каб хутчэй пачалося свята. Ён быў даволі старым, але моцным, таму што яго змайстравалі з дуба. Стол памятаў усе святы, якія праходзілі ў гэтай кватэры і, асабліва, шчаслівыя дні нараджэння членаў сям'і.
     Але вось стукнулі ўваходныя дзверы, і на парозе з'явіўся тата з вялікім букетам кветак і смачным тортам у руках. Ён усміхаўся, віншуючы сваю маму (бабулю Максіма) і пацалаваў яе. "Ура! Нарэшце, усе ў зборы, – рыпнуў Стол. – Хутка пачнецца свята".
     А бабуля ўжо была ў асяроддзі родных, якія з любоўю жадалі ёй дужага здароўя і шчасця на доўгія гады. Максім зазірнуў у зялёныя вочы бабулі. Яны радасна ззялі ад шчасця! Вядома ж, дарагая бабуля села побач, абняла яго і паглядзела на малюнак:
     – Куды ж ты адправіш усіх пасажыраў аўтамабіляў, калі загарыцца зялёнае святло Святлафора? – спытала яна.
     – Дадому, да сваіх родных людзей, якія іх вельмі чакаюць, – адказаў Максім і прыціснуўся да бабулі.
     
      Гэта казка на рускай мове
23.08.23