15 частка. Вучоба ў інстытуце
Я яшчэ вучылася ў школе, а мой дарагі брацік ужо паступіў у Радыётэхнічны інстытут. Гэта была новая вельмі прэстыжная ВНУ. У той час электроніцы і вылічальнай тэхніцы ў нашай краіне надавалася вялікая ўвага. Музычную школу мне не ўдалося скончыць, мама сказала, што калі я не паступлю ў інстытут, то буду працягваць вучобу ў музычнай школе. Але я паступіла, толькі не ў Радыётэхнічны інстытут, як хацела, а ў Політэхнічны па патрабаванню жаніха маёй старэйшай сястры. – Дзе ты будзеш працаваць пасля заканчэння РТІ. У нас у Мінску толькі два завода, а ў энергетыцы шмат арганізацый, куды можна ўладкавацца на працу.
Так мы апынуліся ў БПІ разам з маёй сястрой, якой я дапамагла паступіць, у адной групе №202. Гэта быў 1970 год.
І зноў мне пашанцавала. Вучыцца было цікава, да таго ж, наша група аказалася вельмі вясёлай і дружнай. Выкладчыкі – дактары і кандыдаты тэхнічных навук – даступна і зразумела тлумачылі незнаёмыя дысцыпліны па абранай намі спецыяльнасці. Я імкнулася дапамагаць сваёй сястры, тлумачыць ёй незразумелае, бо яна скончыла школу ўжо досыць даўно і шмат што прызабыла.
На пяць гадоў наша кватэра напоўнілася агульнымі сшыткамі – канспектамі па вывучаемых прадметах, тоўстымі падручнікамі, лагарыфмічнымі лінейкамі, чарцёжнымі дошкамі, трохвугольнікамі і гумкамі, транспарцірамі, цыркулямі і іншымі рэчамі, патрэбнымі для навучання ў інстытутах. Бо вучыліся мы ўтрох, брат – у РТІ, мы з сястрой – у БПІ, усе на дзённых аддзяленнях.
Першае знаёмства з аднакурснікамі ў нас з сястрой адбылося адразу ж пасля паступлення. У тыя гады ўсіх студэнтаў у пачатку навучальнага года пасылалі ў калгас збіраць ураджай, як тады казалі "на бульбачку". Нас рассялялі па вясковых хатах, для гатавання ежы выдзялялі памяшканне, дзе звычайна стаяў доўгі драўляны стол і лаўкі, была пліта для гатавання ежы, якая абагравалася дровамі. Калгас даваў мяса, бульбачку, макароны, рыс, гародніну, і студэнты самі выбіралі кухараў са сваёй групы. Звычайна гэта былі дзяўчаты. Хлопцы насілі ваду, калолі дровы і секлі мяса.
Па вечарах пасля працоўнага дня мы збіраліся разам, спявалі песні пад гітару, чыталі ўслых любімыя кнігі, хадзілі ў кіно, жартавалі, смяяліся, смажылі на кастры бульбачку. Памятаю, як на адной з картошек, хлопцы налавілі ў рацэ ракаў. Мы іх зварылі ў вядры ў хаце гаспадыні, а потым аб'ядаліся імі і кармілі ката. Добры вясёлы быў час.
Пачыналася вучоба, і ўсе ў момант ўцягваліся ў яе. Марудзіць было нельга. Адстанеш – выключаць ці пакінуць на другі год, г.зн. прыйдзецца браць акадэмічны адпачынак. Надыходзілі канікулы, і мы шчаслівыя, што можна перадыхнуць, збіраліся разам у кагосьці дома ці ў інтэрнаце, хадзілі ў кіно, кафэ, у тэатры, на выставы, проста шпацыравалі ў парках, фатаграфаваліся на памяць. У нас сястрой быў добры сябар з забяспечанай сям'і, Андруша Рэзнікаў. Ён вучыўся ў нашай групе. У яго дома быў па тых часах класны стэрэа прайгравальнік. Наш сябар прыводзіў нас з сястрой у сваю кватэру і даваў паслухаць дзіўна прыгожую класічную і лёгкую музыку, якая лілася з дзвюх стэрэа калонак. Напэўна тады ў мяне з'явілася вялікая цікавасць і любоў да добрай якаснай музыкі. І ўжо пасля заканчэння інстытута, калі ў мяне самой з'явіўся прайгравальнік, я дазваляла сабе купляць дарагія па тых часах пласцінкі з музыкай замежных аркестраў сімфанічнай музыкі, папулярных у той час аркестраў Поля Моріа, Джэймса Ласта, гітарыста Франсіса Гойя, французскай спявачкі Мірэй Мацьё і іншых. У Андрушы дома была вялікая бібліятэка, і ён часта прыносіў цікавыя кнігі і даваў нам пачытаць. А яшчэ мы ўсе разам хадзілі ў мастацкі музей, у тэатры. Тады ў Мінску былі папулярныя балеты Елізар’ева, дзе саліравалі Людміла Бржозоўская і Юрый Траян.
Дома ў мяне ляжыць альбом з маімі студэнцкімі фатаграфіямі. Іх рабіў мой сябар па групе Віця Багравец, з якім я сядзела за адной партай. На фота ўсе студэнты нашай групы – шчаслівыя, вясёлыя. Шмат гадоў пасля заканчэння інстытута мы ўладкоўвалі юбілейныя сустрэчы. Хлопцы з нашай групы сталі вядомымі людзьмі, кіраўнікамі энергетычных прадпрыемстваў. Ды і я не менш папрацавала на гэтай ніве. Пра гэта распавяду крыху пазней.
Усе гады вучобы на Энергафаке ў маёй залікоўцы з'яўляліся толькі выдатныя адзнакі, і, як я лічу, заслужана ў канцы вучобы ў інстытуце мне ўручылі чырвоны дыплом. Лепшай узнагародай за добрую вучобу ў інстытуце стала для мяне паездка пасля заканчэння чацвёртага курсу на летнюю практыку ў Кіеў на цэлых два месяцы. Колькі прыемных уражанняў пакінуў у маёй памяці гэты горад!
Тагачасны Крэшчацік дзівіў сваёй прыгажосцю – ён быў запар у кустах пунсовых руж. Кожны дзень па дарозе на працу я заходзіла ў падземны пераход, вядучы на станцыю метро, і адчувала прыемны водар свежазваранай кавы. Прама ў пераходзе размяшчаўся кафэтэрый. Запомніліся прыемныя вячэрнія шпацыры па летнім горадзе, адпачынак і вячэрнія канцэрты на Уладзімірскай горцы, паходы ў тэатры і кіно. Шыльды над крамамі і іншыя назвы на гарадскіх вуліцах на ўкраінскай мове я ўжо разумела, хоць у горадзе не часта чула ўкраінскую гаворку. Тады ў Мінску яшчэ не было метро, а ў Кіеве ўжо можна было праехаць на метро па мосце праз шырокую вельмі прыгожую раку. Прыгажун Дняпро захапляў, гарадская расліннасць здавалася больш пышнай, чым у нашым Мінску. А якім смачным быў Кіеўскі торт! У канцы практыкі я прывезла яго дамоў, частавала родных. У нас тады такіх тартоў яшчэ не было.
Сонечны Кіеў пакінуў у маёй памяці цудоўныя ўспаміны. Праца на Дарніцкай ЦЭЦ дазволіла зарабіць нейкія хоць і невялікія грошы і на іх трохі прыапрануцца. Працуючы на станцыі, я пасябравала з дзяўчынай, шмат гадоў перапісвалася з ёй. Да таго ж, у Кіеве я навучылася вязаць, што вельмі спатрэбілася мне ў далейшым жыцці. Маёй настаўніцай была мая ж аднакурсніца, з якой мы разам прыехалі на практыку і жылі ў адным пакоі.
Акрамя гэтай паездкі, за час вучобы ў інстытуце я пабывала на практыцы ў іншых невялікіх беларускіх гарадах – Светлагорску і Мазыры. Там я таксама працавала на гарадскіх ЦЭЦ, і ў вольны час знаёмілася з гарадскімі выбітнасцямі. Мазыр вельмі пагорысты і стаіць на беразе шырокай ракі Прыпяць. Светлагорск – на беразе ракі Бярэзіны.
Увесь час, вучачыся ў інстытуце, я атрымлівала падвышаную стыпендыю. І гэтыя грошы былі не такімі ўжо маленькімі – 50 рублёў, што па тых часах прыраўноўвалася да паловы зарплаты маладога спецыяліста. Я не магла траціць стыпендыю на дробязі. Мы з сястрой усе гады вучобы апраналіся на свае грошы, нават змаглі ў складчыну купіць пісьмовы стол і трохстворкавую адзежную шафу.
У мамы з бацькам не хапала грошай на траіх дзяцей, якія адначасова навучаліся на дзённым аддзяленні ў інстытутах. А мама яшчэ хацела штосьці купіць у новую кватэру. Так у нас з'явіўся новы халадзільнік Ака, пральная машына з ручным адціскам, чорна-белы тэлевізар Чайка, падольская швейная машынка з нажным прывадам, радыёла з прайгравальнікам, а яшчэ новыя ложкі і канапа. Усё гэта мама брала ў крэдыт, а потым выплачвала яго па некалькі гадоў. Ёй прыходзілася эканоміць кожную капейку, жыць на адну невялікую зарплату майго бацькі, карміць нас недарагімі прадуктамі, каб новая кватэра стала абжытой. І так рабіла большасць нашых суседзяў.
Калі мы ўпершыню пачулі галасы Бітлоў? Я – у сёмым класе на ўроку фізікі. На тым уроку я сядзела ў канцы класа і літавала нейкую плату, а малады настаўнік уключыў у дапаможным памяшканні магнітафон. З пакоя палілася незвычайна прыгожая мелодыя. Гэта была песня "Girl", якая ўміг заваражыла і зачаравала мяне.
У тыя гады музыка Бітлз прабівалася ў вушы маладога пакалення адкуль толькі магла. Брат, ужо вучачыся ў інстытуце, з'ездзіў у будаўнічы атрад і на заробленыя грошы купіў магнітафон і ровар. Гэта было шчасце для нас. Адкуль ён прыносіў цудоўныя запісы, я не ведала. Але ў нашай кватэры загучала музыка, якая ўскалыхнула нашы юныя душы – ансамбляў Бітлз, Біч Бойз, Пінк Флоід, Сайман і Гарфункель, Задыяк, песні Высоцкага і іншыя.
Мой брат так захапіўся, што купіў гітару і пачаў вучыцца на ёй іграць. Потым ён сам змайстраваў электрагітару. Затым колерамузычная панэль са мноствам рознакаляровых лямпачак, якія загараліся пад музыку, з'явілася ў нашай кватэры. Як я шанавала і любіла свайго брата! Для мяне ён быў лепшым, разумнейшым, найдабрэйшым чалавекам і сябрам! Колькі цяпла, новых ведаў ён падарыў мне!
16 частка аповесці
22.08.23