
Ключык-сяміколер і Сонейка
Ох, як горача ў сярэдзіне лета, калі на небе ярка свеціць Сонейка. Кветкі на лужку каля рэчкі засумавалі, іх галоўкі схіліліся да зямлі. Ім патрэбен дождж, але на чыстым небе – ніводнай аблачыны.
– Мы ўсе хочам піць, – пажаліўся Сонейку белы Рамонак.– Што ж мне рабіць? Я не магу схавацца за аблокамі, іх няма, – сумна адказала Сонейка.
– Зараз я ўсё ўладкую, – свіснуў летні Ветрык і паляцеў кудысьці.
Неўзабаве ён вярнуўся, але не адзін, а з вялікай навальнічнай Хмарай. Гэтая тоўстая "нябесная дама" была напоўнена дажджавой вадой. Вады ў ёй было так многа, што Хмара ледзь утрымлівала яе ў сабе.
– Зараз мы нап'ёмся! – узрадаваліся кветкі.
Раптам з Хмары выляцела бліскучая маланка, і тут жа грукнуў гром.
– Як страшна! – спалохаліся кветкі.
Цяпер на пацямнелым небе ўжо не было відаць Сонейка. Яго захіліла велізарная Хмара, з якой на зямлю паліліся буйныя кроплі дажджу.
Дажджавой вады хапіла не толькі на тое, каб напаіць кветкі. Гэтыя далікатныя стварэнні змакрэлі да ніткі і нават празяблі. Але Хмара ўсё яшчэ ліла ваду. Ручайкі дажджавой вады пацяклі па зямлі, пракладаючы сабе дарогу да рэчкі.
–Ветрык, адвядзі Хмару ад нас, – папрасілі кветкі.
А калі Хмара, ужо не такая цёмная, як была спачатку, не спяшаючыся паплыла далей, яны з палёгкай уздыхнулі і супакоіліся. Неба праяснілася, але Сонейка на ім так і не з'явілася.
– Куды яно знікла? – дзівіліся кветкі, павярнуўшы мокрыя тварыкі да неба.
Аказваецца, Сонейка спалохалася грома і маланкі і схавалася ад навальніцы. І ведаеце дзе? У хатцы Вясёлкі. Сама ж Вясёлка паляцела ўслед за Хмарай размалёўваць неба каляровымі фарбамі, а Сонейку дазволіла схавацца ў яе і дала ад уваходных дзвярэй Ключык.
Калі Сонейка ўляцела ў гэту нябесную хатку, падобную на чароўную белую аблачыну, яму захацелася пагуляць з сімпатычным Ключыкам. Сонейка, як маленькае дзіця, пачало круціць яго ў сваёй гарачай далоньцы.
– Ой! Мне балюча! – крыкнуў Ключык. Ён апёкся аб далоньку Сонейка, выслізнуў з яе і паляцеў праз шчылінку ў дзверы ўніз, на зямлю.
– Ключык паляцеў ўніз! – спалохалася Сонейка. – А дзверы замкнёныя!
– Я тут, у хатцы Вясёлкі, але не магу выйсці з яе! – крыкнула яно азяблым кветкам, вызірнуўшы з акенца. – Я выраніла Ключык ад дзвярэй. Пашукайце яго, калі ласка. Ён дзесьці там, на лужку.
– Ах, якая непрыемнасць! Дзе ж Ключык? – успудзіліся кветкі, азіраючыся па баках.
А гарачы Ключык, каб астыць, трапіў прама ў ручаёк з дажджавой вады. Лежучы ў прахалоднай вадзе, ён ад радасці, што ўцёк ад гарачага Сонейка, пераліваўся ўсімі колерамі Вясёлкі...
– Мама! Там штосьці ярка свеціцца, – прапішчала Птушаня. Зоркае маляня, седзячы ў гняздзе на высокім дрэве, разглядзела ў вадзе штосьці бліскучае і чароўнае.
– Так, гэта Ключык-сяміколер! – зазвінелі званочкі, якія раслі непадалёк ад ручайка.
– Хто ж дастане яго з вады і аднясе Сонейку? – расхваляваўся Рамонак.
– Я аднясу, – сказаў тата Птушаняці, разумны і адважны Дрозд.
Ён нырнуў у ваду, схапіў дзюбай Ключык і падняўся высока ў неба, да хаткі Вясёлкі. А калі Ключык-сяміколер апынуўся ў дзвярным замку, Дрозд акуратна павярнуў яго дзюбай і адчыніў дзверы.
Просячы прабачэння за свой дурны ўчынак, радаснае Сонейка выйшла з хаткі, каб асвятліць зямлю і сагрэць кветкі і птушак, якія трохі прамоклі пад дажджом.
Кветкі на лужку абсохлі і паднялі ўгару пухнатыя галоўкі. Птушачкі, атросшы рэшткі вады з крылцаў, паляцелі па сваіх справах.
Калі Вясёлка вярнулася дахаты і даведалася пра ўсю гісторыю згубы Ключыка, яна толькі ўсміхнулася і нічога не сказала. "Я таксама часам бываю няўважлівая і што-небудзь губляю. Гэта можна паправіць, з кожным такое можа здарыцца", – падумала Вясёлка.
А чароўны Ключык, пабываўшы ў гарачай далоньцы Сонейка, запомніў гэты выпадак надоўга. Вясёлка заўважыла, што яе Ключык- сяміколер з таго часу стаў пералівацца яшчэ ярчэй і зіхацець залатымі фарбамі.
Гэта казка на рускай мове
3.07.23