Макс ляціць на Марс (фантастычнае апавяданне) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Макс ляціць на Марс (фантастычнае апавяданне)
Макс ляціць на Марс (фантастычнае апавяданне)
Зямля, на шчасце, дажыла да ХХII стагоддзя без вялікіх войн і прыродных катаклізмаў. Можа быць, гэта справа рук людзей, па-сапраўднаму закаханых у сваю родную планету, якія клапоцяцца пра яе дабрабыт? Вядома, гэта так. Тата Максімкі адзін з такіх людзей. Ён усё сваё жыццё прысвяціў барацьбе за добрую экалогію Зямлі. А яго сын пайшоў яшчэ далей. Ён імкнецца стаць касманаўтам, даследнікам Марса. Толькі ён не першаадкрывальнік, бо Марс ужо заселены. На ім створана сапраўднае гарадское паселішча. Людзі лятаюць туды ў камандзіроўкі. А дома, на Зямлі, яны дасканала даследуюць марсіянскую глебу, спрабуючы зрабіць яе прыгоднай для вырошчвання марсіянскіх раслін.      Максімка марыць пра тое, як ужо праз некалькі гадоў апынецца на Марсе і будзе ўдзельнічаць у працы марсіянскіх экспедыцый. Але для гэтага яму трэба скончыць сярэднюю школу і Універсітэт касмічных ведаў. Хлопчык вельмі стараецца – займаецца спортам, добра вучыцца ў школе, дапамагае бацькам, удзельнічае ў грамадскай працы, г.зн. робіць усё для таго, каб патрапіць на Марс. Бацька купіў яму некалькі навукова-пазнавальных кніг пра космас і пра Марс, хлопчык глядзіць спецыяльныя навукова-папулярныя фільмы і марыць пра сваю будучую прафесію – даследчыка космасу.
     "Клас! Як гэта цікава будзе крочыць па чырвонай планеце і даглядаць расліны, якія пасадзіў там я, зямлянін!" – думаў Максімка. Але, каб рэалізаваць сваю мару, яму прыйдзецца яшчэ шмат чаго зрабіць, адкрыць, даследаваць. Хаця…ўчора будучы марсіянскі даследчык бачыў дзіўны сон. Яму прысніўся гліняны гарлач чырвонага колеру, а ў ім пакет з насеннем. Што гэта? Навошта гэта? Не мог разгадаць свой сон хлопчык. Але мы дапаможам яму ў гэтым. Перанясёмся на дзесяць гадоў наперад і… што ж мы даведаемся пра маладога хлопца, які паспяхова скончыў школу і ўніверсітэт?
     Так, ён збіраецца ляцець на Марс. І вось ён ужо там, у сваёй першай марсіянскай камандзіроўцы. Праз тыдзень знаходжання на чырвонай планеце разам са сваімі таварышамі ён выпадкова раскапаў з марсіянскай глебы старажытны марсіянскі скарб! Было зразумела, што дзіўны прадмет пакінулі на Марсе на доўгае захоўванне перад неспадзяванымі акалічнасцямі, якія разбурылі гэту планету мільёны гадоў назад.
     Не, там даследаваць гэту знаходку было нельга. Яе перавезлі на Зямлю. Што ж было ўтоена ў герметычнай упакоўцы з невядомага нам матэрыялу? Просты гліняны гарлач, а ў ім – насенне! Вось так спраўдзіўся сон Максіма. Гэта цуд! Марсіяне захавалі сваё насенне для нашчадкаў.
     Перанясёмся яшчэ праз трыццаць гадоў наперад. Што ж мы цяпер убачым у тым свеце, дзе жыве Максім. Да таго часу ён ужо стаў вучоным, сапраўдным даследчыкам Марса. А з насення, якое захаваліся ў гарлачы, і не толькі з яго, зямляне на Марсе вырасцілі паркі і сады. Нават пшаніца і бавоўна растуць там. З марсіянскай бавоўны шыюць адзежу не толькі для касманаўтаў, але і для звычайных зямлян. Гэты матэрыял моцны і даўгавечны, аднак не зусім белага колеру, бо кветкі марсіянскай бавоўны не белыя, як на Зямлі, а з чырвоным адценнем.
     Колькі ж раз Максім ужо злятаў на Марс? Дзесяць разоў. І пражыў ён там па цэлым годзе. Зямляне навучыліся вырошчваць у марсіянскай глебе гародніну і садавіну, вельмі падобную на зямную, але толькі меней салодкую. Можа таму, што Марс ловіць менш энергіі ад сонечных прамянёў, чым Зямля, бо ён размешчаны на далейшай адлегласці ад Сонца. А марсіянская вада такая ж смачная, як і зямная, толькі трэба яе прапускаць праз фільтр, каб у ёй было менш жалеза.
     У сваю апошнюю камандзіроўку Максім узяў з сабой ката і сабаку. Спачатку ім не спадабаўся Марс, але потым яны прывыклі і пражылі там без усякіх непрыемных прыгод. Што яны думалі пра сваё вандраванне, што распавядалі потым на Зямлі сваім сябрам, сабакам і катам, нам не даведацца. Толькі колер іх поўсці трохі змяніўся. У некаторых месцах ён афарбаваўся ў чырвоных колер. Так кот і сабака сталі першымі хатнімі жывёламі, якія пабывалі на Марсе.
     Час ляціць хутка. І што яшчэ чакае Максіма ў яго працоўнай кар'еры? Гэта не так складана разгадаць. Ён усё сваё жыццё прысвеціць даследаванню Марса і ўвойдзе ў гісторыю, як навуковец, які ў ліку першых жыхароў Зямлі праводзіў навуковае даследаванне прыроды Марса, вывучаў, навукова абгрунтоўваў і ствараў умовы для азелянення і вырошчвання на гэтай планеце раслін, патрэбных зямлянам для сілкавання і пражывання ў адменных умовах самай блізкай да Зямлі планеты.
     
      Гэты аповед на рускай мове
20.06.22