Зялёнае поле жыцця - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зялёнае поле жыцця
Зялёнае поле жыцця
На краю старой дубровы яшчэ з часоў Вялікай Айчыннай вайны стаіць помнік войнам Чырвонай арміі, загінуўшым тут падчас бітвы з фашысцкімі захопнікамі. Гэты мемарыял часта наведваюць жыхары навакольных вёсак, школьнікі даглядаюць, рамантуюць яго, увесну наводзяць парадак вакол абеліска і ў дуброве.      Аднак не ўсе дрэвы дубровы бачылі вайну. Толькі самыя старыя дубы, якім каля ста гадоў, а то і больш, успамінаюць жудасныя гады вайны, бо тут, побач з імі, тады выбухалі бомбы і міны, грукаталі гарматы, страчылі кулямёты, а родная зямля была ўсеяная параненымі і забітымі байцамі. Дубы памятаюць, як пасля бітвы жыхары бліжэйшых вёсак хавалі загінуўшых савецкіх войнаў побач з дубровай у брацкай магіле, а пасля вайны ўзвялі абеліск у памяць пра іх гераічны подзвіг.
     – Гэта былі маладыя салдаты, афіцэры, яны абаранялі родную зямлю, – распавядалі старыя дрэвы свайму маладому пакаленню. – Нам было вельмі сумна бачыць, як горка плакалі іх матулі, якія прыязджалі сюды на магілкі сыноў.
     Але час ідзе, і ўсё паступова сціраецца з памяці. Цяпер амаль не засталося сведак той кровапралітнай вайны. І, здаецца, гэты мемарыял патрэбны толькі нашчадкам загінуўшых байцоў: іх дзецям, унукам і праўнукам… Але, аказваецца, гэта не так. Нават дрэвам, якія растуць тут, помнік загінуўшым войнам патрэбен, ён ім не абыякавы.
     "Як бы я б хацеў, каб на полі, што раскінулася перада мной, людзі пасадзілі дрэвы. Тады б я не ўспамінаў горкі час вайны, калі чырвонай ад крыві была зямля, дзе праходзілі баі. Цяпер гэта поле не засяваецца, на ім пасвяцца каровы і коні. Яны рыхляць капытамі зямлю, і яна становіцца падобнай на тую, якую рыхлілі гусеніцамі танкі", – разважаў самы стары Дуб, які рос на ўскрайку дубровы. З вышыні свайго велізарнага росту ён добра бачыў тое шырокае поле, на якім палі ў вайну савецкія байцы.
     Аднойчы, незразумела адкуль на легендарным полі з'явіўся парастак, і пачало расці маладое дрэўца. Але гэта быў не дуб, а Ясень. Як вецер занёс яго семечка ў гэтыя краі, дрэвы ў дуброве не ведалі. Яны аднесліся да маленькага тоненькага яшчэ зусім слабенькага дрэўца з любоўю і клопатам. Некалькі зім запар дубы засцерагалі яго далікатны ствол, засланялі Ясень сваімі галінамі ад ледзяных вятроў. Дрэўца падрастала і ўсё больш разумела, што гэтая зямля – яго радзіма. Яно бачыла перад сабой велізарнае поле, узімку схаванае пад снегам, а ўлетку зарослае зялёнай травой. Ззаду шумелі велізарныя дрэвы, якія часта шапталі яму ласкавыя словы. "Яны добрыя і клапатлівыя, – думаў малады Ясень. – Толькі з імі мне сумна. Я хачу сябраваць са сваімі аднагодкамі". Дзе ж іх узяць, маладзенькае дрэўца не ведала.
     І вось пасля доўгай халоднай зімы, нарэшце, прыйшла вясна, і на галінках Ясеня набрынялі пупышкі. Вясновы дожджык абмыў дрэўца з ног да галавы, насычыўшы яго карані цяплом і жыватворнай вільгаццю. Набрынялыя пупышкі лопнулі, і далікатныя светла-зялёныя лісточкі прабіліся з іх на белы свет, як кураняты з яек.
     – Прывітанне! – зазвінелі бліскучыя кропелькі дажджавой вады, якія павіслі на дрэўцы.
     – Прывітанне! – адгукнуліся яго маладыя лісточкі.
     І тут жа на мокрую галінку Ясеня прысела Сінічка. Яна вільнула хвосцікам і зазвінела радасным галаском:
     – Дрэвы! Я прынесла вам добрую вестку. Хутка побач з вамі вырасце малады лес.
     – Насамрэч? – здзівіліся дубы. – Як ён вырасце, з чаго?
     – Яго пасадзяць дзеці, вучні сельскай школы.
     "Ура! – узрадаваўся Ясень. – Я абавязкова пасябрую з гэтымі дрэўцамі".
     Вось так нечакана-негадана побач з Ясенем і старой дубровай з'явіўся вялікі "атрад" малюсенькіх дрэўцаў. Маладыя сасонкі, а іх было вельмі шмат, выстраіліся на велізарным полі ў стройныя рады. Школьнікі старанна працавалі. Яны акуратна ўзрыхлялі зямлю, і толькі потым садзілі ў яе саджанцы сасонак.
     – Гадоў праз дваццаць тут будзе шумець вялікі хваёвы лес, – сказаў дзецям іх настаўнік. – Дзякуй, дарагія дзеці, за тое, што вы дапамаглі пасадзіць яго. Я ведаю, вам распавядалі на ўроках гісторыі пра тое, што на гэтым полі падчас вайны была вялікая бітва. З той далёкай пары прайшло шмат гадоў. Але зямля памятае слаўныя подзвігі савецкіх салдат і афіцэраў, якія аддалі сваё жыццё за радзіму і былі пахаваныя тут. Маладыя сасонкі, якія вы, дзеці, пасадзілі, будуць расці, цягнуць свае галінкі ўгару і нагадваць усім нам, хто жыве на мірнай вызваленай зямлі, што трэба любіць адно аднаго, рабіць усё для таго, каб больш ніколі не было вайны, і над нашай галавой ззяла чыстае мірнае неба.
     – А вы, дзеці, – працягваў настаўнік, – беражыце гэты малады хваёвы лес, даглядайце дрэвы, дапамагайце ім вырасці вялікімі карабельнымі хвоямі.
     Дзеці слухалі аповеды настаўніка, глядзелі на свае саджанцы і ўжо ўяўлялі, як будуць пра іх клапаціцца, бо дрэўцы растуць на такім гераічным полі! Таму трэба рабіць усё для таго, каб яны не загінулі, не змерзлі ўзімку ад марозу і не засохлі ўлетку ад спякоты.
     У той памятны дзень уся дуброва слухала і назірала за людзьмі. А малады Ясень, гэтак жа, як і маленькія сасонкі, упершыню пачуў словы пра вайну. Затое старыя дубы адразу ўзгадалі тыя даўнія ваенныя падзеі, якія адбываліся на легендарным полі, і трошкі засумавалі. "І хаця ўсе гэта адбылося вельмі даўно, – разумелі старыя дрэвы, – жыхары навакольных вёсак, якія нарадзіліся пасля вайны, спрабуюць даведацца пра вайну і пра тое, якая на іх зямлі была жорсткая бітва, з музейных матэрыялаў і ўспамінаў старых жыхароў вёсак. Людзі разумеюць, што подзвіг байцоў, якія вызвалілі іх родную зямлю, неўміручы. А маладыя дрэвы, якія хутка вырастуць на легендарным зялёным полі для шчаслівага мірнага жыцця, можна лічыць унукамі герояў Вялікай Айчыннай вайны.
     
      Гэтае апавяданне на рускай мове
15.04.22