Шаноўная Хлебніца (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шаноўная Хлебніца (чытае Ліка Пташук)
Шаноўная Хлебніца (чытае Ліка Пташук)
На кухонным стале стаяла старэнькая Хлебніца. У гэтай драўлянай скрыначцы з вечкам бабуля захоўвала свежы хлеб, набыты ў краме, дзеля таго, каб ён доўга не чарсцвеў. Хлебніца дасталася бабульцы ў спадчыну ад яе мамы. Малюнак на вечку за доўгі час амаль сцёрся, але ўсярэдзіне яе было чысценька і акуратна. Гаспадыня Хлебніцы часам чысціла скрыначку ад сухіх хлебных крошак і смецця.      У хаце, дзе жыла бабуліна ўнучка Марыйка з мамай і татам, хлебніцы не было. Там лічылі, што яна не патрэбна. Навошта? Хлеб і батоны, нават булачкі ў краме загортваюць у цэлафанавыя пакеты. А ў такіх пакетах хлебныя вырабы хутка не чарсцвеюць.
     – Бабуля! Навошта табе хлебніца? Цяпер яна ўжо не патрэбна, – сказала неяк Марыйка сваёй бабулі, прыехаўшы да яе на тыдзень пагасцяваць.
     – Навошта? Я не ведаю. Проста яна - памяць для мяне пра маіх бацькоў, мой шчаслівы абярэг. Хлебніца заўсёды стаяла ў нас на стале з майго маленства. Я гэта добра памятаю. Ведаеш, раней хлеб не загортвалі ў цэлафан, таму ён хутка чарсцвеў. А хлебніца ратавала яго ад высыхання.
     Пасля такога падрабязнага бабулінага аповеду Марыйка стала з павагай глядзець на Хлебніцу, з цікавасцю дакраналася да яе, нават працірала каляровае вечка.
     Сама ж Хлебніца ўсё разумела. Яна даўно жыла ў гэтай старэнькай кватэры і памятала практычна ўсё. Хлебніца ўзгадвала, як у галодныя пасляваенныя гады ўвесь хлеб, які ў яе клалі, з'ядаўся да апошняй крошачкі. А яшчэ яна памятала, як неўзабаве пасля вайны яе купілі ў краме і прынеслі дахаты маладыя дзяўчына і хлопец, якія нядаўна вярнуліся з фронту. Хлебніца слухала іх гаворкі пра вайну і пра тое, як цяжка было людзям не толькі на фронце, але і ў тыле. Яны галадалі, кожны кавалачак хлеба тады быў на вагу золата. Што клалі ў цеста, каб спячы больш булак хлеба? Сапраўднай мукі ў такім хлебе было вельмі мала, у яго дадавалі траву, кару дрэў, бульбяныя ачысткі, усё, што можна было лічыць ядомым.
     А цяпер старэнькая Хлебніца радавалася. У яе паклалі буханку свежанькага хлеба! Ад прыемнага хлебнага паху ў Хлебніцы падняўся настрой. "Хутка бабуля адрэжа сваёй унучцы акраец, ён такі духмяны і хрусткі", – вырашыла Хлебніца.
     Усё так і выйшла. За абедам Марыйка ела курыны суп з акрайцам хлеба. Але яна чамусьці нават не заўважыла, наколькі гэты акраец смачны. Дзяўчынка глядзела на ласунак – салодкае шакаладнае печыва, якое ляжала на стале ў сподачку. Але такую смачніну яна магла з'есці толькі пасля супу, так сказала бабуля.
     Прайшло некалькі дзён. За гэты час ад буханкі хлеба, якая ляжала ў Хлебніцы, застаўся толькі невялікі кавалачак. Бабуля вырашыла, што гэтага хопіць яшчэ на адзін дзень, і не стала купляць новую буханку. "Заўтра раніцай схаджу ў краму і куплю свежанькі хлебушак", – падумала яна.
     Але за абедам унучка адмовілася есці счарсцвелы хлеб. "Вось як… – здзівілася Хлебніца. – Бабуля заўсёды з'ядае ўвесь хлеб да апошняй скарыначкі, а ўнучка не жадае есці".
     – Добра, аддадзім яго птушачкам, калі пойдзем гуляць, – сказала бабуля.
     Яны так і зрабілі: пакрышылі на кавалачкі чэрствы хлеб і аддалі галкам. Тыя ж з задавальненнем з'елі яго, бо на двары – зіма, на зямлі ляжыць снег. Адшукаць ежу птушкам у такую пару года даволі складана.
     – Бачыш, бабуля, яны ўсё з'елі ў адрозненне ад мяне! – засмяялася Марыйка.
     – Яны галодныя, а ты – не, – сказала бабулька.
     
     Усё так і ёсць. Калі б у бабулінай хаце не было ежы, як у галодны ваенны час, то кожны кавалачак, нават сухарык хлеба, здаўся б дзіцяці самым смачным ласункам. На шчасце, мы жывём у мірны час, калі свежы хлеб кожны дзень ляжыць на паліцах крам. І дай Бог, каб так было заўсёды.
     
      Гэта казка на рускай мове
11.02.22