Вароты Мінска - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вароты Мінска
Вароты Мінска
Добрай раніцы! – павітаў высокі адзінаццаціпавярховы жылы дом свайго брата-блізнюка, які стаяў на другім баку вуліцы Кірава ў горадзе Мінску. Гэтыя вышынныя будынкі-вежы завуць "уязнымі варотамі" у горад. Іх узвялі будаўнікі адразу ж пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны на Прывакзальнай плошчы. Калісьці вельмі даўно ў старажытнага Мінскага Замчышча таксама былі "ўязныя вароты", толькі зроблены яны былі з дрэва. Але гэты факт наўрад ці вядомы братам-блізнятам. А спапялёны пасляваенны Мінск у той час, калі іх будавалі, будынкі-вежы памятаюць вельмі добра…      У 1953 годзе горад Мінск, дашчэнту разбураны і спалены нямецка-фашысцкімі акупантамі, толькі яшчэ пачынаў нанова адраджацца. Будынкі-вежы былі рады таму, што іх узвялі аднымі з першых. Вядома, паступова ў горадзе з'яўлялася шмат новых прыгожых будынкаў, створаных працавітымі архітэктарамі і будаўнікамі. Але тады кожны пасажыр, які прыязджаў у Мінск, калі сыходзіў з цягніка і выходзіў на Прывакзальную плошчу, адразу зважаў менавіта іх, дзіўна прыгожых і незвычайных. Ад такой пільнай увагі і захаплення новыя будынкі тут жа заганарыліся, дый цяпер яны глядзяць на людзей як бы "пагардліва". Але мы не будзем моцна дакараць іх за гэта. Лепш паслухаем, як "уязныя вароты" жылі, што бачылі на сваім вяку і пра што разважаюць цяпер.
     – Паслухай, брат, – гудзе першы дом, размешчаны на правым баку вуліцы Кірава, прыцягваючы ўвагу другога дома, на верхні паверх якога падчас будаўніцтва быў ўбудаваны старадаўні вежавы гадзіннік велізарнага памеру. – Заўтра субота. У горад прыедуць балельшчыкі з прыгарада на спартыўнае мерапрыемства. А шаснаццатай гадзіне на стадыёне "Дынама" адбудзецца футбольны матч – мінскае "Дынама" гуляе з гродзенскім "Нёманам". Спадзяюся, твой вежавы гадзіннік паказвае дакладны час. Важна, каб балельшчыкі не спазніліся на стадыён.
     – Не турбуйся, не спозняцца, калі, вядома, электрычка прыедзе своечасова без затрымак у дарозе, – бурчыць у адказ брат-блізнюк з левага боку вуліцы.
     – А ў нядзелю да нас у Мінск прыедуць з прыгарада дзеці з бацькамі.
     – Навошта?
     – Ты забыўся? У цырку прэм'ера.
     – Ах, так. Усё будзе добра. Не хвалюйся. Гадзіннік не падвядзе. Я ўпэўнены, "гадзіншчык" будзе сачыць за тым, каб новы электронны гадзіннікавы механізм спраўна працаваў. Ты ж ведаеш, стрэлкі майго самага вялікага у нашым горадзе гадзінніка, цяпер рухае не стары цяжкі механізм з маятнікам і ланцугамі, а новы электронны. Яго не так даўно падключылі да гадзінніка.
     – Так, я ведаю, што гадзіннік вельмі стары. Памятаю, яго усталёўвалі яшчэ тады, падчас будаўніцтва. Да таго ж, ён трафейны і вельмі вялікі, дыяметр цыферблата ў яго роўны тром з паловай метрам.
     Вось такія ці падобныя, незразумелыя людскім вушам гутаркі часам раздаюцца на вышыні адзінаццатага паверху будынкаў-веж. Яны, як сапраўдныя патрыёты свайго горада, турбуюцца, каб беларусам камфортна жылося ў роднай краіне. І не толькі знакамітыя вежы клапоцяцца пра гэта. Увесь сучасны Мінск з яго шырокімі вуліцамі і плошчамі, утульнымі жылымі мікрараёнамі, паркамі і скверамі, ракой Свіслач, Камсамольскім возерам і вадасховішчамі, палацамі і тэатрамі, спартыўнымі збудаваннямі, прамысловымі прадпрыемствамі, універмагамі і супермаркетамі, падземным і надземным транспартам думае і клапоціцца пра дабрабыт сваіх грамадзян – беларусаў.
     Каб нанова адбудаваць горад Мінск, у пасляваенны час спатрэбіліся намаганні цэлага пакалення тых самых людзей, якія перажылі вайну. А іх дзеці, якія нарадзіліся ў першыя пасляваенныя гады, дагэтуль памятаюць беднату і голад свайго дзяцінства, дрэнна апранутых людзей, бязногіх інвалідаў вайны, абшарпаныя сцены разбураных дамоў, чорныя баракі і старыя ўрослыя ў зямлю хацінкі, падобныя да зямлянак. У дзяцей у той час не было дарагіх цацак, добрай адзежы, тых забавак, якія ёсць у сучасных дзяцей. У тыя гады цяжка жылося беларусам, але быў гонар, што на іх роднай зямлі запанавалі мір і спакой. Паступова жыццё ў Мінску наладжвалася, горад рос і развіваўся, дзякуючы працавітасці і цярпенню бабуль і дзядуляў сённяшніх маладых мам і тат.
     З тых даўніх часоў, як старадаўні трафейны гадзіннік усталявалі на новым, толькі яшчэ пабудаваным будынку-вежы, яны спраўна ідуць, секунда за секундай адстукваючы час нашага з вамі жыцця. І цяпер вежавы гадзіннік ганарліва глядзяць з вышыні на мінчан і гасцей сталіцы, бачыць і заўважае ўсё, што адбываецца на Прывакзальнай плошчы.
     Вось да "ўязных варот" падышлі двое:
     – Гэты гадзіннік ідзе ці стаіць? – спытаў сыночак у свайго таты, зірнуўшы ўгару на левую вежу.
     – Ідзе, вядома, – адказаў малады чалавек, з усмешкай паглядзеўшы на сына.
     – У мяне гадзіннік ёсць у смартфоне. А гэты стары гадзіннік цяпер ужо нікому не патрэбны, – вырашыў хлопчык.
     – Не, ты не маеш рацыю. Гэты гадзіннік убачыць кожны, варта толькі зірнуць угару. Прахожы даведаецца, колькі цяпер часу. Твой смартфон можа сапсавацца, ён не даўгавечны. А гадзіннік ідзе ўжо шмат гадоў запар і будзе яшчэ ісці вельмі доўга. Ён не толькі адлічвае час, ён – упрыгажэнне Прывакзальнай плошчы. Бачыш, якія велізарныя ў яго цыферблат і стрэлкі. Гэта самы вялікі вежавы гадзіннік нашага горада.
     – А яшчэ дзе-небудзь у Мінску ёсць падобны гадзіннік? – спытаў хлопчык.
     – Ёсць. Недалёка адгэтуль, на праспекце Незалежнасці. Калі жадаеш, мы можам прагуляцца і паглядзець на яго.
     – Жадаю.
     – Тады пайшлі, – прамовіў тата павёў сына на экскурсію.
     Пэўна, ён пакажа хлопчыку яшчэ адзін размешчаны паблізу ад Прывакзальнай плошчы вежавы гадзіннік. У першыя пасляваенныя гады падчас будаўніцтва "дома пад гадзіннікам" на рагу Камсамольскай вуліцы, яго размясцілі на вежы. Гэта рарытэтны трафей – гадзіннік з трайным цыферблатам, якому, па меркаванні адмыслоўцаў, ад двухсот да трохсот гадоў. У старадаўнем гадзінніку яшчэ захаваўся першапачатковы механізм з шасцярэнькамі і гірай.
     Новы музычны вежавы гадзіннік з электронным цыферблатам размешчаны на мінскай Ратушы на плошчы Свабоды. Гэта гадзіннік-куранты з боем. Кожную гадзіну ён адбівае час, і дадаткова на працягу 19 секунд гучыць песня пра Мінск, напісаная кампазітарам Ігарам Лучанком на словы паэта Пімена Панчанкі. Разам з гэтымі курантамі мінчане сустракаюць Новы год і загадваюць жаданні апоўначы.
     А яшчэ пагаворваюць, што ўсе вежавыя гадзіннікі горада маюць зносіны паміж сабой пасродкам чароўных часавых сігналаў і не даюць адзін аднаму збаіць ці спыняцца. Але давайце вернемся на Прывакзальную плошу і паслухаем, пра што кажуць "ўязныя вароты".
     – Я ведаю, што сёння школьнікаў з 3-Б класа гімназіі №75 настаўніца павядзе на экскурсію на мінскі гадзіннікавы завод, – паведаміў будынак-вежа, размешчаны на правым баку вуліцы, свайму брату-блізнюку з гадзіннікам.
     – Адкуль табе гэта вядома?
     – Дзяўчынка Люда жыве на маім дзясятым паверсе, яна казала пра гэта бацькам.
     – Добрая экскурсія. Дзеці пазнаёмяцца з працаўнікамі гадзіннікавага завода, даведаюцца, як вырабляюць наручныя гадзіннікі і будзільнікі. Гэта вельмі цікава!
     – Няўжо. Наўрад ці іх павядуць у цэх, дзеці пойдуць на экскурсію ў музей гадзіннікавага завода.
     – Гэта нават лепш. Там дзеці ўбачаць самыя першыя гадзіннікі, якія рабілі на заводзе. Такія гадзіннікі насілі на руках іх бабулі і дзядулі, а па старых будзільніках яны прачыналіся раніцой. Трэба распавесці пра дзяцей майму вежаваму гадзінніку, – сцяміў левы будынак. – Няхай паведаміць пра гэту экскурсію хранометрам, размешчаным на вежы мінскага гадзіннікавага завода. Заводу трэба належна сустрэць у сябе падрастаючую моладзь, бо за імі будучыня. І хто ведае, можа хтосьці з гэтых дапытлівых дзетак стане вялікім навукоўцам, вынаходнікам новых гадзіннікавых механізмаў і ўславіць нашу Беларусь…
     Вось такія гутаркі Варот Мінска падслухаў хтосьці з казачнікаў. А можа ўсё гэта зусім не казка, бо ў нашым загадкавым свеце ўсё магчыма. Толькі Час – ён нябачны, але ход у яго выразны, роўны і зусім не казачны. Час нашага жыцця рэальны, ён не дае нам ні хвіліны адпачынку. Нястомна, секунду за секундай ён адлічвае на мільярдах зямных цыферблатаў і спяшаецца толькі наперад.
     А мы жывём, кожную зіму праводзім Стары і сустракаем Новы год, загадваючы свае запаветныя жаданні. У гэтыя святочныя дні горад Мінск ззяе і спявае! На яго плошчах зіхацяць навагоднія Ёлкі, людзі ўсміхаюцца і жадаюць адно аднаму шчасця ў Новым годзе.
     Так няхай жа ніколі праз "уязныя вароты" Мінска не ўвойдзе ніводны вораг, а ўваходзяць толькі нашы сябры і родныя людзі. Няхай мірны Час нашага горада "цікае" вечна і вядзе людзей насустрач шчасліваму плённаму жыццю.
     
     
      Гэта казка на рускай мове
20.01.22