Чайчын востраў
У даўнія часы пасяліліся ля берагоў Балтыйскага мора моцныя і адважныя птушкі – серабрыстыя чайкі. Мноства гадоў яны сябравалі з морам, прыстасоўваючыся да яго няпростага характару. Птушкі будавалі гнёзды на абрывістых пяшчаных берагах, пад буйнымі валунамі альбо ў траве, дзе гадавалі такіх жа, як і самі, прыгожых птушак. Да таго ж, у марской вадзе спрытныя птушкі заўсёды знаходзілі ежу для сваёй сям'і.
Калі свяціла ласкавае сонейка, асвятляючы блакітныя марскія хвалі, чайкі купаліся ў моры і лашчыліся на пяску ля берага. Але Балтыйскае мора не заўсёды было спакойным і прыязным. Часам яно ператваралася ў дзікага бушуючага звера. Наймацнейшы ўраган уздымаў яго хвалі на велізарную вышыню, з сілай удараючы іх аб бераг. Гэта палохала чаек і прымушала тэрмінова шукаць зацішак. Здаралася так, што камусьці з птушак не ўдавалася своечасова схавацца ад небяспекі, іх зносіла вада, і яны гінулі. Гэта хвалявала астатніх чаек, якія нават думалі пра тое, каб перабрацца жыць у іншае, больш ціхае і бяспечнае месца.Аднойчы чайкі вырашылі спытаць парады ў вялікай ракі, Заходняй Дзвіны (Даўгавы), якая ўпадала ў Балтыйскае мора:
– Добрая рака, ты доўга дабіралася сюды. Распавядзі, калі ласка, што ты бачыла, каго сустракала па дарозе?
– Гэта так, – адказала рака. – Я цяку здалёк, на сваім шляху сустракала балоты, густыя лясы, квітнеючыя лугі, азёры з люстраной вадой. У тых краях жыве шмат птушак і звяроў. Калі вы паляціце ўздоўж маіх берагоў на паўднёвы ўсход, то трапіце ў вельмі прыгожае і ціхае месца нашай Зямлі. Яго называюць блакітнымі каралямі Беларусі. Гэта невялікія астравы, якія пазарасталі хвойнымі і ліставымі лясамі. Іх абмываюць сотні маленькіх і вялікіх азёраў з празрыстай вадой, у якой водзіцца шмат рыбы. Кажуць, што Браслаўскае Паазер'е ўтварылася шмат стагоддзяў назад у выніку раставання леднікоў. Тут можна сустрэць мноства валуноў, якія прыцягнулі за сабой леднікі.
– Як цікава! Давайце злятаем і паглядзім на гэтыя азёры, – вырашылі самыя адважныя і цікаўныя птушкі. І яны паляцелі туды, куды паказала ім Заходняя Дзвіна.
Што ж убачылі ў незнаёмым краі серабрыстыя чайкі? Першай на іх шляху сустрэлася сям'я лебедзяў. Вялікія грацыёзныя белыя птушкі жылі ля берага возера ў зарасніках трыснягу.
– Я абляцеў усе гэтыя азёры, і нават запомніў іх назвы, – пахваліўся крылатым вандроўнікам гаспадар сямейства Лебедзь-шыпун. – Возера, дзе мы цяпер знаходзімся, носіць назву Снуды. Калі вы паляціце яшчэ далей, то патрапіце на возера Струсто, а затым – на возера Болойсо. Але я не буду вам апісваць усе азёры. Іх вельмі шмат, каля трохсот. Яны розныя па велічыні і глыбіні і размешчаны на ўзгорыстай мясцовасці, зямля на якой пазарастала травой і хвойнымі лясамі. Маленькія зялёныя астраўкі ўпрыгожваюць блакітныя азёры. Водар лясных раслін напаўняе паветра, а яно тут такое ж чыстае і халаднаватае, як і вада. Але ведайце, што на Браслаўскіх азёрах гняздуюцца не толькі птушкі, там жывуць і звяры, а іх трэба асцерагацца, – папярэдзіў вандроўнікаў расказчык.
– Калі так, то мы паляцім назад, таму што не зможам жыць побач з драпежнікамі, – спалохаліся чайкі.
Але Лебедзь-шыпун працягваў:
– Не хвалюйцеся. Я ведаю адзін зусім пусты востраў, дзе ніхто не жыве. Ён размешчаны недалёка, на возеры Струсто. Я пакажу вам туды дарогу.
Вось так чайкі трапілі на той самы запаветны востраў, дзе пражылі даволі доўга. У тыя часы гэты востраў быў незаселеным. Серабрыстым марскім чайкам ён спадабаўся. Яны ўладкаваліся на ім і пражылі шмат шчаслівых гадоў. Да радасці птушак, у сярэдзіне вострава размясцілася маленькае азярцо, у якім любілі плюхацца маленькія дзеткі чаек. З таго часу людзі пачалі называць востраў, заселены чайкамі, Чайчыным востравам.
Марскія чайкі з серабрыстай афарбоўкай пёраў спакойна жылі і гадавалі птушанят удалечыні ад Балтыйскага мора. Іх дзеці, якія выраслі на востраве, ужо лічылі сваёй радзімай не мора, а Чайчын востраў і Браслаўскае Паазер'е, таму іх называлі азёрнымі чайкамі.
Праз нейкі час серабрыстыя азёрныя чайкі, такія ж дапытлівыя, як і іх продкі, марскія чайкі, вырашылі адправіцца ў новае вандраванне па белым свеце. Чайчын востраў зноў апусцеў. Але здарылася так, што ў ямачкі ад старых птушыных гнёздаў вецер занёс з іншых астравоў насенне хвой. Вось так на пакінутым чайкамі востраве вырас хваёвы лес. І цяпер хвоі ўсё яшчэ растуць там, хоць назва ў вострава засталося ранейшая – Чайчын.
А дапытлівыя птушкі навучыліся сяліцца не толькі на берагах мораў і азёр. З'явіліся нават рачныя чайкі, якія будуюць свае гнёзды на берагах вялікіх і малых рэк. Усе серабрыстыя чайкі падобныя адна на адну, толькі трохі адрозніваюцца памерам цела і афарбоўкай пёраў. Птушкі любяць ваду і не адлятаюць далёка ад яе. Але больш дужымі і адважнымі, усё-такі, лічацца марскія чайкі, якія абралі для сябе нялёгкае жыццё побач з бурлівымі хвалямі мораў і акіянаў.
p.s. Малюнак вядомай беларускай мастачкі Наталлі Расолька
Гэта казка на рускай мове
8.01.22