Як пасябравалі лісяня Дзік і шчанюк Цяпа - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Як пасябравалі лісяня Дзік і шчанюк Цяпа
Як пасябравалі лісяня Дзік і шчанюк Цяпа
У маленькага лісяняці Дзіка не было мамы. Яе забілі браканьеры, калі яна хадзіла па лесе і шукала, чым бы накарміць свайго малыша. Так Дзік стаў сіратой. Ён хаваўся ад усіх, каго сустракаў на сваім шляху ў лесе, і горка плакаў. У яго страўніку было пуста, малому ўвесь час хацелася есці. Але як здабыць для сябе хоць штосьці ядомае, лісяня не ведала. Вавёрка, заўважыўшы галоднага малыша, паспрабавала накарміць яго жалудамі альбо грыбамі. Але Дзіку зусім не спадабалася гэтая ежа, у яго закруцілася галава, і ён уцёк ад назойлівай Вавёркі. Дзе-нідзе на зялёных кусціках віселі салодкія ягадкі суніц і чарніц, іх пах быў прыемны, і Дзік з'еў ўсё, што знайшоў. Аднак ад гэтай ежы яму яшчэ больш захацелася есці. Глынаючы горкія слёзкі або расціраючы іх на мысцы лапкай, лісяня выйшла на бераг незнаёмай ракі. І тут адбылося штосьці неспадзяванае. Да яго падбег такі ж маленькі, як ён сам, але зусім не падобны на яго звер.      – Гаў-гаў! – сказаў гэты цуд карычневага колеру з вялікімі разумнымі вясёлымі вачамі. – Я шчанюк Цяпа, а ты хто?
     – А я лісяня Дзік. Так мяне ўсе клічуць.
     – Дзе ж твая хата? – спытаў шчанюк.
     – У мяне цяпер няма хаты. Мая мама загінула, яе забілі браканьеры, і я застаўся зусім адзін, – прызнаўся Дзік і горка заплакаў.
     – Гэта вельмі дрэнна, – пашкадаваў яго Цяпа, – але я не пакіну цябе аднаго. Ты будзеш жыць з намі, пакуль не вырасцеш. Я ведаю, мой гаспадар дазволіць табе застацца са мной. Пойдзем, ён там, каля ракі.
     І шчанюк пабег наперад, а лісяня нясмела пакрочыла следам за ім.
     На беразе ракі сядзеў чалавек з вудай. Відаць, ён лавіў рыбу, таму што ў вядзерцы, што стаяла побач, ляжала некалькі маленькіх рыбінак. Адчуўшы прыемны пах свежай рыбы, Дзік машынальна падбег да вядзерца і ўжо хацеў з'есці адну рыбінку, але своечасова спыніўся, пасаромеўшыся чапаць чужы ўлоў.
     – Еш, калі ласка, не саромейся! – усміхнуўся рыбак, заўважыўшы лісяня побач з Цяпам. – Ты, малыш, мабыць, моцна прагаладаўся? Дзе ж твая мама? – спытаў рыбак, уважліва агледзеўшы лісяня. – Я зразумеў, – трохі пачакаўчы, прамовіў ён. – Ты застаўся зусім адзін, без мамы. Тады будзеш жыць з намі, пакуль не вырасцеш і не зможаш жыць самастойна. Бачу, ты пасябраваў з Цяпам. Вось і добра. Разам вам будзе цікава.
     Так Дзік апынуўся ў сям'і рыбака. У хаце яшчэ жыла сіямская котка Вера.
     – Я не люблю яе, – неяк прызнаўся шчанюк. – Яна шкодная і вялікая зазнайка. А мышей лавіць не ўмее.
     – Вось як? – здзівілася лісяня. – А я адразу адчуваю, дзе прабегла мыш. Нават у вашай хаце я ведаю, дзе яны сядзяць.
     – Дзе? – здзівіўся Цяпа.
     – Пад падлогай ля печкі.
     – А ты зможаш злавіць хоць адну мыш?
     – Вядома, калі захочаш.
     – Ведаеш, Дзік, мой гаспадар не раз ставіў капкан, каб злавіць мыш, якая грызе яго гародніну ў каморы, але гэтая хітруга не трапляецца.
     – Уначы, я змагу злавіць яе, калі яна вылезе з-пад падлогі наверх і залезе ў камору. Я схаваюся, і мыш мяне не ўбачыць.
     Сказаўшы гэта, лісяня загарэлася ідэяй злавіць шкодную мыш, якая псуе гародніну гаспадара. Доўгія і завостраныя вушы Дзіка выдатна ўлоўлівалі любы шоргат у цішыні ночы. Але, на шчасце ці нажаль, здабыць мыш лісяняці так і не давялося. Чаму? Ды таму што ўсе мышы, даведаўшыся, што ў хаце жыве лісяня, тут жа пакінулі гэта жыллё, змяніўшы яго на нейкае іншае, больш бяспечнае для іх.
     – Як добра, што ў маёй хаце пасялілася лісяня, – цешыўся рыбак. – Зараз ніводная мыш не пракрадзецца сюды і не сапсуе маю гародніну.
     Шпацыруючы па двары ці па дарозе ўздоўж суседніх двароў, Дзік заўважаў шмат незнаёмых мысак, якія выглядвалі з-за платоў.
     – Хто гэта? – пытаў ён у Цяпы.
     – Нашы суседзі. Але я іх яшчэ дрэнна ведаю. А хочаш, я пазнаёмлю цябе з Бобікам. Ён мой сябар, хоць і жыве ў хаце, якая стаіць на самым канцы нашай вёскі. Яго гаспадар сябруе з маім і часам заходзіць да нас у госці разам з Бобікам.
     Сказаўшы гэта, Цяпа падбег да невысокай загарадзі, адкуль даносіўся прызыўны брэх маленькага сабачкі. "Так гэта ж дакладна такі шчанюк, як Цяпа!" – зразумела лісяня, заўважыўшы за плотам невялікага шчанюка вельмі падобнага на свайго сябра.
     Аказваецца, два шчанюка нарадзіліся ў адзін і той жа час у адной і той жа мамы – сабакі. Яна ж, іх мама, жыла тут, у гэтай хаце.
     – Прывітанне мама, прывітанне Бобік! – гаўкнуў Цяпа, забягаючы ў двор і захапіўшы з сабой Лісяня.
     – Пазнаёмцеся! Гэта мой сябар – лісяня Дзік. Ён цяпер жыве ў нас, а раней жыў у лесе.
     – А дзе твая мама? – спытала ў лісяня мама шчанюкоў.
     – Яна загінула, – адказаў Цяпа. – Яе забілі браканьеры.
     – Так ты сірата, небарака, – пашкадавала лісяня мама шчанюкоў. – Прыходзь да нас у госці, у нас вялікі двор і сад. А яшчэ за хатай стаяць вуллі, у іх гаспадар разводзіць пчол. Іх мёд вельмі смачны.
     – Я не люблю пчол, – сказаў Цяпа. – Аднойчы яны балюча пакусалі мяне.
     – Гэта таму, што ты абмазаўся мёдам, калі еў. Пчолы не любяць, калі хтосьці есць іх мёд, – растлумачыў Бобік.
     – Гаў-гаў, гаў-гаў! – гэты сабачы брэх цяпер раздаваўся з боку дарогі.
     – І хто гэта да нас прыбег? – засмяялася мама шчанюкоў, гледзячы на дарогу.
     – Гэта мы, вашы суседзі, Белка і Стрэлка! – адклікнуліся госці.
     Дзік азірнуўся назад і ўбачыў дзвюх дагледжаных балонак белага і шэрага колеру. Яны стаялі, упёршыся пярэднімі лапамі аб загарадзь, і весела размахвалі кудлатымі хвосцікамі.
     – Прывітанне, сяброўкі! – разам гаўкнулі Цяпа і Бобік.
     – Дзік, пабеглі з намі на вялікую паляну! Мы там любім гуляць у хованкі, – крыкнуў Цяпа.
     Усе чатыры шчанюкі разам ірвануліся да знаёмай паляны, каб павесяліцца, пабегаць і нацешыцца добрым сонечным надвор'ем.
     Лісяня пабегла ўслед за імі. Дзіку, як і шчанюкам, падабалася бегаць, скакаць, шумець, хавацца за кусцікі і дрэвы. І гэта зразумела, малыя дзеці не могуць заўсёды сядзець альбо ляжаць. Ім трэба рухацца, весяліцца і крычаць ад радасці!
     Набегаўшыся і накрычаўшыся, вясёлая пяцёрка малышоў разбеглася па хатах. Трохі перакусіўшы, Дзік тут жа заснуў, распластаўшыся на дыванку ў пярэднім пакоі хаты рыбака…
     Так весела і цікава праходзілі летнія дзянькі. Непрыкметна для сябе Дзік падрастаў, станавіўся мацней і дасведчаней. Рыбак часам вадзіў яго і Цяпу ў лес. Там ён абучаў лісяня нечаму больш важнаму, распавядаў, як лісы паводзяць сябе ў лесе, як здабываюць сабе ежу для пражытку. Аднойчы ім сустрэлася дарослая Ліса. Яна паглядзела на лісяня і штосьці шапнула яму на сваёй лісінай мове. Такім чынам яна паклікала яго ў лясныя зараснікі і распытала пра ўсё. Даведаўшыся, што лісяня жыве ў сям'і рыбака, Ліса абурылася, сказаўшы, што дзікія звяры не павінны жыць разам з хатнімі сабакамі. Іх месца ў лесе, удалечыні ад людзей. Яна прапанавала лісяняці пайсці з ёй і жыць у яе сям'і. Але Дзік ужо адвык ад ляснога жыцця і яму стала страшна.
     – Я не пайду з вамі, – сказаў ён і ўцёк.
     Так лісяня Дзік абраў для сябе жыццё ў сям'і рыбака. Праз некаторы час ён вырас, стаў сапраўдным дарослым лісам, але вяртацца назад у лес не жадаў. Яго мучыў страх. Рыбак, зразумеўшы гэта, не прыспешваў лісяня. Ён разумеў, што гэты дзікі звярок стаў амаль свойскім. "Хай застаецца ў мяне і жыве, будзе дапамагаць мне ва ўсім, як гэта робіць Цяпа", – вырашыў рыбак.
     Прайшло некалькі гадоў. Лісяня Дзік, а зараз ужо дарослы ліс, так і жыве ў сям'і рыбака. Ён абараняе яго хату ад мышэй і нядобрых прахожых, таму што лічыць рыбака сваім гаспадаром, а ўсіх вясковых сабак – сваімі сябрамі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
5.06.21