Дзявочы лянок
У памяць пра маіх родных з беларускай вёсачкі 30-х гадоў 20-га стагоддзя.
Ох, і сеяла Ульяніца лянок.
Ох і сеяла Іванауна лянок.
Ох, сэрца лянок, мая радасць ты, лянок.
Усё бялюсенькі кужалёк.
(народная песня)
Калісьці вельмі даўно, на пачатку мінулага стагоддзя, на нашай беларускай зямлі было шмат закінутых паміж лясамі і балотамі, рэкамі і азёрамі маленькіх і вялікіх вёсак. Жылі ў іх добрыя і разумныя, але зусім не багатыя людзі. З раніцы да ночы яны працавалі на зямлі – на сваіх дзялянках, якія вылучалі ім заможныя паны. Увосень з гэтых кавалачкаў зямлі сяляне збіралі ўраджай, але не такі, як ім хацелася. Чаму? Ды таму, што хітры пан аддаваў сваім сялянам дрэнную неўрадлівую зямлю, а сабе пакідаў добрую, урадлівую. У той час не было ў простых людзей, якія працавалі на зямлі, ні трактароў, ні камбайнаў, а ў хаце – нічога, што палягчала б іх хатнюю працу. Гаспадыні насілі ваду са студні на каромыслах, бялізну сціралі ўручную, ежу варылі ў печы і хату абагравалі печчу. Не было ў людзей ні радыё, ні тэлефона, ні тэлевізара. Што ж было ў іх для радасці і весялосці? Толькі музыка і песні, складзеныя самімі сялянамі. Песні сагравалі душы людзей, з песнямі яны працавалі і ў полі, і ў хаце, а ў святы збіраліся разам і вадзілі карагоды, ігралі на гармоніку, танчылі…
У краі белых бяроз і кучаравых рябін, пухнатых елак і хвой, гразкіх балот і найчыстых крыніц, недалёка ад пачатку ракі Друць у той час стаяла вялікая вёска Хількавічы. Яна ёсць і цяпер, але падчас Вялікай Айчыннай вайны вёска была спалена немцамі і таму страціла свой першапачатковы выгляд.
У сялянскіх сем'ях на пачатку мінулага стагоддзя нараджалася па пяцёра, а то і больш дзяцей. Але рэдка хто з дзетак мог скончыць сямігодку. Школа для беднякоў знаходзілася за некалькі вёрст ад вёскі, адна на ўсю акругу. Дзецям прыходзілася хадзіць у яе па брудзе і па снезе ў дрэнных абутку і адзежы. Але ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам так хацелася вучыцца! Бацькі, бачачы гэта і разумеючы, як важна для паспяховага жыцця стаць адукаваным, адпускалі дзяцей вучыцца, каб яны маглі скончыць хаця бы пачатковую школу, навучыцца чытаць і пісаць. Але як жа вучыцца, калі ў хаце і школе няма электрычнасці? Позняй восенню і ўзімку яшчэ да світання вучні ішлі ў школу, імкнучыся да цемры вярнуцца дахаты, каб паспець зрабіць урокі ўвечары, асвятляючы кніжку і сшытак з дапамогай лучыны.
У сялянскай сям'і маёй мамы, у той час дашкольніцы Вольгі, якая нарадзілася ў сямнаццатым годзе мінулага стагоддзя, было пяцёра дзяцей. Яна – самая маленькая, два дарослыя браты і дзве сястры школьнага ўзросту. Браты Піліп і Мітрафан ужо працавалі ў калгасе, сёстры Кацярына і Ганна вучыліся ў школе, а Вольга яшчэ толькі збіралася праз год стать першакласніцай. У той час дзеці былі вельмі паслухмянымі. Непаслушэнства лічылася вялікім грахом і непавагай да маці і бацькі. Усе абавязкі сямейнага жыцця былі размеркаваны паміж бацькамі і дзецьмі. Вольга часам па загадзе бацькі вадзіла ўначы на пашу каня, якога ў сям'і вельмі засцерагалі і клапаціліся пра тое, каб ён быў сыты і добра адпачыў пасля стомнай дзённай працы. Усе сяляне з дапамогай коней аралі зямлю, садзілі ўвесну і выкопвалі ўвосень бульбачку. Конь дапамагаў ім рабіць іншыя гаспадарчыя працы. Не маглі абыйсціся ў вёсцы і без каровы. Яна была карміцелькай сям'і. Гаспадыні паілі малаком сваіх дамачадцаў, рабілі з малака сыраквашу, смятану, сыр, масла. Па раніцах з вясны да зімы карову трэба было вадзіць на пашу, а таксама даіць. А яшчэ ў дварах у куратніках разводзілі курэй, гусей, у хляве трымалі свіней, у будцы ля брамкі кожнай вясковай хаткі жыў вартаўнічы сабака.
Маміным бацькам, Андрэю і Домне, у той час ужо не такім маладым, весці ўсю гаспадарку было не пад сілу. Старэйшыя дзеці з вясны да самай восені рупліва дапамагалі бацьку і маці на полі, а таксама выконвалі іншую працу ў хаце. Акрамя таго, у дзяўчынак Кацярыны і Ганны быў яшчэ адзін жаданы занятак – яны расцілі лён і ткалі з яго адзежу.
Зараз я паспрабую коратка апісаць адзін год жыцця юных дзяўчынак у той далёкі для нас час на прыкладзе сям'і маёй матулі Вольгі, успамінаючы яе аповеды пра сваё жыццё і пра жыццё яе сясцёр …
У адзін з вясновых дзён Вольга прачнулася раней звычайнага, калі забіяка сонечны праменьчык не ўтрымаўся і прабег па яе твары. Дзяўчынка зажмурылася, паднялася з ложка і падышла да акна. А там у небе ўжо ярка свяціла сонца, па двары беглі вясёлыя ручайкі з адталага снегу. "Надышла сапраўдная вясна! Хутка ўвесь снег растане, і я змагу “лётаць” басанож на луг, да рэчкі, у бярозавы гай!" – вырашыла Вольга. Ёй надакучыла ўсю зіму сядзець у хаце ля акна, бо зімовага абутку ў малой не было, нават лапцікі леташнія знасіліся. Босую ў двор яе не пускала маці, баючыся, што дачка застудзіцца і захварэе. Аднак да школы тата абяцаў сплесці малодшай дачцэ новыя лапцікі з ліпавага лыка.
Да радасці Вольгі з дапамогай вясновага цяпла зямля трохі выгрэлася. І вось дзяўчынка ўжо бяжыць па ёй, пераступаючы бруд і лужыны туды, дзе зазелянела маладая траўка, а з зямлі прадзяўбліся першыя кветкі. Ох, і прыгожы ж яе родны край! Неба чыстае без адзінай аблачыны, празрыстае паветра пахне адталым снегам і вільгаццю, якая выпараецца з зямлі. Недалёка ад вёскі, за полем, цячэ рака Друць, яна – правы прыток магутнага Дняпра. Але ў гэтым месцы рака яшчэ вузкая, вада ў ёй халодная і чыстая, як у крыніцы. А крыніцы і сапраўды тут ёсць, яны хаваюцца пад балотамі. Гавораць, што Друць выцякае з такіх балот тоненькай крынічкай.
У той далёкі час на гэтай беларускай зямлі было шмат балот, пазней частку з іх асушылі. Вольга глядзела вакол сябе на прыроду роднай зямлі і бачыла балоты, лугі і невялікія ўзвышшы. На гэтых пагорках узносіліся да неба старыя разгалістыя дубы, стройныя красуні бярозкі збіраліся ў чародкі ў чаканні вясновых падарункаў у выглядзе лёгкіх сукеначак з бліскучай светла-зялёнай лістоты.
За чорнымі яшчэ не ўзаранымі палямі віднелася цёмная сцяна хваёвага лесу. Дабегшы да яго, дзяўчынка змагла палюбавацца на маладыя ялінкі і сасёнкі, якія, як вожыкі, распушылі калючыя іголкі. Яна заўважыла, што на галінках і верхавінах дрэў адрастаюць новыя покаўкі. Вольга разумела, што з іх хутка вылупяцца мяккія зялёныя лапачкі.
– Колькі падснежнікаў распусцілася! – ускрыкнула дзяўчынка, калі заўважыла пад дрэвамі белыя стрэлкі першых вясновых кветак. Хутка, вельмі хутка распусцяцца ўсе палявыя кветкі і напоўняць водарам вясны сагрэтую зямлю.
Аббегшы вёску, Вольга вярнулася дахаты. На суседнім двары крычаў певень. Ён сядзеў на тыне і рупліва махаў крыламі. Яго яркі чырвоны грабеньчык трапятаў на галоўцы. Загледзеўшыся на пеўня, дзяўчынка не заўважыла сваіх сясцёр, Кацярыну і Ганну. Стомленыя, яны вярталіся са школы.
– Вальгута! Куды ты бегала па халоднай зямлі? Ідзі дахаты. Мама будзе шукаць! – пажурылі яе сястрычкі.
А ў хаце пахне смачным супам і бульбяной бабкай. Мама Домна прыспешвае сваіх дамачадцаў. Ёй трэба пасадзіць усіх за вялікі стол, сытна накарміць. Затым бацька Андрэй пачне абмяркоўваць усе хатнія справы і вясковыя навіны са старэйшымі сынамі. Вольга ў гэтых справах не ўдзельніца. Яна заб'ецца на печ разам з коткай ці паціху збяжыць да сваёй старэнькай бабулі ў суседнюю хату…
Узімку Вольга часта падоўгу сядзела з бабуляй на печы і слухала яе аповеды. Яе бабуля была вялікай выдумшчыцай. Яна складала цікавыя казкі і нават любіла паразважаць пра тое, як у будучыні будуць жыць людзі. Аднойчы яна сказала малой: "Калі ты вырасцеш, уся зямля будзе аблытана правадамі, а балот не будзе, яны высахнуць". А яшчэ яна наваражыла ўнучцы, што тая выйдзе замуж за добрага чалавека і шчасліва пражыве ўсё сваё жыццё. Вольга верыла, што ўсё будзе так, як кажа бабуля, і сэрцайка яе радасна білася…
Неўзабаве на палях растаў увесь снег, зямля добра выгрэлася, і ў вёсцы закіпела праца. Мужчыны, а часам і жанчыны ўскопвалі зямлю з дапамогай плугоў і коней, рыхлілі яе і падрыхтоўвалі да пасадкі. Сяляне ўзаралі свае дзялянкі, каб пасадзіць у іх насенне пшаніцы і аўса, проса, бульбы і іншых культур.
Бацька Вольгі разам з сынамі таксама рыхтаваў зямлю для вясновай сяўбы. І тады яе сёстры, Кацярына з Ганнай, спыталі ў матулі:
– Можа тата дасць нам кавалачак зямлі? Мы вельмі хочам пасадзіць лён. Нашы старыя спадніцы і сукенкі абнасіліся. Калі мы вырасцім лён, то з ільнянога валакна сатчом палатно і сшыем усім нам новую адзежу, – прасілі дзяўчаты, жаласна гледзячы ў матуліны вочы.
Яна ж з любоўю абняла, пацалавала іх. Як жа не ўважыць сваіх дарагіх дачок, бо яны так стараюцца, ходзяць у школу, ды яшчэ дапамагаюць ёй па гаспадарцы. Маці, вядома ж, разумела, што яе старэйшыя дачушкі падраслі, ім хочацца лепш апрануцца, каб вясковыя хлопцы заглядаліся на іх. А прыгажосці ў Кацярыны з Ганнай не займаць. Вунь якія доўгія косы ў абедзвюх, вочы блакітныя ласкавыя, паходкі лебядзіныя. "У маіх дзяўчынак добрыя гарачыя сэрцы, працавітыя рукі, яны дапамагаюць мне ва ўсім, умеюць зрабіць лепш за мяне любую працу, – разважала маці, – трэба дапамагчы ім".
– Не хвалюйцеся, мае прыгажуні, – сказала яна, – я спытаю ў бацькі. Думаю, ён пагодзіцца.
Так, бацька пагадзіўся, але разумеў, што яму прыйдзецца менш пасадзіць бульбы ці пшаніцы, а можа аўса. Вядома, есці ўсім хочацца, і не толькі сваю сям'ю трэба накарміць, але і жывёл таксама. "Добра, пасаджу менш аўса, а сена, дасць Бог, накосім больш, было б толькі добрае надвор'е", – вырашыў ён.
Ох, і цяжкае ж у той час было жыццё беднякоў у вёсках! Усе харчы для сябе і жывёлы прыходзілася дабываць на сваіх дзялянках. Але дочак крыўдзіць нельга. Яны маладыя і ўжо хутка стануць нечымі нявестамі.
– Тата дазволіў! – цешыліся дзяўчаты. Яны паспяшаліся заняцца пасадкай ільну, бо вясна ж у поўным разгары.
Усю зіму сёстры бераглі льняное насенне для пасеву і зараз асцярожна пасадзяць яго ў зямлю, не страціўшы ніводнага зярнятка. У народзе казалі: "Пасееш лён – пажнеш золата". У вольны ад вучобы дзень сярэдзіны красавіка з раніцы Кацярына з Ганнай ужо былі на раллі і прыступілі да пасадкі льну-даўгунцу. А пасля пасадкі – зноў вучоба і хатнія справы. Іх заўсёды безліч.
Нарэшце навучальны год скончыўся, і дзяўчатам можна адпачываць усё лета. Аднак, які там адпачынак! Столькі працы ў хаце і ў гародзе. Трэба праполваць, угнойваць усе пасадкі і лён у тым ліку. А там ужо пачнецца нарыхтоўка ягад і грыбоў, гародніны з гароду.
– Тата абяцаў сплесці мне лапцікі да школы, – хныкала Вольга, гледзячы, як сёстры плятуць з лазы новыя кошыкі для ягад і грыбоў.
– У яго зараз няма часу, – прамовіла старэйшая сястра Каця. – Не хвалюйся, мы спляцём табе лапцікі, папросім у таты лыка, вось толькі скончым плесці кошыкі.
Босая, але шчаслівая дзяўчынка збегла ў двор. Там куры, а яна – іх карміцелька. Ёй трэба падсыпаць птушкам проса ў кармушку і вадзіцу падліваць у місачку. Скончыўшы гэту няхітрую працу, Вольга падышла да Жучкі. Ён махае хвастом, любіць, калі дзяўчынка цярэбіць яго за вухам і гладзіць па поўсці. Пагуляўшы са сваім чацвераногім сябрам, Вольга выбегла за брамку. Вечарэе, трэба карову прыгнаць з лугу. Мама будзе яе даіць, а потым паіць усіх смачным парным малачком…
У іх двары за хатай рос маленькі садок. У ім было некалькі яблынь і груш, сліў і вішань. Кветак практычна не было, не лічачы куста язміну, з любоўю пасаджанага дзяўчынкамі насупраць акенца хаты. "А я б пасадзіла бэз", – думала Вольга. Але яна ведала, што бацькі не дазволяць займаць зямлю, уся яна выкарыстоўваецца пад тыя пасевы, якія ўжываюцца ў ежу. "І навошта тут расце гэта шчаўе, – лічыла дзяўчынка, гледзячы на градку са шчаўем. – Мне не падабаецца шчаўевае бацвінне. Яно кіслае". Але бацькам не загадаеш. Яблыкаў таксама не хапала на ўсю сям'ю. А калі неўрадлівы год, іх і зусім не было. Вольга любіла з'есці смачны яблычак. І яна кожны раз чакала, калі гэтыя смачныя плады паспеюць на яблынях. Дзяўчынка бачыла, як суседскія хлапчукі бегалі ўвосень у панскі садок за яблыкамі. Іх там шмат, і яны такія смачныя! Але красці дрэнна, так казала мама. Гэта грэх…
А чырвонае лета ўжо ў поўным разгары. Дні сталі даўжэйшымі, ночы зусім кароткімі.
– Каця, паглядзі, як наш лён расквітнеў! – усміхнулася Ганна.
Сястрычкі прыйшлі на раллю прапалоць і падрыхліть пасевы. Яны залюбаваліся, гледзячы на далікатныя кветачкі льну. Гэта было так прыгожа! Блакітныя хвалі калыхаліся, як марскія хвалі, і тысячы кветкавых вачэй весела ўсміхаліся дзяўчатам.
– Так, усё вельмі добра! Але праз два тыдні наш блакітны лён адкрасуе, і тады замест кветак завяжуцца скрыначкі, – адказала Каця.
Гэта праўда. У народзе кажуць: "Лён два тыдні квітнее, чатыры тыдні спее, на сёмы тыдзень насенне ляціць".
Дзень за днём прабягала яркае і гарачае лета. Вось ужо гатовыя Вольгіны лапцікі. Іх паклалі ў куфар да школы. А на гарышчы хаты ўжо сушыліся грыбы і ягады, бо іх было шмат. Гэтыя паходы ў лес трохі стомныя, але прыемныя. Яны запаміналіся дзяўчынцы.
– У нашым лесе водзяцца ваўкі, – растлумачылі ёй старэйшыя сястрычкі. – Трэба быць асцярожнымі. У нас ёсць запалкі. Калі што, мы распалім вогнішча ці падпалім галінку, адпудзім ваўка.
Хутка надыдзе восень. І тады ў сясцёр пачнецца нарыхтоўка брусніц і журавін. На балоце гэтых восеньскіх ягад даволі шмат. Але па балоце хадзіць небяспечна, можна праваліцца і патануць. А яшчэ там шмат камароў. Яны абкусваюць усё цела так, што ўначы немагчыма заснуць.
Нарэшце, надышоў час дзеля Кацярыны з Ганнай збіраць ураджай льну. Вольга пабегла на поле ўслед за сёстрамі. Яны абяцалі паказаць ёй, як акуратна вырываць ільняныя сцёблы з зямлі, а затым складаць іх у снапы. Цэлы дзень працы, і вось ужо на полі ў барознах замест вырасшага льну стаяць снопікі, злучаныя з яго ў "бабкі".
– Так лён хутчэй падсохне, а калі змокне, то зноў высахне”, – сказалі сёстры.
Аднак у Кацярыны з Ганнай яшчэ засталося вельмі шмат працы з льном. Каб потым атрымалася добрае мяккае валакно, лён трэба будзе церабіць, камячыць. І толькі калі са сцёблаў дзяўчаты выцягнуць белае валакно, па-народнаму "кужалёк", яны будуць з дапамогай калаўрота прасці з яго доўгія кудзелістыя белыя ніткі, кудзелю. Гэта няхітрая, але карпатлівая праца. Трэба быць спрытнай і ўважлівай, каб спрасці тоненькія льняныя нітачкі. Усё гэта дзяўчаты будуць рабіць увосень з лучынай ля свайго акна ў хаце, калі будуць імжыць восеньскія дажджы. А школа, яна яшчэ працягнецца ў іх жыцці. Увосень іх сястрычка Вальгута таксама пойдзе вучыцца ў школу…
– Мама! Мне падабаецца вучоба, – казала малодшая дачка матулі, прыйшоўшы са школы. Яна, стаміўшыся, ледзьве стаяла на нагах, аднак разумела, што ёй было цікава слухаць настаўніка і запамінаць усё, што ён казаў.
У канцы першага класа Вольга навучылася чытаць і пісаць, чаму была вельмі рада. Зараз яна нават магла прачытаць словы ў газеце, якую брат Піліп прыносіў дахаты. Паступова дзяўчынка пачынала разумець жыццё, якое ў той час было ў яе роднай дзяржаве, Краіне Саветаў. Але ў пачатку вучобы яна толькі яшчэ пачынала прывыкаць да школьнага жыцця. Ёй было цяжкавата, аднак Вольга не маркоцілася і нават імкнулася дапамагаць сваім старэйшым сёстрам і матулі. Яны ж цэлымі вечарамі "сядзелі круком" за ўрокамі і рабілі хатнія справы. У цемры снежаньскіх дзён з лучынай ля акна за калаўротам Кацярына з Ганнай пралі льняныя ніткі. "Я б не вытрымала такую працу", – думала Вольга, назіраючы за сёстрамі.
Да радасці дзяўчат да навагодніх свят усе льняныя ніткі былі спрадзены. А пасля Каляд у сясцёр пачаўся новы этап працы – яны пачалі ткаць палотны на кроснах. "Тчы палотны пры лучыне – не будзе ў хаце журбы", – казалі тады адно аднаму сяляне.
Сёстры не маркоціліся. Жыццярадасныя, светлыя і добрыя дзявоцкія сэрцы заўсёды ўмелі знаходзіць радасць у сваім жыцці. Працуючы за калаўротам ці за кроснамі, дзяўчаты любілі спяваць. Прыгожыя і працяглыя народныя песні дапамагалі ім у працы. Далікатныя галасы дзяўчат цешылі родных. У гэтай хаце ўсе чакалі і разумелі – да вясны ў Каці з Ганнай, і нават у кагосьці яшчэ будуць прыгожыя ўборы з новага льнянога палатна. Сёстры адбеляць яго і сшыюць сабе сарафаны, у якіх будуць красавацца ўвесну і ўлетку, прыцягваючы на сябе захопленыя позіркі маладых хлопцаў.
"У хаце Андрэя з Домной жывуць працавітыя дзяўчыны, добрыя майстрыхі, прыгажуні!" – такія ці падобныя чуткі разляталіся па вёсцы. – І не за гарамі той час, калі да іх прыйдуць сваты ад такіх жа добрых і працавітых вясковых хлопцаў”.
Вось такія ў мяне атрымаліся ўспаміны пра жыццё маіх родных людзей у гады мінулага стагоддзя.
Я ж веру, што камусьці з маладых дзяўчат таго далёкага часу, якія нарадзіліся ў глухіх беларускіх вёсачках, усміхнулася ў жыцці шчасце, хаця, вядома, не ўсім. У тыя цяжкія гады невылечныя хваробы губілі маладыя жыцці, а потым была Вялікая Айчынная вайна. Але ўсё-такі камусьці з дзяўчат абавязкова пашанцавала. Інакш быць не магло. Шчасця і радасці вам, дарагія баларусы, ва ўсе будучыя стагоддзі!
Льняное шчасце
(прысвячаецца маёй матулі Вольге)
Як у чыстым полі
Ды ў славу Бога
Прараслі зярняты
Лёну залатога.
Дожджык кропель чыстых
Ім не шкадаваў,
Цёплымі струменямі
Зерне паліваў.
Сцёблы лёну ўвысь
Да неба параслі
І надзею шчасця
Людзям надалі.
Промні сонца шчодра
Сцёблы сагравалі,
Поўны дзень на полі
Яны шчыравалі.
Расквітнела поле
Скрозь блакітным цветам,
Дорыць радасць людзям
Тым гарачым летам.
Хутка лён паспее,
Стане шаўкавістым –
Абцярэбіць трэба
І сцёблы пачысціць.
Каб з пушыстай пражы
Спрасці тонку ніць,
Ёй сваё сардэчка
У працы падарыць.
З нітак тых сатчэцца
Палатно льняное
Мяккае і цёплае,
Сваё дарагое.
Новыя сукенкі
Апрануць мы рады.
Будзе ў хаце шчасце,
Прыйдуць у хату сваты.
Гэты аповед на рускай мове
8.12.20