
Як Бабёр, Рак і Шчупак зіму зімавалі
Жылі-былі ў сажалцы на ўскрайку хваёвага лесу Бабёр, Рак і Шчупак. Усё лета да зімы Рак і Шчупак у цёплай ваде лашчыліся, на сонейку свае спінкі грэлі і ніякіх клопатаў не ведалі. А разумны Бабёр доўга не спачываў, бо ведаў – услед за цёплым надвор'ем прыйдуць непагадзь і холад. Узімку ўвесь лес і сажалку атуляць снег і лёд. Прадбачлівы Бабёр загадзя сабе сховішча ад непагадзі майстраваў. Каб такую цёплую і ўтульную хатку ў сажалцы зрабіць, трэба папрацаваць на славу. Для гэтага трэба сухога бярвення з лесу нацягаць, драўлянае жыллё з яго пабудаваць і дахам накрыць. Тады ледзяны вецер не выдзьме з хаткі цяпло.
"Напілаваў" Бабёр сваімі вострымі дужымі зубамі ў лесе сухіх дрэў і да берага сажалкі прыцягнуў. А потым з іх хатку ў вадзе пабудаваў. Затым дзіркі ў сценах мохам і багавіннем заткнуў. Выдатная хатка ў яго атрымалася.Суседзі хваляць Бабра за зацятасць і працавітасць:
– Які ты добры працаўнік, – кажа Рак. – Такую хатку здолеў змайстраваць! Аж зайздрасць бярэ! Але мне гэта праца не пад сілу. У цябе вунь якія вострыя зубы, ды яшчэ моцны хвост і лапы. Ты хутка плаваеш і ходзіш па зямлі.
– А ў цябе клюшні таксама чэпкія, – адказвае Бабёр. – Як схопіш рыбінку, так ужо ніколі не адпусціш. Такімі клюшнямі і нару пад карчом ля берага выкапаць зможаш.
– Можа і выкапаю, але потым, – пагадзіўся Рак. – Не хачу ў такое цудоўнае летняе надвор'е працай займацца, мне адпачыць трэба, сіл набрацца.
Аднак да зімы Рак сабе нару так і не зрабіў. Шчупак, той таксама гультаяватым аказаўся. Усё лета толькі тым і займаўся, што еў і загараў. Вось і патаўсцеў, ды так, што нават плаваць яму па сажалцы стала цяжкавата. Залез ён у чараты і заснуў да зімы.
І вось калі халодная зіма надышла, Бабёр схаваўся ў сваёй цёплай вадзяной хатцы з бярвення, а Рак і Шчупак мерзнуць пачалі.
– Бр-р-р… – крэкча Рак, – як мне зіму перажыць! Цёплай хаткі ў мяне няма. Прыйдзецца да Бабра на кватэру прасіцца.
Пастукаўся Рак да Бабра ў дзверы хаткі і кажа:
– Пусці мяне, дарагі сябар, да сябе ў хатку. Панцыр мой ледзяной скарынкай пакрыўся, акалею я і памру.
Пашкадаваў Бабёр Рака і пусціў у сваю хатку да вясны. Неўзабаве і Шчупак да яго жыць напрасіўся. Той, як патаўсцеў, то нават рыбу лавіць развучыўся, а яго луска ўся тонкім пластом лёду пакрылася. Можа стацца, незнарок, зусім ператворыцца Шчупак у лядзяк.
Прыйшлося Бабру сваіх нядбайных суседзяў розуму вучыць. Усю зіму яны фізкультурай займаліся, каб астатнюю сілу да вясны не страціць. Бабёр іх сваімі восеньскімі харчамі карміў. Але, як вясна прыйшла, і сажалка адтала, Рак і Шчупак больш марнаваць час дарэмна не сталі, разумна жыць пачалі, так, як навучыў іх Бабёр. Да зімы яны сабе таксама ўтульныя хаткі ў сажалцы пабудавалі: Рак – пад карчом ля берага, Шчупак – у зарасніках з азёрнага багавіння.
Кажуць, і ў хваёвым лесе ў тую зіму бесталковы Вуж у нары лясной Чарапахі зімаваў. Сваю нару да зімы паленаваўся выкапаць. Добрасардэчная Чарапаха яго пашкадавала, на зіму ў сваё жыллё пусціла. Але толькі гэтая разважлівая гаспадыня загадала яму сям'ю мышэй, тых, што побач з ёй у сваёй норцы жывуць, не чапаць і не крыўдзіць. Мышы – яе сябры, яны ўсю зіму да Чарапахі ў госці хадзілі, чаявалі і ёй казкі распавядалі.
Гэтая казка на рускай мове
16.11.20