Ляці! Ляці! Ляці! (чытае Ліка Пташук)
Ствараючы незвычайныя ўзоры, па бязмежным прасторы блакітнага неба разляталіся белыя пёры аблокаў. Самым вялікім жаданнем гэтых лунаючых высока ў небе аблокаў было вызваліцца ад зямнога прыцягнення і паляцець высока, у космас. Але яны добра разумелі, што гэта немагчыма.
Людзям іншы раз было прыемна глядзець у неба на загадкавыя ўзоры з аблокаў. І гэта не дзіўна, таму што далёкае і недаступнае заўсёды мацней вабіць і прыцягвае да сябе.А тым часам амаль каля самай зямлі зіхацела ў залатых прамянях ліпеньскага сонца маленькая Аблачынка, такая, якіх на небе бывае вельмі шмат. Але калі ўважлівей прыгледзецца, то можна было б заўважыць, што гэтая Аблачынка вельмі падобная на Караблік, што ляцеў па паветры пад белымі пухнатымі парусамі. Вецер кіраваў яе рулём і выбіраў кірунак палёту. Аблачынка плыла вельмі блізка да зямлі, аднак ніхто з людзей не звяртаў на яе ніякай увагі.
Горад, над якім праплывала Аблачынка, быў заняты сваімі паўсядзённымі справамі і клопатамі. Яркае і гарачае сонца адлюстроўвалася ад рознакаляровых дахаў шматпавярховак, асвятляла вуліцы і бульвары, машыны і людзей. Калі Аблачынка даплыла да вежавых кранаў, якія стаялі каля будуючыхся вышынных дамоў, яна паспрабавала праляцець так, каб незнарок іх не закрануць.
Маленькая Аблачынка з цікавасцю разглядала горад, дзе пралятала. Яна бачыла стомленых людзей, якія вярталіся з працы, яркія размаляваныя тралейбусы і аўтобусы, рознакаляровыя кузавы аўтамашын, якія нібы люстэркі адлюстроўвалі сонечнае святло. Аблачынка заўважыла, што хтосьці вельмі маленькі глядзіць на яе з дзіцячай каляскі і цягне да яе свае ручанькі. "Гэтае малое дзіця палічыла мяне за цацку! Але, не, я не цацка!" – пакрыўдзілася трошкі Аблачынка, падобная на парусны Караблік, і паляцела далей. Потым яна паглядзела прама перад сабой – там пад каронамі старых ліп, клёнаў і верб хтосьці з кімсьці размаўляў. Так дом за домам, вуліцу за вуліцай і белая пухнатая Аблачынка праляцела над вялікім гарадскім раёнам, дзе ішлі, ехалі з працы, а можа быць, проста адпачывалі людзі.
А вось і Рака, а побач з ёй стары гарадскі парк.
– Прывітанне! – сказала Аблачынцы Рака. – Плыві да мяне.
– Я – Караблік, але не рачны, а паветраны. Плыву вельмі далёка, і нам з табой не па дарозе. Так што, пакуль!
– Пакуль! – засмучана адгукнулася Рака.
– Пакуль, пакуль, – шапнулі Адлачынцы Дрэвы сваёй лістотай.
У адрозненне ад людзей, яны бачылі ўсё і ўсіх, таму з вышыні птушынага палёту віталі кожнага. Нібы Зоркі, якія зваліліся з неба на зямлю і пераўтварыліся ў расліны, Дрэвы зноў ірвуцца ў неба сваімі верхавінамі і мараць аб ім. Заўсёды спакойныя, маўклівыя, аднак яны думаюць пра неба нашмат больш за людзей.
Магчыма, у гэты момант Дрэвы жадалі сказаць Аблачынцы:
– Мілая Аблачынка, падобная на паветраны парусны Караблік! Вельмі шкада, што ніхто з людзей, акрамя маленькай дзяўчынкі, не заўважыў і не палюбаваўся табой. Але ты не маркоцься і не журыся! Ляці! Ляці! Ляці, мілая Аблачынка!
Гэтая казка на рускай мове
10.06.20