Добрае святло Палярнай Зоркі (чытае аўтар) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Добрае святло Палярнай Зоркі (чытае аўтар)
Далёка ад Зямлі ў бязмежных абшарах космасу ззяе яркая Зорка. Людзі далі ёй імя – Палярная. Чаму? Менавіта таму, што яна асвятляе паўночную частку Зямлі – Запаляр'е, дзе знаходзіцца Паўночны полюс.      Падчас доўгай зімы, калі ў тых краях бушуюць лютыя маразы, і доўгі час на небе не з'яўляецца Сонца, Палярная Зорка асвятляе зямлю, заледзянелую ад марозу і схаваную пад тоўстым дываном са снегу. Хто ж можа жыць там узімку? Толькі той, хто носіць цёплую адзежу. У людзей, якія жывуць у вельмі халодных месцах, ёсць цёплыя кажухі, унты з аленевага футра, футравыя шапкі і рукавіцы. А якія звяры могуць перажыць суровую зіму Запаляр'я? Тыя, у якіх ёсць вельмі цёплая густая поўсць. Гэта белыя мядзведзі, пясцы, палярныя ваўкі, паўночныя алені. Каб выратаваць ад лютага марозу маленькіх медзведзянят, што нядаўна нарадзіліся, белыя мядзведзіцы выкопваюць у глыбокім снезе бярлогі і спяць у іх з малымі дзецьмі да вясны, пакуль Сонца не ўзыдзе на неба, і не стане цёпла.
     Палярная Зорка клапоціцца пра тых, хто ў такі цяжкі час зімуе на поўначы нашай Зямлі. Яна асвятляе снег і сочыць за ўсімі. Аднойчы Зорка заўважыла, як з-пад высокай гурбы вызірнула нечая беленькая мыска з чорнымі вочкамі, чорным носікам і маленькімі вушкамі. "Ах, гэта ж медзведзяня нарадзілася ў мядзведзіцы! Якое добранькае!" – зразумела Палярная Зорка і асвятліла яго носік.
     – А-а-а-п-чых! – піснула медзведзяня і хутка схавалася пад снег.
     "Малы зусім беленькі і яркі, такі ж, як і я, – падумала Палярная Зорка. – Буду клікаць яго Палярным медзведзянём".
     – Мама! – медзведзяня патузала мядзведзіцу за цёплую і мяккую поўсць. – Калі мы вылезем з бярлогі? Я хачу пагуляць наверсе.
     – Спі, сынок! – адказала мядзведзіца. – Нам рана прачынацца. У небе яшчэ няма Сонца.
     – Але там наверсе хтосьці свеціць на мой нос, – пажалілася медзведзяня.
     – Гэта Палярная Зорка. Яна любіць нас і ахоўвае наш супакой. Патрывай, дзіцятка. Хутка скончуцца зіма і доўгая палярная ноч. На неба ўзыдзе Сонца, і тады мы пойдзем сустракаць яго.
     Палярнае медзведзяня слухала маму. І хаця малому ўжо надакучыла спаць, ён усё-такі застаўся ў бярлозе побач з цёплым маміным жывоцікам…
     А ў гэты ж час недалёка ад мядзведжай бярлогі пасвіліся паўночныя алені. Іх было шмат – вялікая сям'я, у якой падрастала некалькі маленькіх аленянят. Сталыя алені абраслі цёплай поўсцю і ім быў не страшны моцны мароз. Маленькія аленяняты таксама насілі футравыя кажушкі, толькі не такія цёплыя, як у іх бацькоў.
     – Хавайцеся ў сярэдзіну – паміж намі дарослымі, там вам будзе цёпла, – раілі аленянятам іх бацькі – алені.
     Аленяняты так і рабілі. Яны грэліся ў сярэдзіне статка аленяў, якія сваімі целамі засланялі малых ад пранізлівага паўночнага ветру – сіверу. Але не ўсім аленянятам гэта падабалася.
     – Я не магу больш так жыць! – раскапрызілася аленяня па мянушцы Віхар.
     Яму не выпадкова далі такое імя. З нараджэння няўрымслівае аленяня не давала нікому супакою. Малому хацелася бегаць, гуляць, ён вырываўся са статка і насіўся па беласнежнай зямлі, нават захрасаў ў глыбокім снезе.
     – Колькі разоў я буду казаць табе, каб ты не сваволіў, – прасіла яго мама-аленіха. – Цяпер зіма, доўгая палярная ноч, неба цёмнае круглыя суткі. Калі ты згубішся, як я буду цябе шукаць у такой цемры?
     – Не згублюся! Я ўсё бачу, бо снег жа белы, ён свеціцца, – паўтараў Віхар і адважна рваўся на шпацыр.
     Аднойчы, ён у чарговы раз уцёк ад мамы і натрапіў на мядзведжую бярлогу.
     – Хто там жыве? – спытаў Віхар, заўважыўшы пад снегам нечы чорны нос.
     – Я жыву з мамай, мяне завуць Палярны, – адказала медзведзяня.
     – А я – Віхар. Давай сябраваць! – прапанавала аленяня. – Вылазь з бярлогі!
     – Не магу. Мама не дазваляе.
     – А я ўсё магу. Я нават магу ўцячы ад мамы за трыдзевяць зямель! – пахвалілася аленяня.
     – І ты не баішся? – здзівілася медзведзяня.
     – Ні кропелькі, – бадзёра адказаў Віхар і пакруціўся поруч бярлогі на дзвюх задніх ножках.
     І тут раптам здарылася бяда! Злая і бязлітасная паўночная Завіруха, пачуўшы такія дзёрзкія словы маленькага някемлівага аленяня, вырашыла яго правучыць. Яна наляцела на яго, падхапіла лёгкае цельца малога і панесла!
     – О-о-о! – спужаўся Віхар. Але яго ніхто не пачуў. Мама-аленіха была далёка, медзведзяня, спалохаўшыся, схавалася ў бярлогу.
     – Ма-а-а-ма! – гучна крычаў малы, пакуль Завіруха не аднесла яго далёка-далёка ад родных і не апусціла на зямлю.
     Ліхадзейка ўхмыльнуўся, а адлятаючы, прасвістала, гледзячы на небараку:
     – Паглядзім, як ты, смяльчак, выбярэшся адгэтуль!
     Усё гэта бачыла Палярная Зорка. Яна назірала за звар'яцелай Завірухай, але нічым не магла дапамагчы аленяняці. А той уграз у снезе, агледзеўся, але не ўбачыўшы нідзе паблізу сваіх родных аленяў, горка заплакаў.
     "Я дашлю яму на дапамогу вунь таго аленявода", – вырашыла Палярная Зорка і асвятліла шлях запрэжцы моцных ездавых сабак. У гэты час па бязмежнай заснежанай раўніне беглі ў запрэжцы блакітнавокія хаскі і якуцкія лайкі. Яны цягнулі за сабой санкі з аленяводам.
     – Ты згубіўся? Дзе ж твая мама? – спытаў добры чалавек, пад'ехаўшы да аленяняці.
     – Я не ведаю. Яна там, дзе свеціць Палярная Зорка, – адказаў збянтэжаны Віхар.
     Малыш не раз чуў ад сваёй мамы аповед пра Палярную Зорку, якая ярка свеціць у небе палярнай ноччу.
     – Вунь гэта Зорка! Яна асвятляе нам дарогу, – сказаў аленявод і паказаў на неба. Там наперадзе ззяла яркая Зорка.
     – Аленяня, сядай ў санкі, і мы паедзем да тваёй мамы па яркім следзе Палярнай Зоркі, – супакоіў ён малога.
     Вось так Палярная Зорка і добры чалавек выратавалі неразумнага аленяня. Неўзабаве шпаркія ездавыя сабакі дабраліся да месца, дзе пасвіліся паўночныя алені. А там згубленага сыночка сустрэла заплаканая мама-аленіха.
     – Я так спужаўся, мамачка! – прасіў прабачэння Віхар. – Я больш не буду ўцякаць далёка ад цябе.
     На гэтым скончылася гісторыя пра паслухмяных і непаслухмяных дзяцей. Кім быць лепш, як вы думаеце, дзеці?
     
     Мой дарагі чытач!
     Кажуць, што Палярная Зорка заўсёды паказвае на Поўнач. Прапаную табе адшукаць гэтую Зорку на небе. Яна знаходзіцца ў хвасце сузор'я Малой Мядзведзіцы.
     Ты ўбачыш, што гэта незвычайная Зорка і сапраўды заўсёды размяшчаецца строга на Поўначы зорнага неба.
     
      Гэтая казка на рускай мове
9.05.20