Ленскія слупы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ленскія слупы
Ленскія слупы
Кажуць, што на нашай Зямлі яшчэ ёсць такія месцы, дзе рэдка селяцца людзі. Чаму ж там так не камфортна? Прычыны розныя. Але часцей за ўсё ў гэтых месцах планеты вельмі горача альбо вельмі холадна. Там не растуць дрэвы – яны гінуць з-за спякоты ці ад марозу. У пустынях усё замецена гарачым пяском, а далёка на Поўначы падчас вельмі доўгай марознай зімы зямля заледзянелая, паўкрываная лёдам і снегам так, што за кароткае халоднае лета яна не паспявае добра адагрэцца і адтаць. Гэту вялікую тэрыторыю на Поўначы нашай планеты, дзе жыве вельмі мала людзей, завуць Запаляр'ем, а змёрзлую зямлю – вечнай мерзлатой.      Але ўсё-такі жыццё ў Запаляр'і таксама ёсць, таму што па гэтай мёрзлай зямлі цякуць рэкі. Якімі ж моцнымі павінны быць яны, каб пракласці сабе рэчышча ў вечнай мерзлаце! Самая шырокая і паўнаводная рака, якая праходзіць па Запаляр'і – Лена. Кажуць, што яна жывая, разумее і адчувае ўсё, што з ёй адбываецца…
     
     Калісьці вельмі даўно недалёка ад возера Байкал рака Лена нарадзілася на свет маленькай жвавай крынічкай. Горы, якія абкружалі яе, параілі:
     – Бяжы, крынічная вадзіца, на Поўнач, прабівайся да паўночных мораў і да акіяну. Мы благаслаўляем цябе на доўгае і шчаслівае жыццё.
     Пацякла маленькая рэчачка ўніз да цяснін, пракладаючы сабе шлях сярод камянёў, і дабралася да зялёнай раўніны. У мясцовых птушак і звяроў яна запытвала дарогу да Паўночнага Ледавітага акіяна. Усе, хто ведаў, тлумачылі маладой рэчцы у які бок ёй трэба цячы. Але людзей яна рэдка сустракала на сваім шляху. Відаць, яшчэ зусім неабжытая ў тыя даўнія часы была гэта зямля Сібіры.
     Лена прымала ў сябе ваду іншых рэк і ручайкоў, і тады яна становілася больш шырэйшай і паўнаводнай. З усіх бакоў яе абкружалі дрымучыя тайговыя лясы. Велізарныя кедры і піхты, хвоі і елкі жадалі рацэ шчаслівай дарогі. У гэтых бязлюдных месцах жыло шмат звяроў. Ваўкі і лісы, зайцы, вавёркі, расамахі, норкі, алені, мядзведзі і рысі, сокалы і пугачы выходзілі і выляталі з лесу на бераг ракі, каб пагаварыць з Ленай і даць ёй добрую параду. І хоць на сібірскай зямлі ўзімку было вельмі холадна, звяры былі задаволены сваім жыццём:
     – Нас у лесе ніхто не трывожыць, мы зусім не бачым людзей. Суровай зімой нам не замінае траскучы мароз, бо футры ў нас вельмі цёплыя.
     А дапытлівая рака, яшчэ не зведаўшы вялікіх маразоў, цякла ўсё далей і далей на поўнач. Аднак, наблізіўшыся да халоднай Поўначы, яна з трывогай заўважыла, што там лес ужо не рос, зямля станавілася нашмат цвярдзейшай, таму пракладаць сваё рэчышча ў змёрзлай зямлі ёй станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. А калі надыходзіла зіма, люты Мароз часам замарожваў ваду ў рацэ да самага дна. Як жа дрэнна было Лене, калі яна застывала!
     – Бацечка, Мароз! Навошта ты ператвараеш у лёд маю ваду? – жалілася рака.
     Але Мароз маўчаў. Ён не мог спрачацца са Снежнай Каралевай, гаспадыняй сібірскай зімы, і толькі выконваў усе яе загады.
     – І навошта я імкнулася дабрацца да вас, да мора Лапцевых і Паўночнага Ледавітага Акіяна? – хмурылася рака ад немагчымасці нават паварушыцца.
     А Мароз мацнеў, Завіруха ўтварала віхоры са снегу і намятала велізарныя гурбы. У такія ліхія часы рацэ Лене заставалася толькі спаць і чакаць лета…
     
     Гэтак год за годам праносіліся тысячы гадоў. Бабулька рака ўжо прывыкла да свайго жыцця, аднак ёй, як і ўсякай даме, хацелася ўвагі і кахання.
     – Хто да мяне такой ледзяной прыедзе, нікому я не патрэбна, – смуткавала рака Лена. – Рэдка хто з людзей згаджаецца жыць побач са мной.
     Але аднойчы ўлетку, адаграваючы сваю ваду пад прамянямі ласкавага Сонейка, Лена пасябравала з цёплым Паўднёвым Ветрам.
     – Я, – выхваляўся шустры Паўднёвы Вецер, – надзімаю ў пустынях велізарныя пяшчаныя горы – дзюны. Табе, рака, таксама магу такую гару надзьмуць. Я бачыў, што вунь там, у сярэдзіне твайго рэчышча, каля берага ляжыць жоўценькі пясок.
     І Паўднёвы Вецер паспяшаўся надзьмуць у тым месцы пяшчаную гару Тукулан.
     – Але гэтая пяшчаная гара зусім нізенькая, яе ніхто не заўважыць, – сказала рака. – Вось калі б ты надзьмуў уздоўж майго берага высокія скалы, яны б былі бачныя нават здалёку.
     – Добра, і скалы я магу надзьмуць, – паабяцаў Паўднёвы Вецер.
     І надзьмуў. Гэтыя скалы захаваліся да нашых дзён. Людзі іх завуць Ленскімі слупамі. Яны атрымаліся вельмі высокімі, да трохсот метраў у вышыню. Пралятаючы над ракой на самалёце і разгледзеўшы Ленскія слупы ў ілюмінатар самалёта, вандроўнікі сталі часцей прылятаць на бераг сібірскай ракі, каб бліжэй разглядзець іх. Самыя адважныя турысты залазяць на верх стромкіх скал, каб палюбавацца на шырокую і вельмі мужную раку, нацешыцца прыгажосцямі сібірскай зямлі.
     Ленские слупы дзівяць усіх, хто іх убачыў, таму што нідзе ў свеце такога цуду не сустрэнеш.
     – Дзякуй табе, Паўднёвы Вецер! – гавора свайму сябру знакамітая рака. – Цяпер мне не так самотна, як было раней. Да мяне прыязджаюць турысты. Ім цікава, а я рада гэтаму!
     
     Невялікая даведка.
     Імя Лена ў перакладзе з якуцкай мовы – Вялікая рака, слова Тулукан азначае Пясок.
     Ленские слупы ў Якутыі з'явіліся прыблізна 400 тысяч гадоў таму назад. Яны расцягнуліся ўздоўж берага ракі на працягу пяцідзесяці кіламетраў. Побач з імі ў даўнія часы размяшчаліся стаянкі старажытных людзей.
     
      Гэтая казка на рускай мове
17.02.20