Таямніца прыбярэжнага лесу (казка)
Бог падарыў пустэльнаму берагу дзівоснае мора, прамяністае бірузовае і вельмі цёплае. Мора кідала салёныя хвалі на бераг, яны разбіваліся аб камяні, танулі ў прыбярэжным пяску. Зямля напаўнялася вадой, але ніводная травінка не расла на ёй.
Аднойчы ў гэты край прыплыў на караблі малады чалавек. Ён падарожнічаў па белым свеце і ўжо здолеў пабачыць шмат цудаў. Але гэта неабжытая зямля на беразе сіняга мора прыцягнула яго ўвагу і стала самай любімай. За кароткі час ён здолеў ператварыць яе ў выдатны куточак сваёй планеты. З далёкіх краін вандроўнік прывозіў сюды саджанцы найкрасівейшых раслін. Неўзабаве, недагледжаная і пустая зямля ператварылася ў лясны край, напоўнены водарамі квітнеючай травы, кустоў і дрэў. Стройныя кіпарысы, таполі і каштаны, магноліі, гранаты, клёны і лістоўніцы, елкі і хвоі добра раслі на ўрадлівай зямлі, насычанай вільгаццю марской вады, дужэлі, цягнуліся ўгару, насустрач сонцу.Вандроўнік пабудаваў на патанаючым у зеляніне схіле гары ўтульную хатку і, здавалася, цяпер у яго ёсць месца, дзе ён можа быць па-сапраўднаму шчаслівы. Пералётныя птушкі, зачараваныя прыгажосцю квітнеючага берага мора, кожную вясну сяліліся тут. З раніцы да позняга вечара малады чалавек атрымліваў асалоду ад звонкіх галасоў птушак, іх песнень, такіх розных і непаўторных.
Але, усё ж, ён не мог доўга заседжвацца на адным месцы. Яго цягнула ў нязведаныя краі. І вандроўнік зноў адправіўся ў далёкую дарогу. А бераг мора, заселены цудоўнымі пеўчымі птушкамі і пышнымі раслінамі, цярпліва чакаў вяртання свайго гаспадара.
Прайшоў час. Нарэшце, вандроўнік вярнуўся, але не адзін, а з прыгажуняй жонкай. Расліны і птушкі прынялі новую гаспадыню і палюбілі яе. Дзяўчына ласкава размаўляла з дрэвамі, гладзіла іх стройныя ствалы, любавалася кветкамі. Яна была зачаравана далікатнымі галасамі птушак, чые песні цешылі яе душу і лашчылі слых. У любові і згодзе жылі маладыя. Але дапытлівы нораў вандроўнікі клікаў яго ў дарогу да новых нязведаных месцаў. І ён, развітаўшыся з жонкай, адправіўся ў дарогу цяпер ужо не па моры, а па сушы.
Доўга чакала свайго вандроўнага мужа маладая жонка. У прызначаны час ён не вярнуўся. Занепакоеная, яна пайшла ў горы шукаць яго. Вандруючы па бязмежным лесе, дзяўчына раз-пораз звала мужа, спадзяючыся, што ён адгукнецца на яе кліч. Але толькі рэха паўтарала ёй у адказ. Ушчэнт, выбіўшыся з сіл, яна прыхінулася да тоўстага ствала магутнага кіпарыса, просячы яго аб дапамозе. Але нават кіпарыс, высока ўзнёсшы свае галіны ў неба, нічым не змог дапамагчы беднай дзяўчыне. Так, нажаль, у гэтую гадзіну ніводнае дрэва ў прыбярэжным лесе не змагло б разглядзець свайго гаспадара, таму што ён знаходзіўся вельмі далёка ад хаты. Вось як бывае... Сышла жонка на пошукі зніклага мужа, а знікла сама.
Праз нейкі час вандроўнік вярнуўся дахаты, але не знайшоў у ім дарагой яго сэрцу жанчыны. Цяпер ужо яму прыйшлося адправіцца на пошукі. І як ні імкнуўся ён, колькі не шукаў сваю жонку, яе сляды зніклі ў зарасніках ім жа ўзгадаванага выдатнага прыбярэжнага лесу.
– Дзе ж ты, мая родная! Як мне адшукаць цябе! – плакаў начамі вандроўнік, седзячы ля каміна сваёй апусцелай хаты.
Яркае святло ад агню рассякала цемру, прабіваючыся скрозь густую лістоту раслін, і было добра відаць далёка ў моры. Яно свяціла, нібы маячок, які кліча да сябе. Караблі, якія плылі ў моры, чайкі і нават далёкія зоркі бачылі ў начы яркае святло агеньчыка. Толькі зніклая жонка не магла адгукнуцца на адчайны кліч душы горача кахаючага мужа, таму што знаходзілася далёка ад яго, за гушчай зялёнай травы, кустоў і дрэў.
Шмат часу блукала жанчына па бязмежным лесе, не знаходзячы выйсця з яго, ела лясную траву і ягады. І аднойчы, цудоўная сіла чароўнай травы ператварыла яе ў вялікую белую птушку. Зараз яна магла лётаць, і ёй, нарэшце, удалося вярнуцца да берага роднага мора.
Неяк уначы яна ўбачыла агеньчык на схіле гары і паляцела да яго. А там, у страчанай ёю калісьці даўно хаце быў яе дарагі чалавек! Ён плакаў, слёзы цяклі па твары, мужчына выціраў іх белай шаўковай хусткай сваёй без весткі зніклай жонкі!
– Дзе ж ты, мая дарагая, каханая! – гараваў муж.
І белая птушка схамянулася! Яна закрычала! Яе крык працяў лес, стукнуўся аб скалы і вярнуўся назад, да роднай хаты. Птушка плакала і крычала доўга-доўга, так, каб яе голас пачуў ён!
– Я туууууут! Гэта яяяяяяя!
Але бедны чалавек не слухаў сумны крык начной птушкі. Не, ён ніяк не мог здагадацца, што у гэты час з ім размаўляла яго зніклая жонка.
Ён плакаў. А дрэвы, усё разумеючы, але не ў сілах нічога змяніць, гэтак жа, як і ён, бяссільна гублялі свае слёзы...
Слёзы цяклі па тоўстых ствалах і застывалі, ператвараючыся ў цягучую цёмную смалу. А белая птушка крычала і крычала! Яе працяглы жаласны голас пранікаў ва ўсе куткі прыбярэжнага лесу і напаўняў яго нудой і смуткам.
Наставала раніца, стомленая птушка-жонка гублялася ў лесе, каб уначы зноў адшукаць родную хату па яркім святле заклікальнага агеньчыка.
Прайшоў час. Вандроўнік састарэў і ўжо нікуды не з'яжджаў. Кожную ноч ён растопліваў камін і садзіўся пісаць кнігу пра свае вандраванні. Стары пісаў, а птушка крычала і клікала яго. Вядома ж, ён чуў яе сумны голас, але за шмат гадоў так і не змог здагадацца, што гэта быў кліч яго жонкі, калісьці даўно зніклай у гушчы прыбярэжнага лесу…
Гэтая казка на рускай мове
23.09.19