Жарабяты (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Жарабяты (чытае Ліка Пташук)
Жарабяты (чытае Ліка Пташук)
Па месяцовай дарожцы, якая асвятляла лугавую траву, беглі два дзіцяткі. Гэта былі вясёлыя і няўрымслівыя жарабяты. Лада (так клікалі ярка-рудую, нібы Сонейка, маленькую жаробку з чорнымі міндалепадобнымі вачыма) старалася ні на крок не адстаць ад свайго сябра. А яе сябрук, жарабя Зорра, серабрысты, быццам святло Месяца, з блакітнымі, як неба, вачыма не мог наглядзецца на сваю сяброўку.      У гэтую ноч жарабяты збеглі ад бацькоў, якія пасвіліся на гэтым лузе, дзеля таго, каб трохі пагуляць удваіх. Раніцай іх ізноў разлучаць, таму што мамы жарабят жывуць у розных гаспадароў. Такія сустрэчы палюбіліся малым, яны з нецярпеннем чакалі іх. Лада ва ўсім пераймала паводзіны Зорра, яна любіла яго, быццам родная сястра. Ім добра і цікава было знаходзіцца побач, бо жарабяты сталі сапраўднымі сябрамі.
     Набегаўшыся і найграўшыся, малыя спыніліся, прыціснуліся галовамі і доўга глядзелі адно на аднаго.
     – У цябе прыгожыя вочы, яны блакітныя і светлыя, як дзень, – заўважыла Лада.
     – А ў цябе – чорныя, нібы ноч, – усміхнуўся Зорра.
     Дабегшы да канца лугу, жарабяты спыніліся ля ракі. Ім было цікава назіраць, як месяцовая дарожка пералятае раку і хаваецца ў цемры дубовага гаю.
     – Пабеглі купацца! – крыкнуў Зорра, і яны панесліся ў ваду, ствараючы цэлы шлейф асветленых месяцовым святлом вадзяных пырсак.
     Бліскучыя трохі халаднаватые кроплі вады пасыпаліся на жарабят.
     – Бр-р-р-р! – закрычалі малыя і праз міг павярнулі назад да берага.
     Такая водная працэдура трохі астудзіла іх гарачыя галовы і целы.
     – Табе спадабалася купацца? – спытаў Зорра.
     – Так, – махнула галавой развесяліўшаяся Лада.
     Доўгія грывы і хвасты жарабят панамакалі, але гэта іх зусім не турбавала. Яны насіліся па беразе, перамазваліся пяском, ізноў забягалі ў ваду, каб адмыцца ад бруду, а затым ізноў пэцкаліся. Так працягвалася некалькі разоў, пакуль стомленыя малыя, нарэшце, не супакоіліся.
     – Зорра, Лада, дзе вы! – данесліся да жарабят галасы іх матуль, дарослых кабыл.
     Надышла пара вяртацца. Месяцовая дарожка зблякла, і з-за лесу замігцеў ранішні світанак.
     – Мы тут! – адказаў Зорра.
     З панікшымі галовамі, сумныя, бо настае час іх растання, жарабяты паскакалі назад да сваіх матуль, якія пасвіліся у пачатку вялікага лугу.
     – І што вы там рабілі, зусім галодныя, дый і не спалі, – расхваляваліся кабылы.
     На хаду зрываючы кавалачкі травы, дзеці беглі за матулямі. Ім так хацелася яшчэ пагуляць разам, але цяпер гэта было ўжо немагчыма.
     – Да сустрэчы! – крыкнуў Зорра сяброўцы.
     – Да сустрэчы, – адклікнулася Лада.
     
     Світала. Табун коней разыходзіўся па сваіх дварах. Двор, дзе жыла Лада, быў у пачатку вёскі, а двор Зорра – ў канцы.
     “У начное", так завуць начны выпас коней у вёсках, іх часта водзяць хлапчукі. Вось і зараз Андрэйка, прыгнаўшы табун з пашы, дзе яны пасвіліся і адпачывалі ўсю цёплую летнюю ноч, павёў сваю кабылу і яе сыночка Зорра ў самы канец вёскі, дзе стаяла яго хата. Адправіўшы коней у стайню, хлапчук нырнуў на вышкі даглядаць начны сон. Ён ведаў, што хутка прачнецца яго бацька і павядзе кабылу ў поле. Там яе чакае праца, а жарабё будзе побач назіраць і вучыцца ад мамы даросламу рамяству. Цяпер жа стомленае жарабё прылягло ў стайні і адразу заснула.
     Аднак у хуткім часе прыйшоў гаспадар, і жарабяці прыйшлося падняцца, каб ісці за мамай ў поле. Сонечнае святло пырскала ў стомленыя вочы Зорра, аднак ён не змог паназіраць, як працуе яго мама, бо праз вокамгненне (імгненна) праваліўся ў сон. Прачнуўшыся ад нечага голасу, малыш пачуў, як недзе спявае птушка. Яе тонкі пералівісты голас разліваўся па полі. Што ж гэта за цудоўная птушка ўспудзіла Зорра? Пазней, калі падрасце, ён даведаецца, што за птушкі спяваюць над полем, забраўшыся на верхавіну неба. Іх імя – палявыя жаўрукі. Гэтыя маленькія птушачкі ўюць гняздзечкі прама на зямлі ў полі, яны славяць Сонейка і блакітнае неба, радуючыся добраму летняму дню.
     Але дзе ж яго мама? Ды вось яна, яшчэ працуе пад наглядам гаспадара. Трохі пашчыпаўшы зялёную траўку, Зорра зноў пайшоў дахаты ўслед за мамай. Вечарэла. На душы ў жарабяці было радаснае адчуванне, бо ён ведаў, што хутка сустрэне сваю сяброўку і ўсю ноч прабудзе з ёй…
     Дзень за днём непрыкметна пралятала лета. У гэтую пару года ў вёсцы заўсёды шмат гаспадарчых спраў, дзе можа спатрэбіцца праца каня. Таму вельмі часта Зорра дняваў на полі разам з матуляй. Але здаралася і па-іншаму. Часам увесь дзень ён праводзіў у стайні. Для яго гэта было нават горш, чым знаходзіцца ў полі. Аднак надвор'е ўлетку не заўсёды радуе сонечнымі днямі. Здаралася, што Зорра наскрозь прамакаў, трапляючы пад лівень альбо пад навальніцу. На шчасце, ён ні разу не захварэў. А вось з яго Ладай аднойчы здарылася сапраўдная бяда.
     Аднаго разу ў “начное” яна не прыйшла. Зорра адразу захваляваўся. Што здарылася з сяброўкай? Жарабё тыкалася мордай у матулін бок, спрабуючы ўгаварыць яе даведацца, што здарылася з Ладай. А ўначы ў табуне не было не толькі Лады, але і яе мамы кабылы. Толькі праз некалькі дзён Зорра даведаўся, што Лада захварэла. Ён пачуў гутарку гаспадара з Андрейкам. І тады жарабё вырашыла збегаць у канец вёскі, каб наведаць хворую Ладу.
     Раніцай, калі мама яшчэ спала, Зорра выбег са свайго двара і панёсся да стайні Лады, зазірнуў унутр і ўбачыў яе.
     – Ты хворая? – шапнуў ён сяброўцы на самае вуха, дакрануўся да галавы і паглядзеў ёй у вочы.
     – Я ўжо акрыяла. Сёння ўбачымся, – Лада матнула галавой.
     – Буду чакаць цябе, ты толькі не хварэй больш, – пастаяўшы яшчэ трохі ля сяброўкі, Зорра пабег назад дахаты.
     У яго адразу падняўся настрой. Усе трывожныя дрэнныя думкі пра Ладу зніклі. Увечары Зорра з радасцю імчаўся на зялёны луг. Ён ведаў, што там ізноў сустрэнецца з Ладай. "Яна больш не захварэе, я буду засцерагаць яе", – так вырашыў Зорра.
     
      Гэтая казка на рускай мове
23.08.19