Маша и яе чароўны лес(29 частка Сыходзь, Зіма, Вясна на парозе!) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(29 частка Сыходзь, Зіма, Вясна на парозе!) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(29 частка Сыходзь, Зіма, Вясна на парозе!) (чытае Ліка Пташук)
Непрыкметна праляцеў студзень з доўгімі начамі і шэрымі кароткімі днямі. На дварэ люты. Сонечна. Маша ідзе праз лес у школу, любуецца на заснежаныя дрэвы, на чысты бялюткі снег, які паўкрываў усю зямлю. Крохкія сняжынкі іскрацца і пераліваюцца на Сонцы, мароз шчыпле шчокі, нос, падбародак, але Машы гэта не замінае любавацца прыгажосцю зімовай прыроды, удыхаючы свежае злёгку марознае паветра.      Мінулай ноччу ў лесе была завея, у коміне хаты скуголіў вецер, а цяпер надвор'е супакоілася – ні ветрыка, ні завеі. Пасля святаў свой навагодні ўбор Маша акуратна павесіла ў шафу, вырашыўшы, што надзене яго на сустрэчу Вясны. "Я спадабалася Дзядулю Марозу. Ён падарыў мне сукенку і карону, як у прынцэсы", – усміхнулася Маша, згадаўшы чароўную навагоднюю ноч.
     Па дарозе да школы Маша так паглыбілася ў свае думкі, што не заўважыла, як выйшла з лесу і апынулася каля дзвярэй школы. А насустрач ідзе аднакласнік Пеця.
     – Прывітанне!
     – Прывітанне!
     Дзеці ўсміхнуліся адно аднаму і пабеглі ў клас. Хутка празвініць званок, Маша дастала з рукзака падручнікі, сшыткі, ручку, дзённік. Усё, цяпер трэба толькі вучыцца і не думаць пра сняжынкі…
     
     Вось так праходзіць кожны Машын будны дзень: заняткі ў школе, вяртанне дахаты, невялікі адпачынак і зноў – урокі, гітара, выкананне заданняў мамы.
     "Як мала часу ў мяне застаецца на шпацыры па лесе, – смуткавала дзяўчынка, – а я іх так люблю".
     – Глядзі, якое сёння добрае надвор'е, Сонейка, ты яго чакала, – ранкам у выхадны дзень сказала мама, пабудзіўшы сваю дачушку.
     – Ура! – узрадавалася Маша.
     Але як жа ўзімку пагуляць па тых заснежаных месцах у лесе, па якіх улетку яна спакойна праязджала на ровары? Цяпер там глыбокі снег. Толькі лыжы могуць уратаваць Машу. "Не, да возера не паеду, – вырашыла дзяўчынка. – А то зноў патраплю ў завею, як у снежні. Лепш я паздымаю дзе-небудзь бліжэй". Прыхапіўшы з сабой фотаапарат, яна адправілася да таго самага дуба, у дупле якога жыве ваверчаня Цішка.
     А вось і ён, сядзіць каля дупла. Некалькі пстрычак фотаапарата і Цішка ўжо ў фотаальбоме Машы. Побач дупло старэнькай савы, і яе можна зняць. Яшчэ далей у лесе дапытлівай дзяўчынцы трапіўся ў аб'ектыў чырвонагруды снягір, затым варона, сарока, чародка вераб'ёў, сінічкі, нават дзятла Маша змагла сфатаграфаваць. Пашанцавала! Але калі б сустрэць аленя так, як тады ўвосень. Толькі яго нідзе не відаць. "Добра, пасля як-небудзь яшчэ з'езджу, можа быць з татам, адшукаю аленя альбо лася", – вырашыла Маша.
     Яе тата падкормлівае звяроў і птушак. Ён кажа, што яны ўзімку галадаюць. Вось і Маша павесіла кармушку для птушак ля сваёй хаты. Думала карміць сініц і вераб'ёў, а прылятаюць усе, нават дзяцел аднойчы зазірнуў у госці, заўважыўшы смачны пачастунак. Сініцы любяць сала, семкі, проса. Тата птушак хлебам карміць не дазваляе, кажа, што ім шкодна есці хлеб.
     
     У канцы студзеня была адліга. У лесе ўсё растала, а потым ізноў замерзла, хадзіць стала слізка. Добра, што неўзабаве выпаў снег і прысыпаў лёд на дарожках.
     А цяпер, у лютым, лес прыгожы, але ўсё роўна Маша ўжо пачала стамляцца ад капрызаў чараўніцы Зімы. "Нічога страшнага, цяпер сярэдзіна лютага, – кажа тата. – Зіму амаль перажылі. Дзень паступова павялічваецца, і святла становіцца больш". Вядома, Маша і сама гэта заўважае, калі раніцай ідзе ў школу.
     Татаў аптымізм патрэбен усім і не толькі Машы з мамай. Ён патрэбен лесу – птушкам, звярам, дрэвам, кустам, спячым пад снегам кветкам і траве. "Зіма, сыходзь", – шэпча ў сне лес. Ён ведае ўсё пра гэтую чараўніцу, пра яе няпросты наравісты характар, і, хаця, просіць Зіму сысці, сам жа не спадзяецца на гэта. Да канца лютага чараўніца Зіма будзе жыць у лесе, таму што люты – яе месяц. А яна адмыслова са злосці будзе засыпаць лес снегам, дзьмуць ледзяным ветрам, каб паказаць усім – у яе сілы хопіць надоўга. Але ўсё-такі прыход чараўніцы Вясны не за гарамі. Сонца ўсё часцей пасылае ў лес свае гарачыя прамяні. Яны то тут, то там саграваюць і адтайваюць зямлю, спрачаючыся з Зімой. Сонечнае цяпло адчуваюць спячыя дрэвы – дубы і ясені, ліпы і клёны, бярозы і асіны, хвоі і елі. З іх галінак пачынаюць спадаць ледзяныя шапкі. А Зіме гэта не пра нораве, яна зноў засыпае лес снегам.
     – Я яшчэ тут, – скуголіць Зіма, – не сыду, і не чакайце.
     Як жа можна цярпець гэтую "шкодніцу"? Але лясныя жыхары прывыклі да ўсяго. Вавёркі, мышы і птушкі не галодныя, яны адкрываюць свае сховішчы, дзе шмат запасаў ежы, а буйныя звяры ведаюць, як адшукаць ежу пад снегам.
     Самымі адважнымі ў зімовыя халады аказаліся крыжадзюбы. Яны ўмудрыліся ў лютым нарадзіць на белы свет птушанят. І ежу для іх знаходзяць. Дзе? Пад елкамі. Аказваецца, якраз у гэты час шышкі на елках лопаюцца, і з іх высыпаюцца семкі. Іх завуць крылаткамі, таму што яны, нібы на крыльцах, вылятаюць з шышак і, кружачыся, ляцяць да зямлі.
     – Вось вам і смачны пачастунак у лютым, – кажуць ялінкі птушкам. – Не лянуйцеся, падбірайце наша насенне з зямлі і будзеце сытымі.
     
     Нарэшце, насталі апошнія дні лютага. І хоць чараўніца Вясна была яшчэ дзесьці далёка ад Машынага лесу, яна ўжо сабралася ў дарогу. Прыгатавала ўборы і з пералётнымі птушкамі дамовілася. Вось толькі чараўніца Зіма не спяшаецца сыходзіць на адпачынак. Яна памятае, як у снежні Сонца растапіла яе першы снег, і таму паспрабуе вярнуць свой страчаны час у сакавіку. Ці атрымаецца ў Зімы гэта?
     – Сыходзь, Зіма! – настойліва просіць лес. – Ты нам надакучыла.
     – Не сыду, і не прасіце, – бурчыць упартая чараўніца.
     Але вось з календара Маша сарвала апошні лісток лютага.
     – Сёння першага сакавіка, – узрадавалася дзяўчынка. – Мама, я цябе віншую!
     – З чым?
     – Як з чым, з пачаткам Вясны!
     – Ура! – жартуе мама, а сама глядзіць у акно.
     Хоць там яшчэ ляжыць снег, хутка ён абавязкова растане. І Зіме прыйдзецца сысці. Пабягуць ручайкі з адталай зямлі, прачнуцца дрэвы, адчыняюць свае дзверы ў норках і дуплах лясныя звяркі і птушкі, упускаючы цёплае вясновае паветра. Зазвіняць вясёлымі галасамі сінічкі, Сонца сагрэе усё жывое, з зямлі на божы свет праб’юцца першыя вясновыя красачкі. Прыляціць чараўніца Вясна і прывядзе за сабой пералётных птушак. А яны зноў напоўняць Машын лес звонкімі вясёлымі галасамі.
     А там, дзе радасць, там і шчасце. Усміхнецца Маша, выйдзе на ганак ва ўборы прынцэсы сустракаць Вясну. Зялёнавокая Чараўніца, убачыўшы яе, падумае:
     – Я нездарма спяшалася ў гэты лес. У ім жыве такая прыгожая і вясёлая дзяўчынка, значыць, гэты лес шчаслівы!
     
     Пасляслоўе.
     Пройдзе шмат гадоў. Маша пасталее, скончыць школу і ўстане перад выбарам, з чым далей звязаць свой лёс, кім стаць у дарослым жыцці?
     Шмат разоў яна будзе задумвацца пра гэта яшчэ ў школе. Стаць, як мама, медработнікам? Гэта цікава, але тады ў яе не будзе досыць часу для цеснай сувязі з прыродай цудоўнага запаведнага лесу. Вядома, з чым яшчэ, як не з родным лесам: яго раслінамі, птушкамі і звярамі Маша звяжа сваё далейшае жыццё. Проста жыць і не клапаціцца аб дарагім сэрцу лесе Маша ўжо не зможа, таму што з дзяцінства палюбіла яго.
     Дачка працягне справу свайго бацькі. Яна будзе засцерагаць і захоўваць лясную прыроду, памнажаць яго багацце. А ўдзячны лес заўсёды будзе любіць і шанаваць Машу, быццам чароўную прынцэссу, распавядаць ёй свае сакрэты, дарыць лясныя багацці, якіх у гэтым дзівосным лесе вельмі шмат.
     
      Гэты аповед на рускай мове
29.07.19