Маша и яе чароўны лес(27 частка Хутка Новы год) (чытае Ліка Пташук)
У зімовым лесе гараць агеньчыкі – гэта вокны ў хаце лесніка. З трубы на даху ўецца белы дымок. У хаце топіцца печка. Маша робіць урокі на заўтра. Ёй засталося прачытаць і завучыць на памяць верш пра зіму. Калі застанецца час, яна яшчэ паіграе на гітары. Дзяўчынцы хочацца развучыць п'есу, ноты якой учора ёй даў тата. Але развучванне новай п'есы – доўгі працэс. Трэба займацца некалькі дзён, можа нават тыдзень, каб добра і чысценька сыграць гэту п’есу на гітары. А Машы так хочацца, каб яе потым пахвалілі. Хто ж можа пахваліць? Вядома, тата і мама, а яшчэ Тарзан і котка з кацянятамі, бо яны яе слухачы і экзаменатары.
Набліжаецца канец другой чвэрці ў школе. Трэба старацца вучыцца, каб у дзённіку былі толькі добрыя і выдатныя адзнакі. Тады і настрой будзе выдатны. А ён вельмі патрэбны, бо хутка зімовыя канікулы і галоўныя святы года – Каляды і Новы год. Як і ўсе дзеці, Маша верыць, што дзядуля Мароз пакладзе ёй пад навагоднюю Ёлку жаданы падарунак.Дабірацца да школы стала цяжэй. Тата часта чысціць лясную дарогу да вёскі на міні-трактары, але часам Машы прыходзіцца ехаць у школу з татам на аўтамабілі альбо станавіцца на лыжы. Але яна малайчына, ні разу не прастудзілася. А кудлаты Тарзан чамусьці баіцца холаду і ў вялікі мароз тата пускае яго ў хату.
– Ты як Цішка, той таксама даўно не прыходзіць да нас, відаць баіцца марозу, – смяецца Маша.
У выхадны дзень дзяўчынка вырашыла з'ездзіць на лыжах да ляснога возера, каб паглядзець, ци моцна яно змерзла?
– Я табе дазваляю з'ездзіць туды на лыжах, – сказаў тата, – але каб ты не ішла на лёд. Ён можа праваліцца. Хто тады цябе будзе ратаваць?
– Добра, я не пайду на лёд, – паабяцала Маша.
Раніцай яна адправілася на шпацыр. Надвор'е было сонечнае і яснае. Дзяўчынцы было прыемна пракладаць лыжню ў глыбокім снезе, любавацца на белыя шапкі елак і хвой, чуць перазвон сініц, крыкі галак, варон, цвырканне вераб'ёў.
Нагледзеўшыся на возера, Маша прысела на паваленае дрэва і задрамала. Прачнуўшыся, яна не пазнала сонечны лес. Неба зацягнула шэрымі хмарамі, падняўся вецер, снег сыпаў прама ў твар.
– Што гэта? – не магла зразумець дзяўчынка. – Усё было спакойна. Адкуль узяліся гэтыя снежныя хмары?
Маша не ведала, хто стварыў такую завіруху ў лесе. Ёй было невядома, што капрызная дачка чараўніцы Зімы – гарэза Завіруха - стамілася ад гультайства ў ледзяным замку і прыляцела ў Машын лес, каб пасвавольнічаць.
Вось толькі дачка лесніка не спалохалася Завірухі! Дзяўчынка добра памятала, у які бок ёй трэба ехаць назад, бо ўлетку часта каталася на ровары ў гэтым месцы лесу. І пакуль не сцямнела, Маша паспяшалася назад да сваёй хаты. Яна насілу адшуквала ў снезе пракладзеную раніцою лыжню, аднак імкнулася спакойна і ўважліва ехаць па завеяным лесе. Дрэнным было тое, што яе капялюшык, рукавіцы, куртка і чаравікі вельмі хутка сталі зусім мокрымі. Дахаты Маша дабралася, калі яе нос, вушы, пальчыкі на руках і нагах сталі практычна ледзянымі.
– Як ты замерзла! – расхвалявалася мама.
Яна пачала хутка ратаваць сваю дачушку. Цёплае малако з мёдам, гарачы абед сагрэлі Машу, і яна заснула.
Назаўтра дзяўчынка прачнулася зусім хворая. У яе балела горла і паднялася тэмпература. Увесь апошні тыдзень перад зімовымі канікуламі яна прабыла ў хаце і лячылася ад прастуды.
Школьная сяброўка Наташа і настаўніца Ала Максімаўна тэлефанавалі да яе і жадалі, як мага хутчэй, паправіцца. Хіба можна хварэць на Каляды і Новы год!
– Добра лячыся, – казала Наташа. – У школе будзе свята – Навагодняя Ёлка. Я чакаю цябе, прыязджай.
Маша старалася, але тэмпература ўсё яшчэ трымалася, балела горла…
– Мы з татам пойдзем у двор упрыгожваць нашу Сонечку, – сказала мама за чатыры дні да Новага года. – А ты глядзі ў акно.
– Я ўжо здаровая, – спрачалася Маша, але мама была неўмольна.
Ах, якой прыгажуняй стала ялінка, калі мама і тата павесілі на яе навагоднія цацкі! Але самым цудоўным сюрпрызам для Машы сталі электрычныя гірлянды. Іх тата нядаўна прывёз з горада, купіў на ёлачным кірмашы. Сонечка стала прыгажэйшай за ўсе гарадскія навагоднія Ёлкі.
Цішка ўбачыў яркія светлавыя агні са свайго дупла і прыбег паглядзець на цуд. Даведаўшыся, што навагоднюю Ёлку каля Машынай хаты ўпрыгожвалі дарослыя, ён задумаўся:
– А дзе ж Маша?
Тое, што Маша сядзіць у хаце, ён даведаўся потым, убачыўшы яе сілуэт у акне, і зразумеў, што дзяўчынка хворая. Неўзабаве чутка пра навагоднюю Ёлку каля хаты лесніка абляцела ўвесь лес. Птушкі і звяры паспяшаліся паглядзець на цуд. А Маша старанна лячылася. "Я папраўлюся абавязкова, інакш не можа быць", – паўтарала яна. Прайшоў тыдзень і нарэшце дзяўчынка акрыяла. Але, на шчасце, любімыя святы яна не прапусціла. Наперадзе быў Новы год і Каляды.
– У вёску адну я цябе не пушчу, – сказала мама. – Першага студзеня паедзем туды ўсе разам на машыне, пагасцюем у бабулі, а ты сходзіш на свята да дзяцей. Сустракаць жа Новы год трыццаць першага снежня будзем дома. Гэта сямейнае свята.
Гэты аповед на рускай мове
25.07.19