Маша и яе чароўны лес(25 частка Першы снег) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(25 частка Першы снег) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(25 частка Першы снег) (чытае Ліка Пташук)
Восеньскія канікулы былі зусім не доўгімі, але Маша здолела скарыстаць гэты тыдзень з карысцю для сябе. Быў паход па журавіны – экскурсія на вялікае верхавое балота, а яшчэ паездка на ровары да старога трохсотгадовага дуба, на якім вісеў татаў пчаліны вулей.      – Здароў, дуб! – крыкнула Маша. – Я прыехала па жалуды, ты ж абяцаў мне іх падарыць. А можа, твае жалуды ўжо сабраў хтосьці іншы? – спытала яна, не заўважыўшы вакол сябе ніводнага жолуда.
     Але дуб узмахнуў галінкай, як бы накіроўваючы дзяўчынку да свайго падножжа.
     Маша падышла бліжэй і ўбачыла ўнізе ля каранёў ямку, а ў ёй горачку з жалудоў.
     – Ты іх пакінуў для мяне? Шчыра дзякую! – усміхнулася яна і ласкава абхапіла дрэва.
     Маша сабрала ў торбачку падарунак дуба – жалуды і самае прыгожае дубовае лісце, паглядзела ўгару на татаў вулей, але пчол там не ўбачыла. Мабыць, яны ўжо схаваліся ўнутр вулля на зімоўку.
     На наступны дзень дзяўчынка вырашыла, што трэба выканаць абяцанне, дадзенае бабулі – пасадзіць у яе садзе кусцік язміну. Маша сказала пра гэта тату, і той адразу ж пагадзіўся адкапаць ад куста ў іх двары невялікі адростак язміну з каранямі. Калі кусцік быў выкапаны, унучка, не марудзячы, павезла яго бабулі, таму што надвор'е ў гэты дзень выдалася сухое і сонечнае.
     – Дзякуй, унучачка, што ты не забылася пра язмін. Хай расце і цешыць мяне. Уцяплю яго на зіму, каб не змёрз, – сказала бабуля, калі маленькі кусцік быў пасаджаны ў яе садзе.
     "А я дзікую яблыньку яшчэ не ўцяпліла", – з трывогай успомніла Маша.
     Прыехаўшы дахаты, яна тут жа пабегла ўцяпляць сваё дрэўца. Яго яны з татам год назад перасадзілі ў свой сад з лесу. Маша вельмі спадзявалася, што ўвесну яе дрэўца абавязкова зацвіце. "Яблынька лясная, павінна быць загартаванай, але ў лесе яна расла ў густых зарасніках, а тут – на вачах ва ўсіх. Калі мароз да яе дабярэцца, ён можа хутка адмарозіць карані, і тады дрэўца загіне. Мама ж даўно ўсе кветкі ў гародзе і кветніку накрыла і ўцяпліла", – думала Маша, старанна ўцяпляючы сваю яблыньку.
     – Зараз, мая дарагая, ты не змерзнеш узімку, – сказала дзяўчынка.
     – А для абароны ад зайцоў ты не будзеш абвязваць яе ствол? – спытала мама. – Глядзі, якая яна ў цябе тоненькая. Заяц, калі адкусіць кару, то і ўвесь ствол можа перагрызці. Узімку ён галодны, яму есці вельмі хочацца.
     – Ой, мамачка, я зараз жа гэта зраблю! – расхвалявалася Маша.
     Неўзабаве ствол быў абвязаны яловымі лапкамі, і яблынька адчула сябе шчаслівай ад добрага Машынага клопату. Ад радасці дрэўца напявала ласкавую песеньку і паціху калыхала тонкімі галінкамі…
     
     Ваверчаня Цішка цяпер рэдка прыбягаў да Машы ў двор. Усё часцей у волкае надвор'е ён сядзеў у дупле і слухаў казкі сваёй мамы-вавёркі. Шэрыя важаняты і іх брацік альбінос ужо спалі ў норцы разам з мамай-вожычыхай і бачылі добрыя сны. Увесь лес – расліны, звяры і птушкі – прыгатаваўся сустракаць чараўніцу Зіму. А Восень яшчэ абыходзіла лес, возера, выходзіла на поле і луг, але вялікай працы не здзяйсняла. За тры свае месяцы – верасень, кастрычнік і лістапад – Восень вельмі стамілася і больш не сачыла за надвор'ем. Таму ў канцы лістапада з неба бесперапынку лілі дажджы, зямля наскрозь папрамакала, а з дрэў апала апошняя лістота.
     – Сёння трыццатага лістапада, я пакідаю вас, – паведаміла чараўніца Восень лясным раслінам, птушкам і звярам. Услед за мной да вас прыйдзе Зіма, толькі вы не маркоцьцеся, прывыкайце да марозных дзён і начэй. Сонца ў зімовую пару размалёўвае снег і лёд перламутравымі фарбамі, і тады ўсё наўкол становіцца чароўным і нават загадкавым.
     – А цяпер бывайце, да наступнага года! – развіталася з усімі чараўніца Восень і пайшла адпачываць.
     Прамоклыя дрэвы і кусты не ведалі, што Восені казаць у адказ. Яны прамерзлі і адсырэлі, і цяпер ім здаваліся выратаваннем цвёрдыя хрусткія ад марозу сняжынкі, якія накрываюць узімку іх галінкі і зямлю белай пухнатай коўдрай…
     
     – Вітаю ўсіх! – без усялякай злосці, а нават радасна прамовіла чараўніца Зіма.
     Раніцай першага снежня яна спусцілася на зямлю проста з нябёсаў і заслала яе тонкім асляпляльна белым покрывам, вытканым з малюсенькіх ажурных іскрынак-сняжынак.
     Маша прачнулася, зірнула ў акенца і зажмурылася ад яркага белага ззяння.
     – Мама, тата, снег выпаў! – узрадавалася дзяўчынка.
     Восеньскія кнікулы даўно закончыліся, і ў гэты дзень Машы трэба было ісці ў школу. Але як прыемна прайсці па першым снезе, калі ён храбусціць пад нагамі і пераліваецца на Сонцы!
     – Дачушка, абувай зімовыя боты, цёплую куртку і шапку, – папрасіла мама. – А яшчэ пальчаткі не забудзься.
     Вось так у Машыным лесе пачалася Зіма. Яна прабудзе на Зямлі тры месяцы – снежань, студзень і люты.
     
      Гэты аповед на рускай мове
22.07.19