Маша и яе чароўны лес(18 частка Адлятае Лета) (чытае Ліка Пташук)
Апошні месяц летніх канікулаў аказаўся неверагодна цёплым і цікавым. Маша часта хадзіла купацца то на рэчку да бабулі і да сваіх сяброў, то на лясное возера з мамай або татам. Аднойчы яны пайшлі ўсе разам, таму што ў таты быў выхадны, а мама атрымлівала асалоду ад апошніх дзянькоў свайго адпачынку. Тата рыбачыў, Маша з мамай загаралі і купаліся. Недалёка ад берага ў чаратах распусціліся жоўтыя гарлачыкі. Тата вырашыў сарваць некалькі гарлачыкаў і падарыць сваім дзяўчынкам, як ён ласкава зваў дачку і жонку, але Маша яго спыніла: “Татачка, нам не патрэбныя гарлачыкі. Яны такія прыгожыя, іх шкада зрываць”. Тата пагадзіўся, а дачка працягвала з вялікім задавальненнем любавацца імі. Ёй здавалася, што гэта не жоўтыя гарлачыкі, а казачныя лодачкі, у якіх любяць адпачываць матылькі і стракозы.
У сярэдзіне жніўня тата, як і абяцаў, прынёс дахаты бочачку мёду. Маша першай ацаніла яго смак і водар. На яблынях у садзе паспелі самыя смачныя яблыкі – сакавітыя бела-ружовыя плады Белага наліву. Маша з мамай сабралі ўраджай вішань, агрэсту, чорных парэчак, малін. На кухні ў хаце закіпела праца. Мама ўзялася рабіць нарыхтоўкі на зіму – варэнні, кампоты, сухафрукты, кансерваваныя агуркі і памідоры. Машы прыйшлося таксама папрацаваць, яна выконвала ўсё, аб чым прасіла мама, і паволі асвойвала “прамудрасці” гатавання. У каморы іх хаты, нібы салдаты ў страі, неўзабаве выстраіліся гатовыя нарыхтоўкі з саду і гароду ў шкляных слоіках.Тата таксама браў удзел у гэтай карыснай справе. Ён прыносіў ваду з калодзежа і дапамагаў стэрылізаваць і закручваць слоікі.
Колькі ўсялякіх садовых прысмакаў падарыла чараўніца Лета людзям у жніўні! Маша з задавальненнем ласавалася малінамі, вішнямі, агрэстам, злівамі, яблыкамі, грушамі. А яшчэ ў Машыным садзе квітнелі ружы, гладыёлусы, півоні, вяргіні. Вось такім прыгожым і салодкім запомніўся дзяўчынцы жнівень.
Чараўніца Лета таксама была задаволена. Усё, што яна задумала, выконвалася ў тэрмін. Людзі хвалілі яе за добры ўраджай, і не толькі ім дагадзіла чараўніца. Птушкі і звяры, якія заставаліся зімаваць у родных месцах, цешыліся з багатага ляснога ўраджаю і пачыналі рабіць запасы на халодную і галодную зіму. У лесе даспявалі плады ляшчыны, шыпшынніку, наліваліся сокам яблыкі на дзікіх яблынях, маліннік быў чырвоны ад саспелых ягад. Кароткія летнія дажджы абудзілі ад спячкі грыбніцы. Лісічкі, падасінавікі, падбярозавікі, сыраежкі, баравікі выглядвалі з-пад яловых іголак, сухой лістоты і моху. Хутка вавёрачкі пачнуць нарыхтоўваць іх на зіму, таксама гэта будзе рабіць мама нашага знаёмага ваверчаняці Цішкі. А вялікія кабаны, ласі і алені, згледзеўшы ядомы грыб, з задавальненнем з'ядуць яго, не пакінуўшы нікому іншаму.
На жаль, у Машы заканчваліся летнія канікулы. Мама нагадала пра гэта і павяла дачку ў краму за школьнай формай і школьнымі прыналежнасцямі. Пачалася падрыхтоўка да школы. Трэба было купіць сшыткі, дзённік, ручкі, алоўкі, лінейкі, рукзак і новую школьную сукенку. Дзяўчынка за лета падрасла, і старая ёй ужо стала кароткай.
– Як часта дзеці змяняюць школьную адзежу, – незадаволена бурчала мама.
У яе гэтак жа, як і ў дачкі, у гэту пару года прыбавілася клопатаў. Але нічога не паробіш, усе ж вучацца, і мама калісьці сама хадзіла ў школу. Адзін толькі тата заставаўся вясёлым і імкнуўся падняць настрой дачцэ і жонцы.
– Хутчэй арганізуйцеся, – казаў ён. – Калі хутка зможаце выканаць сваю работу, тады застанецца яшчэ пара дзянькоў дзеля адпачынку перад школьнай лінейкай.
Пра што тата казаў, Маша разумела. Ён намякаў на тое, што звозіць усіх на роварах у далёкі лес па грыбы. Усё так і выйшла. Маша і яе бацькі выкраілі некалькі апошніх цёплых, да таго ж не вельмі дажджлівых дзянькоў адыходзячага лета дзеля свайго адпачынку і паехалі па грыбы. Іх яны любілі і ўмелі збіраць. З поўнымі рукзакамі грыбоў вандроўнікі вярталіся дахаты. Там, у далёкім лесе, Маша з мамай ледзь не заблудзіліся, выпадкова адышоўшы ад таты ў бок. На шчасце, яны зайшлі недалёка, таму і пачулі татаў кліч, а потым дайшлі да яго.
Тата – іх галоўны арыенцір – ніколі не губляўся ў лесе. Напэўна, так і варта было быць, таму што тата – ляснік, ён павінен увесь лес ведаць як свае пяць пальцаў.
Вярнуўшыся дахаты, грыбнікі дружна заняліся гатаваннем – чысцілі, мылі, варылі, закручвалі ў слоікі грыбы, смак якіх вельмі любілі.
– Хутка восень, – усміхнулася мама. – Мы ж, як птушкі і звяры, якія рыхтуюцца зімаваць на халоднай зямлі, рыхтуем сабе ежу да зімы…
И вось ужо чараўніца Лета з сумам распавяла ўсім, каго ведала, пра каго клапацілася, свае думкі, якія апошні час насіла ў сэрцы і душы. Чараўніца ўзляцела на самы высокі дуб, што рос пасярод велізарнага лугу, і паглядзела на ўсіх позіркам сумнай птушкі:
– Мае дарагія сябры! Хутка я палячу ад вас у далёкія краі, дзе буду адпачываць да наступнага года. Але вы не смуткуйце. Я пакідаю вам добры ўраджай у садах, лясах, на палях і лугах. Сустракайце чараўніцу Восень з радасцю, а мяне адпусціце з мірам, – прамовіла чараўніца Лета мяккім і ласкавым голасам.
Але ніхто не ўзрадаваўся яе словам. Наадварот, усе зажурыліся. І было ад чаго. Чараўніца Лета сыдзе, а ўслед за ёй сыдзе цяпло, настане волкасць і пальюць халодныя дажджы.
Першымі адгукнуліся на словы чараўніцы самыя цеплалюбівыя птушкі. Яны нават не сталі чакаць прыходу восеньскіх халадоў, хутка пазбіраліся ў чародкі і паляцелі на поўдзень. Хто ж гэтыя птушкі? Вы іх ведаеце. Гэта тыя самыя стрыжы, якія пазней за ўсіх прыляцелі ў Машын лес, маленькія ластаўкі, аўсянкі. Яны не ўмеюць захоўваць цяпло і хутка мерзнуць. Тата сказаў, што івалгі, тыя, што гнездаваліся каля возера, таксама адляцелі, паляцелі ў вырай і белыя буслы.
p.s. На фота – cтрыжы адляцелі.
Гэты аповед на рускай мове
24.06.19