Маша и яе чароўны лес(14 частка Сунічная паляна) (чытае Ліка Пташук)
Надышли па-сапраўднаму спякотныя летнія дзянькі. Узыходзячае Сонца асвятляла лес гарачымі прамянямі, хутка выпарваючы з раслін ранішнюю расу. Яно не давала птушкам і насякомым часу на роздум. Той, хто праспаў і не паспеў своечасова папіць крыху вадзіцы з маленькіх крупінак-расінак, якія зіхацелі на лісцях, пялёстках кветак і ў траве, шукаў ваду ў іншым месцы – лясным возеры або глыбока пад зямлёй.
Старыя дрэвы ўмелі ўкрываць адно аднаго ад пякучага Сонца ценем ад велізарных галін, а карані дрэў пілі крынічную ваду пад зямлёй. А вось кусты чарнічніку, сунічніку, малінніку, ажыны, бруснічніку пачыналі сохнуць. Іх маленькія карэньчыкі не дацягваліся да крыніц.Назіраючы за ляснымі раслінамі, чараўніца Лета вырашыла, што надышоў час сасмягшую, сухую ад спёкі зямлю напаіць навальнічнай вадой. Яна вельмі добра разумела, як гэта зрабіць. Нездарма ўсе навальніцы часцей за ўсё здараюцца ў летнюю пару года.
У Машынай сям’і ніхто не скардзіўся на недахоп вады. Побач з хатай быў выкапан глыбокі калодзеж. Вада ў ім крынічная – вельмі чыстая і смачная. Гэтую ваду пілі людзі і паілі ёю садовыя расліны і агарод. Але як жа быць з ляснымі пасадкамі? Маленькія сасонкі і ялінкі, якія тата Машы садзіў у лесе ўвесну, могуць загінуць! Тата перажываў і казаў пра гэта Машы.
– Давай самі пальём іх, – прапанавала дачка.
– Гэта немагчыма, – адказаў тата. – Дрэўцы растуць далёка ад нашай хаты. А палівальнай машыны ў лесе няма.
Як добра, што чараўніца Лета аднойчы падслухала іх гутарку і паспяшалася даслаць у лес навальнічныя хмары.
Увечары неба над лесам пацямнела, і грымнуў аглушальны гром.
– Ура! Першая летняя навальніца палье мае пасадкі, – узрадаваўся тата.
А калі з неба пасыпаліся буйныя дажджавыя кроплі, якія намачылі зямлю пад дрэвамі, пяшчаныя сцяжынкі, паляны, лугі, жыхары лесу з падзякай паглядзелі ўгару на неба. Чорныя хмары не паскупіліся, яны аддалі ўсю сваю ваду, тым самым вярнулі да радаснага жыцця ўсе расліны і маленькія лясныя пасадкі таты.
Раніцай ён не ўтрымаўся і пайшоў паглядзець на маладыя сасонкі і ялінкі, якія з любоўю садзіў у лесе. Маша і Тарзан пайшлі разам з ім. Гэты нядаўна высаджаны малады лес быў падобны на поле альбо на вялікі агарод. Роўнымі радкамі на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго зелянелі маленькія дрэўцы, падобныя на кусцікі.
– Растуць, не загінулі, – цешыўся тата, дакранаючыся да зялёных галінак і знаходзячы на дрэўцах новыя покаўкі.
– З гэтых покавак да восені адрастуць галінкі, – тлумачыў ён дачцэ.
А яна глядзела на маленькія сасёнкі і ялінкі, і ёй не верылася, што калі-небудзь з іх на гэтым пустым месцы зноў вырасце вялікі стары лес. Але ён вырасце, і Маша дачакаецца гэтага, абавязкова дачакаецца!
– Тата, а ты ўчора пасля навальніцы бачыў вясёлку? – раптам спытала Маша.
– Не.
– І я не бачыла. Але яна была вунь там, за нашым лесам, – дзяўчынка паказала ў бок вёскі. Яе бачыла Наташа. Я размаўляла з ёй па тэлефоне. Заўтра яна прыйдзе да мяне ў госці.
– Вось і добра, сходзіце па суніцы, – тата пахвальна махнуў галавой. – Глядзі, колькі іх ужо паспела! – ён паказаў на паляну, міма якой яны праходзілі, вяртаючыся дахаты.
Назаўтра ранкам прыйшла Наташа, і сяброўкі адправіліся па суніцы. Тарзан не адставаў ад іх. Ваверчаня Цішка, заўважыўшы дзяўчынак, таксама кінуўся ўслед.
Яшчэ здалёку дзеці адчулі водар лясных ягад.
– Як прыемна пахнуць суніцы! Адчуваеш? – спытала Маша.
– Адчуваю, – адгукнулася сяброўка.
Велізарная лясная паляна зіхацела на Сонцы. У высокай траве гулі пчолкі і жучкі, пырхалі матылькі і стракозы. Варта было ледзь-ледзь схіліцца, злёгку адсунуўшы рукой высокія травінкі, як тут жа на зямлі з’яўляліся цудоўныя ярка-чырвоныя ягадкі на кусціках сунічніку. Гэтымі смачнымі ягадамі была абсыпана ўся вялікая паляна. Толькі не лянуйся, збірай. Не прайшло і гадзіны, як дзяўчынкі даверху напоўнілі свае кошыкі.
Маша паглядзела на Наташу:
– У цябе ўвесь рот чырвоны, – засмяялася яна.
– І ў цябе таксама, – усміхнулася сяброўка.
Як жа магло быць інакш? Хіба можна збіраць такія духмяныя ягадкі і не паспрабаваць іх? Ваверчаня Цімка глядзеў на дзяўчынак, потым саскочыў з дрэва ў траву, падбег да кусцікаў і ўзяў ягадку ў рот – першы раз у жыцці, з цікаўнасці.
– І-і-і, якая смачная! – піснуў малы і пабег распавядаць маме пра ўсё.
А тая толькі ўсміхнулася. Як жа, яна выдатна ведае смак суніц і абавязкова зводзіць Цішку на такую ж сунічную паляну, каб ён мог удосталь паласавацца саспелымі ягадкамі.
Ці еў Тарзан суніцы? Незразумела. Магчыма, і з'еў што-небудзь. Які густ у сабакі, вядома толькі яму самому.
Увесь ягадны сезон Маша будзе хадзіць у лес за ягадамі: суніцамі, чарніцамі, малінамі, дурніцамі, ажынамі, брусніцамі. Часам ёй будзе дапамагаць матуля. Разам яны збяруць і нарыхтуюць ягады да зімы – звараць варэнне, пасушаць, зробяць кампоты. Усе гэтыя нарыхтоўкі спатрэбяцца не толькі Машынай сям'і, але і іх бабулі.
Гэты аповед на рускай мове
29.05.19