Падарунак шпаку - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Падарунак шпаку
Падарунак шпаку
Набліжаліся вясновыя канікулы ў школьнікаў. Зіма адступіла, але не зусім. Часам імжылі дажджы, на зямлю падаў мокры снег, уначы лужыны пакрываліся тонкай скарынкай лёду. Але пад раніцу ўсё часцей з-пад шэрых хмар выглядвала яркае вясновае сонейка. Яно сагравала і раставала змёрзлыя лужыны, лашчыла леташнюю траўку, не абыходзіла сваёй увагай дрэвы і кусты. Хутка, вельмі хутка гарачыя сонечныя прамяні насыцяць сваёй энергіяй карані раслін, сагрэюць пупышкі на дрэвах і кустах, і тады ўся зямля ажыве і зазелянее. Прыйдзе сапраўдная вясна!      – Мае дарагія вучні! – сказала Лідзія Пятроўна, класны кіраўнік сельскай школы. Яна вяла ў дзяцей урокі беларускай мовы і літаратуры і імкнулася прывіць ім любоў да чытання. – Заўтра пачынаюцца вясновыя канікулы. Я жадаю вам добра адпачыць, набрацца сіл для паспяховага заканчэння навучальнага года. І, калі ласка, не забывайце чытаць.
     – А гуляць у камп’ютэрныя гульні можна? – пажартаваў Паўлік.
     – Гуляйце, толькі не доўга. Лепш шпацыруйце на свежым паветры. Гэта карысней.
     – Добра, – сказаў Паўлік і паглядзеў на суседа па парце, Віцьку Канарэйкіна.
     Той ухмыльнуўся, як бы ў знак падтрымкі. Дзеці разбегліся па дамах. Час сваіх канікулаў кожны з іх зараз мог выкарыстоўваць па сваім меркаванні.
     Мама Паўліка раніцай сыходзіла на працу, тата з'ехаў у камандзіроўку, а іх сын цяпер заставаўся дома за гаспадара.
     – Вымыеш посуд за сабой, прыбярэш у пакоі, сходзіш у краму за прадуктамі, – сыходзячы, казала мама.
     Але Паўлік не спяшаўся выконваць яе наказы. Ён доўга валяўся ў пасцелі, а потым глядзеў тэлевізар альбо пісаў паведамленні на планшэце. Камп’ютэрныя гульні яму надакучылі. Толькі пасля званка мамы ён прымаўся за працу. Неахвотна мыў посуд, прыбіраў ложак, чысціў зубы і ішоў у краму. "Гэтыя канікулы – адна нуда", – думаў Паўлік і ўвечар патэлефанаваў сябру Віцьку.
     – Што будзеш рабіць заўтра?
     – Не ведаю. Цётка прасіла прыйсці.
     – Мяне возьмеш з сабой?
     – Давай, – пагадзіўся Віцька.
     Назаўтра раніцай, паведаміўшы матулі, Паўлік пайшоў да сябра. Надвор'е ледзь-ледзь наладзілася. Іх сумесны паход пяшком у суседнюю вёску аказаўся нядрэннай забаўкай для абодвух. Дзеці шлёпалі па адталай зямлі, імкнучыся не ўлазіць у гразь, і весела балбаталі пра ўсё, толькі не пра школу.
     – Калі б было цяплей, пагулялі бы ў футбол, – сказаў Паўлік.
     – Альбо пакатацца на веліку, – падтрымаў яго Віцька. – А так – не зразумела, што рабіць. Вось толькі цётка Маня паклікала штосьці адрамантаваць.
     – Ты ўмееш?
     – Вядома. Я ў хаце ўсё чыню, – ганарліва адказаў Віцька.
     За гутаркай яны не заўважылі, як увайшлі ў двор цёткі Мані. Муфта – яе дваровы сабака, замахаў хвастом. Ён пазнаў Віцьку. Куры дружна кудахталі ў куратніку, а котка сядзела на ганку, не жадаючы ступаць на мокрую зямлю.
     – Добры дзень! – цётка Маня ўсміхнулася гасцям. – Віценька! Я паклікала цябе дзеля таго, каб ты адрамантаваў шпакоўню. Дно ў ёй прагніло. Паглядзі! – цётка паказала на дрэва, дзе вісела старая шпакоўня. – Шпакі прыляцелі, але сяліцца ў ёй не захацелі. Яна ж мокрая. З яе цячэ вада.
     – А новую зрабіць не жадаеце? – спытаў Віцька.
     – Як жа не жадаю. Жадаю. А ты змайструеш?
     – Вядома. У нашым двары ўжо вісіць мая новая шпакоўня на старой яблыні.
     – Ох, і майстар ты мой дарагі! Я зараз табе ўсе дам. У адрыне ёсць дошкі, а інструменты – ў доме.
     Паўлік зусім не падазраваў пра такія здольнасці школьнага сябра. Той ніколі пра гэта не распавядаў яму. Трохі зайздросцячы Віцьку, Паўлік з цікавасцю назіраў, як яго сябар хутка і спрытна майструе шпакоўню. Усё, пра што прасіў его Віцька, Паўлік імкнуўся выканаць. Да вечара шпакоўня была гатова і нават прыбіта да высокага дрэва ў двары цёткі Мані.
     – Малайцы, дзеці! – пахваліла яна хлапчукоў.
     Віцька ўсміхаўся, а Паўліку было нават неяк няёмка, бо ўсю асноўную працу зрабіў сябар. Апрача таго, Віцька навучыў яго самога гэтаму майстэрству.
     Па дарозе дамоў Паўлік з павагай паглядаў на свайго сябра. Цяпер ён ведаў на каго яму трэба раўняцца.
     Дома хлопчык спытаў у мамы:
     – Хочаш, я зраблю шпакоўню і павешу яе ў садзе?
     – А ты зможаш?
     – Змагу. Я навучыўся ад Віцькі.
     – Тады рабі, – адобрыла мама.
     Вядома, шпакоўня Паўліка атрымалася не такой прыгожай, як у Віцькі, ды і майстраваў яе хлопчык не адзін дзень. Затое да канца канікулаў на ствале бярозы ля плятня ўжо красаваўся вынік яго працы.
     А калі хлапчукі пайшлі ў школу, то ў першы жа дзень заўважылі, што ў шпакоўні Паўліка хтосьці пасяліўся. Хто? Яны адразу нават не зразумелі.
     Але мама разгледзела:
     – Гэта шпак, – сказала яна. – Ён трашчаў і казаў табе "дзякуй" за новы дом.
     
      Гэты аповед на рускай мове
19.03.19