Не суджана (казка)
І-о-о! – заржаў залаты Конь, спусціўшыся разам з першымі прамянямі Сонца на Зямлю. – І-о-о! Добрай раніцы!
– Добрай раніцы! – адказала Зямля, хутаючыся ў коўдру са смугі і не вельмі жадаючы прачынацца.Але жвавы Конь ужо паскакаў, звонка стукаючы сваімі капытамі па зямлі так, што ад іх у розныя бакі разляталіся залатыя сонечныя іскры. Там, дзе ён прабег, з травы выпарыліся кроплі расы, распусціліся пялёсткі кветак, набрынялі каласы пшаніцы, а птушкі радасна заспявалі свой гімн Cолнцу і новаму летняму дню. Калі залаты Конь патрос сваёй асляпляльнай грывай і памахаў агністым хвастом, з іх выляцелі сапраўдныя сонечныя прамяні і асвятлілі Зямлю.
Цэлы дзень ганарлівы пасланец Сонца бегаў і бегаў па Зямлі, пакуль яно не паклікала яго назад. На зваротным шляху, вяртаючыся да Сонца, залаты Конь раптам убачыў, як палоска з месяцовых прамянёў імкліва паляцела ў тыя месцы, з якіх ён ужо ўцёк, і дзе настала цемра. Па месяцовай сцежцы на Зямлю сышла срэбная Кабылка. Залаты Конь не мог не заўважыць, наколькі яна была прыгожая і стройная. Але срэбная Кабылка нават не зірнула на залатога Каня. Яна хуценька пабегла па Зямлі, рассякаючы цемру ночы і асвятляючы месяцовым святлом лугі, палі, рэкі, азёры, запальваючы серабрыстымі іскрынкамі светлячкоў, пракладаючы дарогу дахаты заблудным у начы.
Залатому Каню так захацелася застацца разам са срэбнай Кабылкай, што ён мімаволі прыцішыў свой крок. Але Сонца клікала і клікала яго, і Каню, расчырванеламу ад хвалявання, прыйшлося сысці. На наступную раніцу ён ізноў прыйшоў на Зямлю і зноў бегаў па ёй цэлы дзень, з нецярпеннем чакаючы вечара, калі сустрэне чароўную срэбную Кабылку. Яна з'явілася разам з месяцовым святлом, але прабегла міма. І зноў Каня ахапіла хваляванне. Ён стаў пакутліва думаць, як жа сустрэцца з ёй, каб пабыць хоць трохі разам!
Але відаць не суджана яна яму…
З той пары выдатны залаты Конь кожны дзень, бегаючы па Зямлі, чакае сустрэчы з срэбнай Кабылкай, якая яму так моцна спадабалася. Ды і тая ўжо даўно прымеціла залатога Каня. Яна заўсёды пры сустрэчы з ім радасна ківае галавой і зіхаціць цудоўнай серабрыстай грывай.
Вось так і ходзяць яны ўсё жыццё побач адно з адным, але ніяк не могуць злучыцца разам…
Гэтая казка на рускай мове
12.09.18