Зямляне – загадка для іншапланецян
У адным невялікім мястэчку жыў мастак. Яго хата стаяла на гары і патанала ў зеляніне. Цэлымі днямі ён маляваў карціны ў мансардзе на верхнім паверсе сваёй хаты. Гэты пакой падабаўся мастаку больш за ўсіх астатніх, таму што быў бліжэй да неба. Днём праз вялікія вокны ў пакой трапляла шмат сонечнага святла, а ўначы Месяц і зоркі асвятлялі пакой серабрыстымі прамянямі. Па вечарах мастак любіў глядзець праз акно на цямнеючае неба. І тады ў яго галаве ўзнікалі сюжэты для новых карцін.
Вось і сёння ён дапазна праседзеў ля акна мансарды, любуючыся на зоркі, і ніяк не здагадваўся, што за ім хтосьці сочыць! Ніхто на Зямлі таксама не ведаў пра гэта. А юны іншапланецянін з далёкай і невядомай планеты тым часам глядзеў на мастака!Хлопчык-іншапланецянін праз нейкія толькі яму вядомыя прыборы заўважыў і нават разгледзеў у глыбіні мансарды карціну, на якой былі намаляваны дзве дзяўчынкі. Яны былі падобныя, нібы сёстры-двайняты! Аднак займаліся дзяўчынкі зусім рознымі справамі. Першая, апранутая ў зімовы кажушок, ляпіла з падаючых з неба хрусткіх сняжынак вясёлую снежную бабу. Другая – загарэлая, у летнім сарафане, палівала ў садзе вялікі кветнік пунсовых руж, ратуючы іх ад спёкі.
"Не, – зразумеў юны іншапланецянін, – яны не двайняты. Гэтыя дзяўчынкі двайнікі. Такое бывае на гэтай планеце. Проста яны вельмі падобныя, але жывуць у розных месцах. Адна – у Паўднёвым паўшар'і, другая – ў Паўночным. На Зямлі заўсёды так – у адным паўшар'і – зіма, у другім – лета. Намаляваныя дзяўчынкі існуюць насамрэч. Іх толькі трэба адшукаць! Цікава, у іх жыцці ўсё адбываецца гэтак жа, як намалявана на карціне мастака?" – разважаў хлопчык.
Паведаміўшы пра свае здагадкі настаўніку, хлопчык-іншапланецянін адправіўся ў вандраванне на Зямлю, каб убачыць дзяўчынак наяве і разабрацца ва ўсім, што яго зацікавіла. Праз некалькі дзён яго іншапланетны карабель дабраўся да месца.
Пачаліся пошукі. Дома юны іншапланецянін адсканіраваў карціну мастака. Цяпер жа з яе дапамогай яго разумны "іншапланетны навігатар" у лічаныя імгненні адшукаў кропкі на Зямлі, дзе ў гэты момант знаходзіліся дзяўчынкі.
Але калі хлопчык дабраўся да Паўночнага паўшар'я і ўбачыў першую дзяўчынку, вельмі падобную на тую, што была намалявана на карціне мастака, снегу ў яе пад нагамі чамусьці не было. "Відаць, – разважыў іншапланецянін, – снег тут яшчэ не выпаў і снегавікоў ляпіць няма з чаго. Але як жа так? Снег быў намаляваны мастаком на карціне, а чалавечая думка матэрыяльная!"
Другую дзяўчынку хлопчыку ўдалося адшукаць толькі ў Паўднёвым паўшар'і Зямлі. І зноў усё было не зразумела, таму што побач з хатай дзяўчынкі не аказалася ніякага кветніка. Там было суха і горача, як у выпаленым стэпе! Дзе ж той ружоўнік, які намаляваў на карціне мастак? Мабыць, ён быў не здольны інтуітыўна адчуць тое, што ёсць насамрэч!
Здзіўляючыся, хлопчык-іншапланецянін паляцеў назад на сваю планету, каб распавесці аб усім настаўніку і зрабіць новыя запісы ў сваім дзённіку. Але яго мудры настаўнік адразу ж усё зразумеў. Ён сказаў вучню наступнае:
– Жыццё на Зямлі ўладкавана так, што думкі чалавека могуць рэалізавацца не адразу, а з некаторым спазненнем. Пра гэта ведаюць людзі. Таму яны імкнуцца заўсёды марыць аб добрай будучыні і не разважаць пра дрэннае. Праз тры дні зноў ляці на Зямлю, і ты ўбачыш, што там адбудзецца.
Хлопчык так і зрабіў. Праз тры дні ён ізноў адправіўся ў палёт. А на Зямлі за гэты час прайшло не тры дні, а тры гады, бо час там іншы. Іншапланецянін быў вельмі здзіўлены зменамі, якія адбыліся з дзяўчынкамі. Па-першае, яны пасталелі і сталі сапраўднымі дзяўчынамі. Па-другое, у Паўночным паўшар'і зіма стала нашмат халаднейшай – са снегам і марозам. Але першая дзяўчына ўжо не ляпіла снегавікоў, відаць, гэты занятак ёй надакучыў. Затое іх ляпілі малодшыя дзяўчынкі і хлопчыкі з яе двара, а яна толькі глядзела на ўсё гэта і любавалася. Па-трэцяе, другой дзяўчыне так захацелася жыць у садзе з "мільёнам" пунсовых руж, што яна не заленавалася купіць і парассаджваць іх поруч сваёй хаты. Цяпер днём і ўначы дзяўчына магла дыхаць паветрам, які быў напоўнены найдалікатнымі водарамі выдатных кветак.
"Неверагодна! Мой настаўнік мае рацыю!" – зразумеў хлопчык-іншапланецянін, адпраўляючыся ў зваротную дарогу да сваёй планеты. Але напрыканцы ён не ўтрымаўся, каб не зазірнуць у акно да таго самага мастака. Хлопчыку стала вельмі цікава. Ён вырашыў паглядзець, што мастак у цяперашні момант робіць і пра што думае?
Дык вось. Мастак сядзеў за мальбертам і маляваў, як і раней, гледзячы ў акно на Месяц і зоркі. Але на яго карціне хлопчык убачыў… каго б вы думалі? Самога сябе! Так, так, гэта ён, хлопчык-іншапланецянін стаяў на нейкай незнаёмай планеце і зрываў буйныя чырвоныя плады з вельмі прыгожага жоўтага дрэва. Але ён там быў не адзін. Побач з ім быў зусім незнаёмы яму юнак, апрануты ў скафандр, у якім зямляне лётаюць у космас…
"Здаецца, хутка я зведаю ўсё пра гэтую новую планету, палячу туды і сустрэнуся з зямлянінам! А можа, я пазнаёмлюся з ім на Зямлі, і потым мы разам адправімся ў вандраванне?" – узрадаваўся хлопчык-іншапланецянін.
Неўзабаве ён паляцеў назад на сваю планету, каб распавесці пра ўсё настаўніку, а потым з дапамогай найновага навігатара адшукаць на Зямлі юнака з новай карціны празорлівага мастака.
Гэты аповед на рускай мове
12.08.18