Першы раз у музычны клас (аповед)
Прывітанне, мае маленькія чытачы! Хачу ў вас спытаць, хто з вас вучыцца ў музычнай школе? Было б цікава даведацца, калі ўпершыню вы ўвайшлі ў яе, з кім там сустрэліся і што запомнілі.
Мая знаёмая дзяўчынка Віялета і яе брат Алік распавялі мне сваю гісторыю першага знаёмства з музычнай школай. Гэтыя дзеці – двайняткі. Яны на выгляд зусім не падобныя адно на аднаго. Віялета – копія мамы, Алік – таты. Брат і сястра вельмі дружныя. Яны ходзяць у адну і тую ж школу, сядзяць за адной і той жа партай. Вось і ў музычную школу яны паступілі ў адзін і той жа год, хоць інструменты абралі зусім не падобныя. Але гэта і зразумела. Дзяўчынка любіць усё далікатнае і ласкавае, а хлопчык – адважнае і гарэзлівае.Неяк шпацыруючы поруч з музычнай школай, а яна знаходзіцца зусім побач з іх домам, праз дарогу, дзеці з цікаўнасці вырашылі ў яе зайсці. Ва ўваходзе іх ніхто не спыніў, і сястра з братам непрыкметна прабраліся ў доўгі школьны калідор. Там, як у звычайнай школе, размяшчаліся класы.
Дзеці ціхенька ішлі па калідоры, услухоўваючыся ў гукі мелодый, якія даносіліся з-за зачыненых дзвярэй. Але калі Алік пачуў звонкі голас трубы, ён спыніўся, прыадчыніў дзверы і зазірнуў у клас. Хлопчык, накшталт яго самога, магчыма ледзь старэйшы, засяроджана выдзімаў з трубы разнастайныя гукі. Яны ў яго атрымліваліся не такімі прыгожымі, як у трубачоў, якіх Алік бачыў па тэлевізары, але ўсё роўна гэта было “крута”.
Настаўнік слухаў свайго вучня і часам штосьці казаў яму. Алік пачакаў, калі скончыцца ўрок, і нясмела ўвайшоў у клас. Магчыма, ён бы не зрабіў гэта, але цяпер хлопчык згараў ад цікаўнасці. Яму хацелася дакрануцца да трубы і нават самому падзьмухаць у яе.
– Ты вучышся тут? – спытаў настаўнік.
– Не, – адказаў Алік.
– Хочаш навучыцца іграць на трубе?
– Так.
– Тады прыходзь з мамай на праслухоўванне.
– А можна мне падзьмухаць у яе? – спытаў Алік, паказаўшы на інструмент.
– Можна, – адказаў вучань, працягнуўшы трубу Аліку.
Хлопчык з хваляваннем узяў у рукі інструмент, дакрануўся вуснамі да бліскучага муштука. Труба, адчуўшы незнаёмца, захрыпела, але потым выраўнавала свой голас і нават ускрыкнула. Магчыма, яна спалохалася, што незнаёмы хлопчык хоча адабраць яе ў маладога музыкі.
Але, нягледзячы ні на што, Алік радаваўся. Яму спадабалася труба, і адразу захацелася навучыцца на ёй іграць…
Тым часам Віялета не затрымалася поруч з класам трубача, яна пайшла далей па калідоры музычнай школы. З-за зачыненых дзвярэй даносілася музыка: гучала піяніна, затым – скрыпка, яшчэ далей дзяўчынка пачула балалайку. Раптам Віялету зачаравала далікатная мелодыя, падобная на гукі кропелек дажджу альбо звон ручайка. "Што гэта гучыць?" – не зразумела дзяўчынка і з цікаўнасці зазірнула ў клас. А там каля велізарнага інструмента, падобнага на незвычайную казачную птушку, сядзела маленькая дзяўчынка і пальцамі перабірала нацягнутыя струны. "Як цікава і так цудоўна!" – захапілася Віялета і, забыўшыся пра ўсё, без дазволу ўвайшла ў клас.
Настаўніца, не перапыняючы ігры сваёй вучаніцы, паклікала Віялету да сябе.
– Ты хочаш вучыцца іграць на арфе? – спытала яна.
– Так, – зачаравана адказала дзяўчынка…
Неўзабаве брат і сястра паступілі ў музычную школу. Яны з задавальненнем ходзяць на ўрокі і займаюцца дома. Дзеці любяць свае музычныя інструменты і вельмі стараюцца навучыцца добра на іх іграць. Пажадаем жа ім поспехаў у надзвычайна займальнай музычнай творчасці!
Вось такая гісторыя паступлення ў музычную школу маіх знаёмых дзяцей. Зразумела, што кожны вучань выбірае для сябе самая лепшая музычныя інструменты, якія яму больш спадабаліся. Ох, і хітрыя ж гэтыя інструменты! Усім ім хочацца спадабацца дзецям так, каб яны ігралі толькі на іх!
Усе музычныя інструменты падраздзяляюцца на групы: струнныя, клавішныя, ударныя і духавыя.
Галасы струнных інструментаў нагадваюць жаночыя галасы. Так гучыць Скрыпка, Віяланчэль і Гітара. У Скрыпкі і Віяланчэлі ёсць смычок, у Гітары – няма.
Клавішныя інструменты – Фартэпіяна, Акардэон, "кнопкавыя" – Гармонік і Баян.
Духавыя інструменты падзяляюцца на дзве вялікія групы: драўляныя і медныя. Драўляныя – Флейта, Кларнет, Габой, Фагот – уяўляюць сабою прамую трубку з бакавымі адтулінамі. Медныя – Труба, Валторна, Туба, Трамбон.
У кожнага інструмента свой характар. Медныя інструменты – звонкія і ўпартыя. Кларнет спявае так, быццам гучыць Жалейка пастуха, у Фагота глухі басісты спакойны голас, Флейта спявае, як птушачка, далікатным звонкім галаском, Габой – заўсёды выразны і праніклівы. Вось толькі ўдарны інструмент Барабан сваім гучным грукатам жадае паказаць, што ён самы галоўны ў аркестры, аднак часам ён умее прыслухацца да астатніх інструментаў.
Вучаць у музычнай школе іграць на народных інструментах: Цымбалах, Домры, Балалайцы, Мандаліне. Гэта вясёлыя і лагодныя інструменты. Яны ніколі ні з кім не будуць спрачацца, даказваючы сваю перавагу. Затое ўмеюць развесяліць слухачоў сваёй бадзёрай жыццярадаснай мелодыяй.
Гэты аповед на рускай мове
6.05.18