Казка - Маленькія вандраванні -
У вялікім горадзе, дзе шмат шумных вуліц і вышынных будынкаў, жылі два сябра, Паўлік і Пеця. Яны вучыліся ў чацвёртым класе і марылі стаць лётчыкамі. Вядома ж, дзеці ведалі, што ў лётнае вучылішча бяруць толькі здаровых і дужых дзяцей. Круглы год хлопчыкі займаліся спортам – хадзілі ў спартыўныя секцыі, а ўлетку любілі ездзіць на веласіпедах. Аднак у іх горадзе зусім немагчыма было нават аднаго кіламетра праехаць на добрай скорасці па пешаходных дарожках. А ездзіць па вуліцах ім не дазвалялі бацькі – вакол столькі транспарта, чаго добрага і ў аварыю можна патрапіць. На шчасце, такіх, як яны, “гора веласіпедыстаў” у гэтым горадзе было даволі багата. І гарадскія ўлады, заўважыўшы праблему, вырашылі яе вельмі хутка і талкова.
Ранняй вясной з аднаго канца горада да другога будаўнікі праклалі і заасфальтавалі веласіпедную дарожку. Гэтая дарожка была зроблена настолькі прадумана, што, рухаючыся па ёй, веласіпедыст нідзе не перасякаў ніводнай вуліцы. З аднаго боку горада веладарожка ўпіралася ў возера, а з другога – у лес.Такое раздолле для веласіпедыстаў! Даведаўшыся пра дарожку, яны ўсе дружна высыпалі на яе. Тут можна было нават убачыць цэлыя сем'і – бацькі і дзеці з задавальненнем каталіся па ёй. Паўлік з Пецяй зараз маглі ездзіць на веласіпедах па дарожцы на поўнай скорасці. І ім гэта вельмі падабалася.
Аднойчы дзеці паехалі катацца вельмі рана, як толькі развіднела. Раніцай дарожка пустая, і катацца лепей. Даехаўшы да лесу, дзеці вырашылі адпачыць. Яны здзівіліся, калі з лесу выбег заяц і, нікога не баючыся, накіраваўся прама да іх. Ён падбег да веласіпеда і пачаў разглядаць яго.
– Ты хочаш пакатацца? – спытаў Пеця.
Хлопчык сеў на веласіпед, а заяц скокнуў на багажнік. І яны паехалі!
Заяц з цікавасцю разглядаў горад. “Вушасты” праехаў з Пецяй да самага возера, а потым – назад да лесу.
На наступны дзень да дзяцей з лесу выбеглі два зайцы. І яны пакаталіся з дзецьмі на веласіпедах. Вы скажаце: "Гэта былі прыручаныя зайцы". А вось і не. За лета і восень дзеці перакаталі на сваіх веласіпедах амаль усіх зайцаў і вавёрак з прыгараднага лесу. Відаць, хуткая язда падабаецца не толькі дзецям.
І гэта яшчэ не ўсё. Гараджане нядаўна даведаліся, што да вясны наступнага года ў самым вялікім гарадскім парку пабудуюць дзіцячую чыгунку. Гарадскія ўлады вырашылі, што малышам, якія яшчэ не дараслі да вялікага веласіпеда, будзе вельмі цікава пакатацца на маленькім цягніку. Аднак акрамя Паўліка і Пеці, ніхто не ведае, што не толькі дзеці, нават цікаўныя звяркі, якія жывуць за горадам, хатнія каты і сабакі не супраць таго, каб стаць пасажырамі дзіцячай чыгункі і пракаціцца ў маленькіх вагончыках па зялёным парку.
Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
Гэтая казка на рускай мове
30.01.18