Старыя ручкі і алоўкі (чытае Ліка Пташук)
Ах, як я зайздрошчу сучасным шарыкавым ручкам і фламастарам! – разважала старэнькая пёравая чарнільная Ручка. Яна ляжала ў далёкім куце шуфлядкі Алёшынага пісьмовага стала. – Імі пішуць і малююць дзеці на гладкай глянцавай паперы сшыткаў. У мой час такой паперы не было. А папера тых сшыткаў, у якіх я пісала, прапускала чарніла амаль наскрозь. Гэтая папера часта чаплялася за кончык майго пяра і псавала яго. Але я так старалася не падвесці Алёшынага дзядулю! Я вельмі старалася добра пісаць!”
Старая чарнільная Ручка згадвала сваю маладосць, тыя далёкія гады, калі ёю пісаў Алёшын дзядуля. У той час ён быў такім жа школьнікам, як яго ўнук цяпер. Так, Алёшын дзядуля бярог яе. Ён высоўваў поршань Ручкі і акуратна запраўляў унутр чарніла, зацягваючы яго праз носік. Нягледзячы на тое, што Ручка была чарнільная, Алёшын дзядуля амаль ніколі не рабіў кляксаў у сваіх сшытках. У інстытуце ён змяніў старую пёравую Ручку на новую – шарыкавую. Тады яшчэ толькі з'явіліся першыя шарыкавыя ручкі. Стрыжні гэтых ручак часта пэцкалі паперу альбо засыхалі. Аднак такімі ручкамі можна было нашмат хутчэй пісаць, чым чарнільнымі. І чарніламі іх ужо не трэба было запраўляць.У далёкім куце шуфлядкі побач з чарнільнай Ручкай ляжала адна з такіх шарыкавых ручак. На жаль, стрыжня ў ёй ужо не было. Старыя ручкі часам размаўлялі паміж сабой, успамінаючы маладыя гады...
Аднак на ўсё свой час. Цяпер ужо Алёша вучыўся ў адзінаццатым класе. Ён неяк вымаў старыя ручкі з шуфлядкі і доўга разглядаў іх, але не выкінуў, мабыць, вырашыў захаваць на памяць. У хлопчыка ёсць новыя геліевыя і шарыкавыя ручкі з добрымі тонкімі стрыжнямі. Імі ён піша. А туды, у далёкі кут шуфлядкі, Алёша нядаўна закінуў свае кітайскія каляровыя алоўкі. Яны ж яшчэ цэлыя, амаль няспісаныя ляжаць у прыгожай скрыначцы. Гэтымі алоўкамі хлопчык маляваў на ўроках малявання і геаграфіі. Цяпер жа ў яго няма ўрокаў малявання, таму каляровыя алоўкі нудзяцца без справы ў шуфлядцы. Яны яшчэ памятаюць тыя малюнкі, якія старанна размалёўвалі ў розныя колеры. Ім крыўдна, што іх адклалі, не скарыстаўшы да канца.
“Не перажывайце! – часам кажуць алоўкам старыя ручкі. – Вы ж трохі памалявалі ў сшытках. Вас нават падточвалі. Можа яшчэ калі-небудзь вы спатрэбіцеся хлопчыку. Спадзявайцеся на лепшае!”
Аднак калі хлопчык прыходзіў са школы і садзіўся за стол, ён даставаў з рукзака сваю геліевую альбо шарыкавую ручку і пачынаў з іх дапамогай рабіць урокі. А ў гэты час старыя ручкі і алоўкі, знаходзячыся ў шуфлядцы стала, толькі чулі, як тонкая галоўка стрыжня слізгала па сшытку, і, моўчкі, журыліся. Што і казаць – іх час прайшоў...
Аднойчы, калі Алёшы не было дома (увечары ён разам са сваімі аднакласнікамі пайшоў у тэатр), да пісьмовага стала падышла Алёнка, яго малодшая сястрычка, і прыадчыніла шуфлядку. Дзяўчынцы толькі споўнілася пяць гадоў. Яе, вядома ж, цягнула да тых рэчаў, якімі карыстаўся старэйшы брат. Алёнцы ўсё было цікава. Нягледзячы на тое, што мама не дазваляла ёй чапаць школьныя рэчы брата, яна не ўтрымалася і дастала старыя алоўкі.
– Мама, глядзі! У Алёшы ёсць такія ж алоўкі, як і ў мяне! – сказала малая. – Можна я імі памалюю?
– Дачушка! Колькі разоў я прасіла цябе не падыходзіць да Алёшынага стала, – з дакорам прамовіла мама. – Добра. Раз ты іх знайшла, дык можаш памаляваць. Я думаю, што Алёша табе дазволіць, – разважыла яна.
Алёнка ўзрадавалася. Ёй было вельмі прыемна памаляваць тымі ж алоўкамі, якімі калісьці маляваў яе старэйшы брат. А самі алоўкі… Вы б бачылі, якія яны былі шчаслівыя, як радаваліся, што пра іх успомнілі! Алоўкі нават не чакалі, што з імі адбудзецца такі цуд. Ад радасці іх рознакаляровыя галоўкі пасвяжэлі, а колеры, якія засталіся пасля іх працы ў Алёнчыным сшытку, былі проста цудоўнымі – яркімі і вясёлымі.
Вось так нечакана старыя алоўкі старэйшага брата працягнулі сваё мастацкае жыццё, але ўжо ў сшытку яго малодшай сястрычкі. А што будзе са старымі ручкамі? Імі, вядома, дзяўчынка ўжо не будзе пісаць. Яны захаваюцца ў Алёшы з Алёнкай на памяць пра тое, чым калісьці ў школе пісаў іх дзядуля.
Гэтая казка на рускай мове
16.12.17