Салавей у гарадскім парку
А над рэчкай аблокі залатыяЗвонкім дожджыкам грыбным налітыя... песня
Сярод шумнага горада павольна і спакойна цякла Рака. На яе берагах у цёплыя і пагодлівыя дзянькі адпачывалі людзі. Ля Ракі любілі пасядзець закаханыя пары, а старыя і дзеці кармілі качак і чаяк кавалачкамі свежага хлеба. Рацэ падабалася, калі да яе прыходзілі людзі. Вось толькі яна скардзілася на смецце: пустыя бутэлькі, бляшанкі, пакеты, пачкі з-пад цыгарэт, якія часам, дзякуючы нядбайным адпачывальнікам, траплялі ў ваду і тым самым засмечвалі яе. Рацэ хацелася дастаўляць людзям радасць і задавальненне ад шпацыраў па парках і скверах, праз якія яна працякала, хацелася быць чыстай і прыгожай. Уздоўж берагоў Ракі раслі дрэвы, кусты, зелянела трава. А яшчэ пасярод Ракі было некалькі цудоўных астраўкоў, зусім маленькіх, але вельмі прыгожых, патанаючых у зеляніне. Хвоям і елкам, асінам і бярозам, вербам і ліпам было прывольна жыць на бязлюдных астраўках. Не лічачы рэдкіх наведвальнікаў, рыбакоў, іх ніхто не трывожыў. А пералётныя птушкі, якія сяліліся тут, каб выгадаваць птушанят, не дастаўлялі зялёным насельнікам рачных астраўкоў непрыемнасцяў. Наадварот, яны забаўлялі дрэвы звонкім ціўканнем.
Толькі адзін востраў, які быў па самыя берагі ўкрыты густымі непралазнымі зараснікамі, не любілі наведваць птушкі. Ім, мабыць, было няўтульна жыць у апраметнай цемры. Так і стаяў гэты востраў нікім не абжыты і не аблашчаны. Людзі, прагульваючыся ля ракі, глядзелі на зарослы востраў, і парою ім здавалася, што ў глыбіні яго ўтойваецца штосьці невядомае і нават страшнае.
І вось аднойчы ў канцы вясны, калі нябеснае свяціла накіроўвалася ўвечары да заходу, яно асвятліла раку, яе астравы і, заўважыўшы сумны ціхі востраў, вырашыла падарыць яму падарунак на шчасце.
"Самотны востраў пакахае маю птушку, бо ён не распешчаны і ўвесь час жыў у смутку, – вырашыла Сонца. – Калі мой ні з кім не параўнальны спявак падорыць гэтаму востраву свае песні, той адразу напоўніцца радасцю і шчасцем".
Сыходзячы за гарызонт, Сонца асвяціла малінавым святлом дарожку з белых аблокаў, якая працягнулася аж да самага вострава. Аблокі заблішчалі ад яркіх фарбаў і адлюстраваліся ў рацэ малінавымі водбліскамі.
"Ах, як хораша! Мне падабаецца гэты колер!" – удзячна падумала Рака.
Але гэта было яшчэ не ўсё. Па малінавых аблоках ад Сонца ўздоўж Ракі да ціхага вострава паляцела цудоўная птушка. Яе ніхто не бачыў, акрамя Анёла, які пасадзіў маленькага спевака на галінку дрэва ў самую гушчу вострава з такімі словамі:
– Я прывёў цябе ў тваю новую хату. Гэта добры востраў. Тут ціха і спакойна. Табе ніхто не будзе замінаць складаць і выконваць чароўныя песні.
Потым Анёл паляцеў па малінавых аблоках назад да Сонца, а нікому не вядомы спявак застаўся на востраве. Неўзабаве ціхі востраў і яго насельнікі пачулі незвычайны вельмі прыгожы голас і зразумелі, які цудоўны падарунак зрабіла ім Сонца. У голасе птушкі было столькі пяшчоты, столькі кахання і дабрыні!
– Ты толькі спявай і жыві з намі! Мы не станем табе перашкодай. Спявай, мілы Салавейка, дары нам радасць і прыгажосць, – казалі густыя зараснікі вострава.
Салавей спяваў. А зараслі днямі і начамі з вялікай радасцю слухалі яго спеў. І здарыўся цуд. Дрэвы і кусты, якія атулілі калючай шапкай увесь востраў, скінулі з сябе старыя счарнелыя галінкі. Іх кара насычылася свежым сокам, новым шчаслівым жыццём. Чароўны спеў Салаўя падарыў ім шчасце! Востраў ажыў, пазелянеў і расцвёў!
–Ты наш скарб! Мы заўсёды будзем засцерагаць цябе! – дзякавалі памаладзелыя дрэвы і кусты чароўнай птушцы.
"Я зрабіў іх шчаслівымі, – вырашыў Салавей. – Але мне б хацелася падарыць трохі шчасця і астатнім астравам гэтай Ракі.
Ня гледзячы на ўгаворы, таленавіты спявак паляцеў далей, на другі востраў, дзе жыло шмат розных птушак. Аднак, Салаўю там не пашанцавала. Другі востраў не быў рады няпрошанаму госцю. Гэтаму востраву хапала сваіх спевакоў, і таму непараўнальны голас незнаёмай птушкі растварыўся ў гуках галасоў іншых птушак. А птушкі вострава, паглыбіўшыся ў штодзённыя клопаты, не збіраліся прыслухоўвацца да цудоўных пошчакаў Салаўя.
"Раз я вам не люб, то палячу яшчэ далей, у парк. Там шпацыруюць дарослыя і дзеці. Думаю, яны будуць рады паслухаць маю песню", – вырашыла ганарлівая птушка.
Прыляцеўшы ў парк, Салавей абраў самае люднае месца, усеўся на галінку высокага дрэва і заспяваў. Але і тут яго чакала непрыемнасць. Нікога з адпачывальнікаў не зачаравалі далікатныя ноткі незвычайнага голасу незнаёмай птушкі. У той час усе былі заняты сабой: гучна размаўлялі, смяяліся, паўсюль чуліся крыкі і брэх сабак, дзіцячыя галасы і капрызны плач малянят. Увогуле, там было ўсё тое, што мы бачым кожны раз, прагульваючыся па шумных алеях гарадскога парку.
"Яны не слухаюць мяне. Відаць, і ім не патрэбна мая песня", – засумаваў хвалебны спявак Сонца.
Пакрыўджаны такой няўвагай, Салавей паляцеў на першы востраў, дзе яго ўжо ведалі і чакалі маўклівыя, але вельмі добрыя дрэвы і кусты. У цішыні самотнага вострава Салавейка зноў здабыў упэўненасць і ўдзячную любоў і павагу слухачоў.
"Маё месца тут, сярод ціхіх зялёных зараснікаў, дзе ніхто не замінае мне спяваць і займацца творчасцю, і дзе любяць мяне, – зразумеў ён. – Хай я не сагрэю ўсе самотныя сэрцы, але таму, хто мне будзе рады, абяцаю падарыць у сваіх песнях усю поўнасць і дабрыню майго сэрца".
З таго часу так і жыве ў цішыні Салавейка, маленькая чароўная птушачка. Ён хаваецца на самотных астраўках, у густых зарасніках паркаў і садоў і спявае, і спявае, і спявае. Часам, адчуўшы сярод іншых гукаў непаўторны голас Салаўя, дапытлівы чалавек спыняецца і вельмі цешыцца таму, што яму пашанцавала паслухаць спеў гэтай дзіўнай птушкі.
Гэтая казка на рускай мове
25.12.16