Коцікі – пухнатыя жывоцікі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Коцікі – пухнатыя жывоцікі
Коцікі – пухнатыя жывоцікі
У бабулі Лены ў хаце жылі маленькія коцікі - пухнатыя жывоцікі. Раніцай бабуля карміла іх: налівала ў місачку малако, клала кашу, а потым адпраўляла кацянят у двор пагуляць.      Першы коцік па мянушцы Рыжык адразу ж ішоў да дзвярэй, адчыняў іх лапкамі і выбягаў у двор. Яму вельмі падабалася лазіць па дрэвах, палохаць сініц і вераб'ёў, сорак і варон, якія часта садзіліся на галінкі. Але птушкі не вельмі баяліся коціка. Яны пераляталі на іншыя дрэвы, паглядалі на Рыжыка, як бы кажучы: "Ну, што, злавіў?"
     Другі чорненькі коцік з велізарнымі зялёнымі вачамі, якому бабуля дала мянушку Барсік, таксама любіў гуляць у садзе. Там, акрамя дрэў і кустоў, было шмат градак. Коцік не лазіў па дрэвах, а акуратна хадзіў паміж градак з гароднінай і ўсялякай зелянінай. І калі ён знаходзіў там штосьці смачнае, то быў не супраць нават паласавацца. Часам Барсік сустракаў на сваім шляху жабу, коніка альбо вялікага жука. Тады ён спрабаваў памацаць сваю здабычу лапкай ці злавіць. Але ў яго гэта ніколі не атрымоўвалася. Кожны раз той, на каго ён паляваў, хуценька ўцякаў ад коціка і хаваўся ў траве.
     Трэці коцік, празваны бабуляй Ваверчанём за тое, што ў яго былі белыя лапкі, грудка і жывоцік, самы ласкавы і добры, не спяшаўся ў двор. Ён бегаў за бабуляй, цёрся аб яе ногі і бурчаў, спрабуючы праспяваць для яе любімую песеньку. Верагодна, ён спяваў гэтую песеньку на сваёй кацінай мове, а бабуля яго разумела.
     Часам бабуля, стаміўшыся ад хатняй працы, ішла да ложка, каб трохі адпачыць. Ваверчаня, заўважыўшы гэта, заўсёды бег у двор да Рыжыка і Барсіка. Разам утрох яны падыходзілі да брамы і паціху сядзелі там, ахоўваючы бабулін сон ад няпрошаных гасцей.
     У гэту суботу да іх у хату завітала Кацюша, унучка бабулі. Дзяўчынка прынесла ўсім кацянятам гасцінцы. Рыжыку – заваднога папугая, Барсіку – надзіманую жабу, Ваверчаню – банцік на вяровачцы. Кацяняты абрадаваліся падарункам, бегалі, скакалі, ганяліся за цацкамі, ад радасці забыўшыся, што тыя не сапраўдныя. Усе весяліліся, а дзяўчынка смяялася і пляскала ў ладкі.
     – Якія цікавыя забаўкі знайшла Кацюша для коцікаў! – пахваліла ўнучку бабуля.
     Аднак бабуля ведала, што Кацюша не толькі любіць гуляць у гульні, дзяўчынка – самая лепшая яе памочніца. Вось і сёння ўнучка прынесла ў хату з крамы цэлую торбу з прадуктамі.
     – Дзякуй, Кацюша, за тое, што дапамагаеш мне, – прамовіла бабуля і ласкава абняла ўнучку.
     А кацяняты – прыг да Кацюшы на калені і давай бурчаць, прыгаворваючы на сваёй кацінай мове:
     – Дзякуй!
     – Дзякуй!
     – Дзякуй!
     – Пабудзь з намі да вечара, не сыходзь!
     – Не сыходзь! Яшчэ трошкі пабудзь!
     – Калі ласка, не сыходзь!
     Кацюша лашчыла кацянят, усміхалася, а яны куляліся, махалі хвосцікамі і лапкамі, варушылі вушкамі.
     – Мы ж коцікі – пухнатыя жывоцікі! – варкаталі кацяняты ад задавальнення.
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
29.07.16