Крылаты паштальён
Машын тата геолаг. Усе ведаюць, што праца геолагаў складаецца з адкрыцця новых радовішчаў карысных выкапняў. Тата часта ездзіць у экспедыцыі. Гэта так цікава! Ён шмат разоў распавядаў дачцэ пра тыя мясціны, дзе пабываў.
Гэтым разам тата паехаў у Сібірскую тайгу даследаваць новае нафтавае радовішча. Разам з усімі ўдзельнікамі экспедыцыі ён паляцеў на самалёце да Цюмені. Адтуль яму прыйдзецца дабірацца да месца прызначэння на машыне, таму што ў раён даследавання яшчэ не пракладзена чыгунка. Сібірскія лясы густыя. Яны распаўсюджваюцца на велізарныя адлегласці. Аднак пошта да таты нейкім чынам даходзіць. Маша пасылае яму лісты, і тата адказвае на іх.Да першага веснавога свята тата даслаў віншавальную тэлеграму сваім дарагім жанчынам – жонцы, матулі і дачцэ Машы. Дзяўчынка вельмі ўзрадавалася віншаванню, бо яна так сумуе і чакае кожную вестку ад свайго таты!
У двары іхняй хаты – вялікі фруктовы сад. Яго шмат гадоў назад садзіла Машына бабуля. А летась Маша з татам пасадзілі каля вокнаў кусцікі бэзу і язміну.
– Ведаеш, тата, я вельмі люблю пахі бэзу і язміну! І мама з бабуляй таксама любяць, – прамовіла дзяўчынка.
– Вось і добра. Праз некалькі гадоў водар вясновых кветак будзе напаўняць нашу хату, – паведаміў тата.
Вясна! Маша заўсёды чакала яе, бо гэта такая цудоўная пара года, калі ўся прырода ажывае. Сад напаўняецца вясёлымі птушынымі галасамі. Ды і дні ўвесну ўжо не такія кароткія, як узімку. Зрабіўшы ўрокі, дзяўчынка заўсёды спяшалася выйсці ў двор, каб паглядзець на вясновую прыгажосць. А потым яна бегла да свайго суседа і аднакласніка Сяргея. На гарышчы яго хаты – галубятня. Там хлопчык разводзіць паштовых галубоў. А яны ж такія прыгожыя, белыя як снег, з доўгімі пухнатымі хвастамі! Калі хлопчык выпускае галубоў палётаць, сачыць за імі адна любата!
Аднак час ляціць хутка. Не паспееш, як кажуць, азірнуцца, праходзіць месяц, а то і два. Вось і скончылася вясна, а з ёй – навучальны год. Пачаліся летнія канікулы. Здаецца, для Машы настала самая шчаслівая пара года. Але, як заўсёды раптам, прыйшла бяда. Сур'ёзна захварэла бабуля. Дзяўчынка тут жа паведаміла пра гэта тату ў сваім лісце. Прайшло некалькі тыдняў, адказу не было. Маша не ведала, што і думаць. Чаму тата не адказвае? Яна паслала яшчэ некалькі лістоў. Тата маўчаў.
Прыйшлося ісці на пошту. Там адказалі, што ў такі далёкі край, дзе цяпер знаходзіцца Машын тата, ліст можа і не дайсці з-за нялётнага надвор'я. Усе лісты ляцяць туды на самалёце.
– Што ж рабіць? Мне трэба абавязкова паведаміць тату пра тое, што бабуля хворая! – усклікнула дзяўчынка.
– Я вельмі шкадую, але не ў сілах вам дапамагчы, – сумна адказала начальнік паштовага аддзялення.
Вярнуўшыся дахаты, Маша пабегла да Сярожы. Разам сябры доўга абмяркоўвалі гэтую праблему і нарэшце зразумелі, як можна дабрацца да Машынага таты. А што, калі дапамогуць паштовыя галубы?
Аднак вядома, што паштовы голуб не зможа дабрацца ў незнаёмае месца, бо не ведае туды дарогу.
Раптам Маша весела зірнула на сябра:
– Наш Артэмон! Мы на яго зусім забыліся! Памятаеш, два гады назад мой тата ўжо лятаў у тое ж самае месца, дзе ён цяпер. І тады ён прывёз Артэмона! Тату яго падарыў ляснік з Сібірскай тайгі.
– Так! Ты маеш рацыю! – усміхнуўся хлопчык. – Я думаю, Артэмон успомніць дарогу на сваю радзіму і прынясе твой ліст да хаткі лесніка. А ляснік, вядома ж, перадасць яго твайму тату.
Вось так голуб па мянушцы Артэмон і стаў шчаслівай знаходкай для Машы і яе хворай бабулі. Гэтую мянушку дзеці далі птушцы не выпадкова. Голуб нарадзіўся ў лесе, а слова Артэмон азначае “лясны”.
Прывязаўшы да ножкі голуба паштовую вестку, дзеці адправілі крылатага паштальёна ў далёкае вандраванне. Праз два тыдні прыйшоў адказ. Тата пісаў: "Артэмон ужо да нас даляцеў. Праца экспедыцыі на днях заканчваецца. Я хутка прыеду, вядома ж, разам з Артэмонам". Даведаўшыся, што неўзабаве дахаты вернецца сын, Машына бабуля падбадзёрылася, павесялела і паволі пачала здаравець. Тата прывёз ёй цэлы мяшок лекаў – духмяную сібірскую траву, бальзамы, арэхі. Да радасці ўсёй сям'і бабуля адужэла і цалкам акрыяла ад хваробы. А Артэмон ніколькі не змяніўся, і, здавалася, нават стаў мацнейшым пасля такога цікавага вандравання.
Надышла восень. Скончыліся летнія канікулы. Маша з Сярожам ізноў пайшлі ў школу. Як і раней, яны не забываюць пра белакрылых птушак і клапоцяцца пра іх. А калі Сярожа выпускае птушак у неба, і яны кружацца над садам, Маша з заміраннем сочыць за іх палётам, выглядаючы сярод гэтых ганарлівых прыгажуноў свайго самага любімага Артэмона...
Дарагія дзеці! Вядома, усё тое, пра што я напісала ў гэтым аповяданні, падобна на выдумку. Але зараз я распавяду вам рэальныя гісторыі з жыцця паштовых галубоў.
Калі я была маленькай дзяўчынкай (у пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя), то ў старым драўляным доме горада Мінска, дзе я тады жыла, малады хлапчук на паддашку трымаў галубоў. Ён іх карміў, паіў, а па вечарах, пакуль яшчэ не сцямнела, выпускаў праз акно ў двор. Яны кружылі над домам, дваром, а потым вярталіся назад на паддашак. Гэта былі прыгажуны з вялікімі пухнатымі хвастамі, ганарліва выцягнутай тонкай шыяй.
У даваенны час было шмат аматараў трымаць галубоў. Галубятні ўладкоўвалі на гарышчах, пад дахамі драўляных хат. Галубятнікі навучалі разумных птушак неабходным для працы камандам. А тыя старанна выконвалі ўсе даручэнні. Дастаўляць пошту ў выглядзе прывязанай да ножкі ці крылу невялікай запіскі паштовым галубам было зусім не складана, таму што ў птушак ёсць дзіўны дарунак – заўсёды знаходзіць дарогу да свайго гнязда.
У гады Вялікай Айчыннай вайны паштовыя галубы ваявалі на фронце, як сапраўдныя байцы, да канца не разумеючы, якую важную працу яны выконваюць. У той час існавалі адмысловыя галубіныя роты. Як і людзей, птушыных салдатаў доўга трэніравалі. Адвозілі далёка ад дома, каб яны вучыліся знаходзіць дарогу ў сваё гняздо.
Вялікую дапамогу на фронце паштовыя галубы аказвалі, прыносячы на сваіх крылах ці лапках каштоўныя звесткі ад разведчыкаў. І хоць фашысты, ведаючы пра тое, кідалі на перарэз бясстрашным птушкам добра навучаных каршакоў, галубы на ўсе жылы імкнуліся ўцячы ад каршаковых кіпцюроў і выратавацца, дастаўляючы галубіную пошту.
Галубасувязь на ўсіх франтах разгортвалася ў найкароткія тэрміны, працавала хутка і надзейна, з'яўлялася надзейным сродкам сувязі. Малодшы камандзір-голубевод, які адпраўляўся на заданне з разведгрупай у патрэбны момант выпускаў птушку з данясеннем, яна імкнулася да гнязда, несучы з сабой атрыманыя разведчыкамі звесткі. Для надзейнасці асоба важныя пасланні адпраўляліся з трыма птушкамі.
У сярэднім за светлавы дзень дастаўлялася 50-70 галубаграм (так завуцца пасланні, якія дастаўляюць галубінай поштай), а часам іх лік перавышаў сотню. За ўвесь час вайны было дастаўлена 15000 дэпеш. Апроч тэрміновых данясенняў гераічныя птахі ажыццяўлялі баявыя вылеты, дастаўляючы ў тыл ворага запальныя снарады.
Неацэнную дапамогу падчас вайны аказвалі салдатам і іншыя жывёлы: сабакі, коткі, коні, вярблюды, аслы, дэльфіны і нават звычайныя шэранькія мышы. Сабак выкарыстоўвалі пры размініраванні тэрыторый, аказанні дапамогі параненым на поле бою, пры падрыве танкаў і чыгуначных пуцей. Коткі ратавалі хаты ад пацукоў, коні, нават ласі выкарыстоўваліся партызанамі для перавозак у лясах, а байцамі – на фронце, Дэльфіны падрывалі фашысцкія падводныя лодкі, аслы і вярблюды дапамагалі людзям у стэпавых і горных мясцовасцях, мышы перагрызалі праводку ў танках ворага. Усім гэтым хітрасцям навучалі кемлівых жывёл людзі, а потым ганарыліся іх подзвігамі. Пасля вайны ўзвялі мноства помнікаў жывёлам-героям: кату Елісею і котцы Васілісе ў Санкт-Пецярбургу, вярблюдам Машцы і Мішку ў Ахтубінску, манумент сабакам-падрыўнікам у Валгаградзе – і гэта толькі малая частка. А легендарны сабака па мянушцы Джульбарс, з дапамогай якой было размініравана 7468 мін і больш за 150 снарадаў, быў ўзнагароджан медалем "За баявыя заслугі".
Гэты аповед на рускай мове
1.05.16