Цацачная Снягурка (чытае аўтар)
Кожны год перад Новым годам Дзед Мароз у сваёй сядзібе на далёкай Поўначы атрымліваў мяшкі з лістамі ад дзяцей. Гэтым разам ён атрымаў ліст ад дырэктара зімовага дзіцячага лагера. "Хутка, – пісаў дырэктар, – да нас прыедуць адпачываць школьнікі на зімовыя канікулы. Мы, працаўнікі дзіцячага лагера, рыхтуемся да сустрэчы з імі. Ужо паставілі ў нашай канцэртнай зале навагоднюю Ёлку. Але, упрыгожваючы яе, заўважылі, што ў нас няма цацачнага дзеда мароза і снягуркі. Я з'ездзіў у краму і купіў цацачнага дзеда мароза, а снягуркі там не было. Калі ласка, дарагі Дзядуля Мароз, прышлі нам цацачную снягурку ў наш лясны дзіцячы лагер па адрасе: Хваёвы Бор №5, Вялікая паляна, хата з чырвоным чарапічным дахам.
Прачытаўшы ліст, Дзед Мароз стаў шукаць у мяшках з падарункамі, прыгатаванымі для дзятвы, цацачную снягурку. Але яе і там не было. Стары задумаўся. Ён успомніў што кожны раз, адвозячы навагоднія падарункі, праязджае міма драўлянай хаткі. Каля брамкі яго заўсёды сустракае маленькая дзяўчынка з бялявымі валасамі і ўсмешкай на расчырванеўшымся тварыку. Дзед Мароз не аднойчы дарыў ёй навагоднія падарункі са смачнымі шакаладнымі цукеркамі. А цяпер яна змагла б яму дапамагчы. З'ездзіла б да дзетак і стала на час навагодняга свята іх цацачнай снягуркаю. Гэтая дзяўчынка такая маленькая! Яна падобная на сапраўдную лялячку!"Я папрашу бабулю адпусціць унучку ў вандраванне толькі на адзін дзень – на навагодняе свята. А потым яна вернецца. Мой вясёлы сябрук Ветрык хутка прымчыць яе назад дахаты", – вырашыў Дзед Мароз.
Узяўшы з сабой маленькія хрустальныя саначкі для будучай Снягуркі і пасадзіўшы ў свае хуткасныя санкі зайчанят, Дзед Мароз панёсся ў паўднёвы бок Зямлі раздаваць падарункі дзецям.
Па дарозе ён заехаў у тую самую хатку і расказаў пра ўсё бабулі. Яна доўга сумнявалася, ці адпускаць унучку ў далёкае вандраванне. Але сама дзяўчынка вельмі жадала паехаць і так упрошвала бабулю, што тая, нарэшце, пагадзілася.
– Мая дарагая, глядзі, будзь асцярожнай! Добра трымайся за санкі, каб па дарозе не зваліцца з іх. Атулі галоўку пуховай хустачкай, трусіны кажушок надзень, ён цёплы, ды пра валёнкі не забудзься.
– Якая хустачка, які кажушок, ды яшчэ і валёнкі! – абурыўся Дзед Мароз. – Яна будзе Снягуркай! І ўбор у яе павінен быць, як у сапраўднай Снягуркі!
Дзядуля ўзяў свой чароўны кій і пастукаў ім аб зямлю. У тое ж імгненне дзяўчынка стала зусім другой. У які цудоўны беласнежны ўбор з карункавымі рукавамі і каўнерыкам, з пазалочаным паяском цяпер яна была апранута! А на галоўцы ў яе з'явілася чароўная карона з хрусталю, упрыгожаная каштоўнымі камянямі.
– А цяпер у дарогу! – прамовіў Дзед Мароз.
Сам ён сеў у вялікія санкі, запрэжаныя неверагодна моцнымі і хуткімі цуда-канямі, а Снягурку пасадзіў у маленькія саначкі з перламутравага хрусталю. І яны панесліся: Дзед Мароз з зайчанятамі і навагоднімі падарункамі для дзяцей паляцеў на поўдзень у хуткасных санках, а Снягурка ў хрустальных саначках, якімі кіраваў паўночны Ветрык, адправілася на ўсход, па адрасе: Хваёвы Бор №5, Вялікая паляна.
Маленькая Снягурка, а па-сапраўднаму дзяўчынка Каця, нават не паспела ні пра што падумаць і нічога разглядзець з вышыні, бо санкі несліся па небе! Праз некаторы час яна апынулася на паляне ў густым лесе. Вакол – хвоі да неба, снег па пояс, а з трубы на чырвоным даху хаты струменіцца дымок. "Там печка топіцца, – падумала Кацюша, – значыцца, будзе цёпла". Яе святочны ўбор быў хоць і цёплым, але ўсё-такі не абараніў вочкі і носік дзяўчынкі ад ледзянога холаду. Яны адубелі. Каця пачала старанна расціраць іх рукавіцай, як яе вучыла бабуля.
"Я потым прыеду за табой", – шапнуў Ветрык і тут жа знік. Дзяўчынка паставіла санкі каля брамкі і націснула на званок.
Дзверы ачыніў сам дырэктар дзіцячага лагера:
– Цябе даслаў да нас сапраўдны Дзед Мароз? – запытаўся ён.
– Так, – адказала Каця. – Ён даў мне ўбор Снягуркі.
– Якая цудоўная Снягурка! – усклікнула выхавальніца. Яна падбегла к дзвярам і з цікаўнасцю разглядала Кацюшу. – Так ты не цацка, а жывая дзяўчынка? Гэта нават добра! Пастаіш пад Ёлкай побач з нашым цацачным Дзедам Марозам, а потым будзеш з дзецьмі вадзіць карагод і раздаваць падарункі.
– Добра, – пагадзілася Каця.
– Вось і выдатна! Нашы дзеці ўжо прыехалі. Яны ўладкоўваюцца ў сваіх пакоях і хутка прыйдуць сюды, – сказаў дырэктар.
Ён адчыніў дзверы ў вялікую танцавальную залу і падвёў Кацю да высокай Ёлкі. Як толькі дзяўчынка ўдыхнула пах ігліцы і паглядзела знізу ўгару на шыкоўнае ўбранне навагодняй Ёлкі, яна адразу ж адчула, што ператвараецца з жывой дзяўчынкі ў цацку! Яе цела знерухомела. Яна спынілася поруч цацачнага Дзеда Мароза, зірнула ў яго вясёлыя вочы і застыла. Так, так! Цяпер яна не магла паварушыць ніводным пальчыкам, нават вочкі яе не заплюшчваліся. Вось толькі ўсё, што рабілася навокал, яна бачыла і разумела.
Неўзабаве ў залу набегла дзятва. Усе глядзелі на Ёлку, на яе бліскучыя банцікі і шары, нават убор цацачнай Снягуркі разгледзелі з усіх бакоў і памацалі яе чароўную карону. Дырэктар і выхавальніца спачатку вельмі здзівіліся такому нечаканаму ператварэнню Снягуркі з жывой дзяўчынкі ў цацку. Але потым усё зразумелі – гэта выхадкі сапраўднага Дзеда Мароза.
Увесь вечар дзеці вадзілі карагод вакол Ёлкі, спявалі песні, танчылі, распавядалі вершы. А потым сустакалі Новы год. Дырэктар, перапрануўшыся ў Дзеда Мароза, а выхавальніца – ў Снягурку, дарылі ўсім падарункі. Да сярэдзіны ночы ў зале гарэла святло, і шумелі дзеці. Нарэшце, стаміўшыся ад свята, усе паволі разышліся па сваім пакоям. А ў пустой зале засталася толькі ўпрыгожаная навагодняя Ёлка.
Першай ад святочнай мітусні ачнулася перламутравая Зорачка на верхавіне Ёлкі.
– О-хо-хо! – бразнула яна, паварушыўшы сваімі тонкімі хрустальнымі вугалкамі. – Як цяжка нам, навагоднім цацкам, у такія дні. Усе шумяць, гамоняць. Яшчэ добра, што Ёлку не перакулілі. А то я б разбілася!
– І я, і я, і я б разбілася! – зазвінелі з усіх бакоў Ёлкі шкляныя шары і цацкі.
– А мне б нічога не было, – пахваліў сябе пластмасавы Конік.
– Так, так, ты ў нас дужы! – падтрымалі Коніка крышталёвыя сняжынкі.
Снягурка слухала ўсю гутарку і адчувала, як ізноў ажывае. Яе пальчыкі сталі цёплымі, вочкі замаргалі, і яна сказала:
– А мне ўжо пара вяртацца.
– Куды? – разам спыталі цацкі.
– Дахаты, да бабулі, бо я прыехала да вас толькі на адну ноч. Там ля брамкі стаяць мае хрустальныя санкі. Зараз за мной прыляціць Ветрык.
Каця хутка праціснулася ў шчылінку дзвярэй і ўцякла на двор. Але яе санак каля брамкі не было!
– Куды яны зніклі? – спалохалася Каця.
– Іх выкралі зайцы! – каркнула Варона. – Ты іх не знойдзеш! Яны далёка ўцяклі.
– А што ж мне зараз рабіць, – заплакала малая. – Як я вярнуся дахаты?
– Не плач, Снягурка! – грукнуў капытком Конік.
Гэта ён саскочыў з Ёлкі і прыбег на дапамогу дзяўчынцы, як толькі пачуў, што яна плача.
– Добры Конік! Як жа ты дапаможаш мне? – спытала Каця. – Ты ж не ведаеш дарогу да маёй хаты.
– Цяпер я не просты, а чароўны Конік. Дзядуля Мароз ведаў, што ўсё можа здарыцца. На ўсякі выпадак ён паведаміў мне адрас і растлумачыў, як дабрацца да тваёй хаты. А яшчэ ён перадаў мне чароўны пароль. Зараз сядай на мяне і моцна трымайся!
Як толькі Каця села на Коніка, ён грукнуў правым капытком аб зямлю і прамовіў сакрэтныя словы:
– Раз, два, тры! Новы год, чараўніцтва ствары!
І тут жа, быццам у казцы, у Коніка выраслі вялікія крылы! Ён узмахнуў імі, як птушка, і паляцеў! Каця, з усяе сілы, прыціснулася да Коніка, абхапіўшы яго за шыю. Яна нават не паспела апамятацца, як ён апынуўся каля яе хаты. Бабуля выйшла на ганак і абняла ўнучку.
– Дзякуй, дарагі Конік, што выручыў мяне! – цешылася Каця такому шчасліваму вяртанню дахаты. – Ляці назад! Цябе чакаюць навагоднія цацкі. Я заўсёды буду ўспамінаць усіх вас і гэтае чароўнае свята!
І добры Конік паляцеў назад да сваіх сяброў, бо там была яго хата. А Каця разам з бабуляй яшчэ доўга сядзелі за столікам у ўтульным пакойчыку, дзе гарэла свечка, і зіхацелі цацкі на маленькай навагодняй Ёлачцы, дзе пахла пернікамі і мандарынкамі.
– Твой тата толькі две гадзіны таму вярнуўся з камандзіроўкі. Усё пытаўся пра цябе. Не паспеў гадзіннік прабіць апоўнач, як ён, стомлены, пайшоў у спальню і адразу заснуў, – распавядала бабуля.
– Добра! Хай паспіць з дарогі, – адказала Каця.
Ёй было ўжо восем гадоў. Але яна чамусьці дрэнна расла і была падобная на Дзюймовачку...
– Я жадаю табе падрасці за гэты год на пяць альбо нават на дзесяць сантыметраў! – усміхнулася бабуля. – Тады Дзед Мароз ужо не папросіць цябе замяняць цацачную Снягурку.
А Каця яшчэ доўга ўзгадвала сваё неверагодна цікавае казачнае вандраванне і зусім не шкадавала, што на кароткі час ператварылася ў цацку і дарыла навагодні настрой дзецям.
p.s. карціна мастачкі Эльгі Паповай "Зімовая казка"
Гэтая казка на рускай мове
15.03.16