
Дранікі
Здарылася гэтая гісторыя зусім нядаўна, у наш час, калі ва ўсіх кватэрах ёсць камп’ютэры і нават інтэрнэт, з дапамогай якога можна знайсці новых сяброў.
Пазнаёміліся хлопчык Саша і дзяўчынка Аксана. Ён жыў у Беларусі, яна – ва Ўкраіне. Пазнаёміліся і пасябравалі яны яшчэ дзецьмі, а калі выраслі і сталі маладымі прыгожымі хлопцам і дзяўчынай, то вырашылі пажаніцца.Прыехала Аксана да свайго будучага мужа ў Беларусь і засталася жыць. Раніцай Саша ішоў на працу, а Аксана заставалася ў хаце за гаспадыню. А трэба сказаць, што з хатнімі справамі дзяўчына спраўлялася вельмі добра. Да прыходу хлопца з працы на стале яго ўжо чакаў смачны ўкраінскі боршч, катлеты па-кіеўску, галушкі. Жонка – добрая майстрыха. Світэр мужу звязала, ды і ў хаце ў іх заўсёды было чыста прыбрана.
Хваліў Саша жоначку:
– Ты такая ўмеліца, мне вельмі пашанцавала з табой!
Аднойчы папрасіў ён яе прыгатаваць яму на вячэру дранікі з бульбачкі.
– Добра, – паабяцала Аксана, хоць ні разу ў жыцці іх не гатавала.
Але ёй сорамна было ў гэтым прызнацца каханаму. Саша пайшоў на працу, а Аксана, сумна нахмурыўшы лобік, глядзела на бульбу ў кошыку, не ведаючы як з яе зрабіць любімую страву яе мужанька.
Так, так! Ён казаў:
– Ведаеш, мая бабуля гатавала такія смачныя дранікі! Толькі паглядзіш на іх, адразу слінкі пацякуць. А калі памочыш у смятанку, то, наогул, можна язык праглынуць!
Вось сядзіць Аксана перад кошыкам, зажурылася. Узяла бульбачку ў руку, паглядзела. А яна такая незвычайная: вось галоўка, вось тулава, вось ножкі і ручкі! Цікава!
І тут раптам бульбачка выслізнула ў дзяўчыны з рукі і ў бульбянога чалавечка абярнулася. Паглядзеў чалавечак на гаспадыньку і кажа:
– Я ведаю, як прыгатаваць дранікі. Начысці каструльку бульбачкі, потым сатры яе не тарцы дробна-дробна ў кашыцу, пасалі, дадай ледзь-ледзь пітнай соды, яйка, трохі кефіру і мукі, перамяшай. І ўсё! Тваё цеста для дранікаў гатовае.
Узрадавалася Аксана. Усё хутка зрабіла і спякла на сланечнікавым алее на скаварадзе дранікі. Яны ў яе атрымаліся мяккія, духмяныя з бліскучымі скарыначкамі па краях. Паспрабавала Аксана свае бульбяныя аладкі – аб'ядзенне!
Да Сашынага прыходу на стале стаяла талерка з дранікамі і сподачак са смятанай.
– Ох, як смачна пахне! – з парога ўсміхнуўся малады муж сваёй ненагляднай жоначцы.
А яна хітра ўсміхнулася ў адказ, так і не адкрыўшы мужу таямніцу пра бульбянога чалавечка.
Праз пару дзён, калі Аксана вырашыла зноў спячы Сашы яго любімую страву, яна ўжо не знайшла ў кошыку тую цікавую бульбіну ў выглядзе чалавечка, які навучыў яе гатаваць дранікі. Дзяўчына абшукала ўсё на кухні, дакладна ведаючы, што гэты незвычайны чалавечак быў тут! Але ён так і не знайшоўся.
Што ж! Магчыма, чароўны чалавечак сышоў у другую хату, каб дапамагчы такой жа, як Аксана, маладой гаспадыньцы, прыгатаваць дранікі.
Такія смачныя бульбяныя аладкі!
Гэтая казка на рускай мове
7.03.16